Ганенні на хрысціянаў у Данбасе і Крыме: хроніка пераследу

сепаратыстыСітуацыя апошняга паўгода ва ўкраінскіх Данбасе і Крыме не зыходзіць са зводак сусветных інфармацыйных агенцтваў. Акупацыя Расеяй Крыму, якая рушыла за ўкраінскай рэвалюцыяй, а затым і вайна ў Данецкай і Луганскай абласцях прывялі да гібелі тысяч людзей, сотні тысяч апынуліся бежанцамі.

Становяцца ахвярамі сутыкненняў і хрысціянскія служыцелі. КРЫНІЦА.INFO прапануе сваім чытачам азнаёміцца ​​з хронікай пераследу хрысціянаў падчас канфлікту ва Украіне за апошні час. У матэрыяле мы пастараліся сабраць сведчанні аб ганеннях, якія паступаюць ад розных Цэркваў, незалежна ад таго, прадстаўнікі якога з варагуючых бакоў пераследвалі хрысціянскіх служыцеляў.

15 сакавіка ў Крыме так званай «самаабаронай Крыму» быў выкрадзены грэка-каталіцкі святар Мікалай Кліч. На дзвярах памяшканняў іншых святароў з’явіліся надпісы «Прэч адсюль, шпіёны Ватыкана!». У выніку Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) была вымушана эвакуяваць сваіх служыцеляў з паўвострава.

25 красавіка пра пераслед з боку новых уладаў Крыму заявілі ва Украінскай праваслаўнай царкве Кіеўскага патрыярхата (УПЦ КП). Так, было заяўлена, што ў Севастопалі у Царквы фактычна адабраны храм Святога Клімента Рымскага на тэрыторыі Вучэбнага атрада ВМС, у Перавальным (Сімферопальскі раён) — храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы, на яго настаяцеля і вернікаў аказваўся псіхалагічны ціск.

1 чэрвеня ў Перавальным узброеныя людзі ў форме расійскіх казакоў разграмілі храм Пакрова. Пры гэтым пацярпелі цяжарная прыхаджанка і хворая на цэрэбральны параліч дачка святара.

9 чэрвеня ў Славянску прарасійскія сепаратысты выкралі двух сыноў 24 і 30 гадоў пастара Славянскага аддзялення пратэстанцкай «Царквы Праабражэння Гасподняга» Аляксандра Павенкі, а таксама двух служыцеляў царквы — Віктара Брадарскага (40 гадоў) і Уладзіміра Велічко (41 год). Выкрадзеных спачатку катавалі, а затым расстралялі. Целы забітых былі пахаваныя ў агульнай магіле на тэрыторыі дзіцячай бальніцы Славянска.

3 ліпеня ў захопленым прарасейскімі сепаратыстамі Данецку прапаў святар УГКЦ Ціхан (Сяргей Кульбака). 15 ліпеня баявікі вызвалілі айца Ціхана.

8 ліпеня ў Данецку баевікі выкралі протаіерэя УПЦ КП Юрыя Іванова. Раней прадстаўнікі так званай «Данецкай народнай рэспублікі» ужо прыязджалі да святара і патрабавалі, каб ён ад свайго імя выклікаў да сябе дадому архіепіскапа Данецкага УПЦ КП Сергія. Аб вызваленні святара стала вядома 31 ліпеня.

9 ліпеня ДНРаўцы захапілі Данецкі хрысціянскі універсітэт.

16 ліпеня ў Горлаўцы баявікі «Данецкай народнай рэспублікі» затрымалі святара рымска-каталіцкай царквы Віктара Вансовіча. 25 ліпеня тэрарысты адпусцілі святара.

17 ліпеня падчас літургіі ў Васкрасенскім храме Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП) Славянска ўвайшла група ўзброеных асоб, якія сталі пагражаць настаяцелю храма Віталю Вясёламу.

18 ліпеня тэрарысты каля горада Антрацыт узялі ў палон пастара-місіянера з Луганска Анатоля Карпенку, які перавозіў перасяленцаў з зоны баявых дзеянняў. Узброеныя людзі спынілі аўтобус, выгналі пасажыраў, а пастара з кіроўцам закавалі ў кайданкі і павезлі ў невядомым кірунку. 20 ліпеня стала вядома, што пастар на волі.

19 ліпеня ўкраінскімі ваеннымі дапытаны ў кайданках з пагрозамі забойства благачынны Мікалаеўскага акругі Горлаўскай епархіі УПЦ МП Андрэй Чычарында.

20 ліпеня каля Славянска узброеныя людзі прымусілі протаіерэя Вадзіма Ябланоўскага (УПЦ МП) капаць сабе магілу, а протаіерэя Віктара Стратовіча ў той жа дзень закавалі ў кайданкі і павезлі з мяшком на галаве ў лес, дзе дапытвалі, паставіўшы на калені.

21 ліпеня ў акупаваным Расіяй Крыме невядомыя спалілі дачны дом архіепіскапа УПЦ КП Клімента ў сяле Мармуровае Сімферопальскага раёна. Па словах іерарха, падпал быў папярэджаннем аб тым, што наступным могуць падпаліць размешчаны побач храм Праабражэння Гасподняга.

27 ліпеня пад Ілавайскам (Данецкаяя вобласць) тэрарыстамі выкрадзены пратэстанцкі пастар Царквы Хрыстовай Аляксандр Кобзеў. 6 жніўня яго вызвалілі з палону.

30 ліпеня ў вёсцы Чырвонаармейскай (Данецкая вобласць) група ўзброеных людзей абшукала дом протаіерэя УПЦ МП Ігара Сергіенкі, якога абражалі, абвінавачвалі ва ўдзеле ў дзейнасці падпольных арганізацый, пагражалі катаваннямі, патрабавалі пакінуць краіну. У той жа дзень у Амвросіеўскім раёне Данецкай вобласці ўкраінскія вайскоўцы затрымалі протаіерэя Яўгена Падгорнага, якога звязалі, кінулі на зямлю і пачалі збіваць. Ваенныя стралялі над яго галавой, прымушаючы прызнацца ў дапамозе тэрарыстам. Дзякуючы ўмяшанню прыхаджан протаіярэя вызвалілі.

31 ліпеня пры абстрэле жылых кварталаў Луганска пацярпеў і неўзабаве памёр ад атрыманых раненняў святар УПЦ МП Уладзімір Краслянскі.

7 жніўня ў выніку прамога траплення артылерыйскага снарада згарэў драўляны Благавешчанскі храм УПЦ МП ў Горлаўцы.

13 жніўня баявікі «Данецкай народнай рэспублікі» адабралі будынак царквы «Слова жыцця» Украінскай хрысціянскай евангельскай царквы.

19 жніўня тэрарысты «ДНР» захапілі памяшканне жаночага грэка-каталіцкага кляштара Усіх святых ўкраінскага народа сясцёр служэбніц ў Данецку. Сясцёр у манастыры не было, бо яны пакінулі Данецк ў ліпені з меркаванняў бяспекі. Таксама паведамляецца аб здзеках тэрарыстаў над кафедральным саборам УГКЦ ў Данецку.

Супрацьстаянне працягваецца …

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
22.08.2014 У свеце| Тэгі:




Блогі