Памёр адзін з аўтараў незалежнасці Беларусі

гюнтэр
Фота – facebook.com/siarhiej.navumchyk

У Мінску, не дажыўшы зусім трошкі да 71-й гадавіны, памёр дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання Барыс Гюнтэр. Развітанне з ім адбудзецца 23 жніўня.

Барыс Гюнтэр нарадзіўся 2 верасьня 1943 году. У 1990 годзе абраны ў Вярхоўны Савет. Быў актыўным сябрам Апазіцыі БНФ, сябрам яе Ценевага Кабінету. Быў сакратаром Камісіі ВС у пытаннях працы, цэнаў, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва, уваходзіў у склад Часовай камісіі ВС па ацэнцы дзейнасці службовых асобаў у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Прымаў удзел у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі незалежнасці Беларусі 27 ліпеня 1990 году, быў адным з аўтараў пакету дакументаў, што ляглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 году рашэнняў аб абвяшчэнні незалежнасьці Беларусі.

У студзені 1991 году ў складзе дэлегацыі Апазіцыі БНФ наведаў Вільні, у якую былі ўведзеныя савецкія войскі дзеля падаўлення імкнення літоўцаў да незалежнасці. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў ВС Беларусі 11-12 красавіка 1995 году супраць рэферэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, прыняцці новых дзяржаўных сімвалаў, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
22.08.2014 Беларусь|




Блогі