Некалькі словаў пра слова “Біблія”

p66_1
Папірус p66 з часткай Евангелля Яна, 200 г. пасля Р.Х.

На старонках Новага Запавету трыццаць чатыры разы нам сустракаецца слова, адпаведнае слову «Біблія»: βιβλίον. Гэтым словам пачынаецца Новы Запавет, яно працінае ўсе Евангеллі (акрамя Евангелля ад Марка), тройчы прысутнічае ў пасланнях апостала Паўла (да Галатаў, другім да Цімафея, двойчы – ў пасланні да Габрэяў), шматразова выкарыстоўваецца ў Апакаліпсісе. Перакладчыкі часцей за ўсё вызначаюць яго як «кніга», хаця сустракаем і іншыя варыянты: «сувой», «звітак» (у перакладзе Янкі Станкевіча). Грэцкае слова, па гучанні адпавядае «Біблія» – βιβλία – гэта множны лік ад вышэйузгаданага βιβλίον, зразумелае старажытным як сувоі, скруткі – кнігі, якія былі напісаныя на папірусе… Гэты матэрыял для пісання не вырабляўся ў старажытнай Грэцыі – увесь тагачасны адукаваны свет карыстаўся папірусам, які дастаўляўся з Егіпта.

Для вырабу папірусу выкарыстоўвалася аднайменная водна-балотная расліна«лыка папіруса»(Cyperus papyrus), якая належыць да сямейства асаковых. У старажытнасці дзікарослы папірус быў распаўсюджаны ў дэльце Нілу. Для вырабу матэрыялу для пісання выкарыстоўвалася сцябло расліны з мяккім стрыжнем. Тоўшчы валаконаў, што знаходзіліся пад шалупіннем, вызваляліся і вычышчаліся практычна да стрыжня, наразаліся стужкамі, складваліся ўздоўж і поперак. Іх прыціскалі на некаторы час плоскім камянём, а пасля пакідалі зсохвацца на сонцы. Пасля гатовы аркуш, які называўся χάρτης, пачыналі адбіваць малатком і максімальна выгладжвалі. Аркушы былі склеенымі адзін з адным, першы называўся προτόκολλον. У выніку атрымлівалася доўгая стужка, якая захоўвалася скручанай у сувой. «Чыстым» бокам (лат. recto), на якім пісалі, ставаўся той, дзе стужкі былі складзеныя поперак. У пазнейшыя часы з сувояў папіруса сталі фарміраваць кнігі (лат. codex).

Таксама ў старажытнасці нароўні з папірусам ужываўся пергамент, вынайдзены Яўменам Пергамскім, а для ліставання ужываліся спецыяльныя дошчачкі (πίνακες, δέλτοι), пераважна аблітыя воскам (μάλθη). Для пісання на папірусе выкарыстоўваліся пэндзлі са сцёблаў раслінаў роду Сітніца (Juncus) ці Трыснёг (Phragmites), пазней сталі выкарыстоўваць пёры з падвоеным канцом.

Нягледзячы на тое, што грэцкае слова πάπυρος увайшло ў шматлікія сучасныя мовы і замацавалася, напрыклад, не толькі як «папірус», але і як сучасны матэрыял для пісання – (у беларускай – «папера», у французскай – «papier», у нямецкай – «Papier», у англійскай – «paper», у іспанскай – «papel», ва ўкраінскай – «папір» і гэтак далей), для старажытных грэкаў папірус (πάπυρος) перш за ўсё значаў саму расліну, з якой вырабляўся матэрыял для пісання.  Сувоі з напісаным тэкстамяны называлі словам βιβλία.Справа ў тым, што фінікійскі порт Губла на беразе Міжземнага мора (у 32 км ад Бейрута— цяперашняй сталіцы Лібана), праз які вывозіўся егіпецкі папірус, у Грэцыі быў вядомы пад назвай Бібл. У наш час на месцы старажытнага Бібла знаходзіцца арабскі горад Джэбейль.

Усё, што грэкі пісалі на папірусе, пачалі называть «βιβλία» – любыя світкі, лісты, дакументы, рукапісы, зборы сачыненняў[1]. На тле адрознення адной літары ў назве горада і назве сувояў папіруса фанетычную блізкасць «Βύβλος» і «βιβλία» наўрад ці можна патлумачыць як выпадковае супадзенне; тут, безумоўна, ёсць сэнсавая сувязь, якую даводзіць нямецкі егіптолаг Курт Зетэ[2].

У VIII ст. егіпецкі папірус паступова пачаў замяняцца паперай, якая патрапляла ў Еўропу з Кітая праз Багдад[3]. Аднак у арабскім Егіпце да IX ст. н. э. (калі не пазней) папірус працягваў заставацца шырока распаўсюджаным матэрыялам для пісання, прычым яго выраблялі прыблізна гэтак жа, як і ў старажытныя часы[4].

У дачыненні да кніг Старога і Новага Запавету назва «Біблія» паўстала на Усходзе ў IV стагоддзі н. э. дзякуючы святым Яну Златавуснаму і Эпіфанію Кіпрскаму. Габрэі выкарыстоўвалі назву «Сэфарым» (Сфарым) адносна Святога Пісання, перакладаючы яе як «кнігі». Верагодна, што назва «βιβλία» у значэнні Бібліі з’яўляецца калькаю гэтага слова.

 

Ксёндз Сяргей Сурыновіч для КРЫНІЦА.INFO

 

Нататкі

 

[1] пар. Еврейская энциклопедия. Т. 9. Стб. 214—215. Bruce F. F. The Books and the Parchments. 1963. P. 112.

[2] пар. К. Sethe, Der Ursprung des Alphabets, Berlin, 1926, Ss. 142–143.

[3] J. Černy, Paper and books in Ancient Egypt, p. 1.

[4] Тамсама.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі