Танах і Стары Запавет

танахСтары Запавет — першая, найстаражытнейшая з дзвюх (роўна як і Новы Запавет), частка Бібліі, агульна прынятая як юдаізмам, такі хрысціянствам.

Кнігі Старога Запавету былі напісаныя ў перыяд з XII па IІ ст. да н. э.на габрэйскай мове, за выключэннем некаторых частак кніг Даніэля(2:4— 7:28) і першай кніга Эздры (4:8 — 6:18; 7:12-26), напісаных на арамейскай мове[1]. Кнігі Тобіі, Юдыты і Мудрасці Сіраха дайшлі да нас толькі ў грэцкім перакладзе. Кніга мудрасці Саламона і другая кніга Ездры напісаныя на грэцкай мове. Трэцяя кніга Ездры захавалася толькі на лацінскай мове, хаця арыгінал быў напісаны на семіцкай.

Традыцыйная крытыка сцвярджае, што Святое Пісанне з’явілася раней за XIIІ і нават XV ст. да н. э. Аўтарамі Старога Запавету з’яўляюцца шматлікія людзі, некаторыя сучасныя даследчыкі прытрымліваюцца меркавання, што большасць кніг Святога Пісання была напісаныя ананімна[2]. Асноўным зместам Старога Запавету з’яўляецца гісторыя і культурная спадчына народу Ізраэля.

У перыяд з III ст. да н. э. па I ст. н. э. Стары Запавет быў перакладзены на грэцкую мову[3]. Гэты пераклад (Септуагінта) быў прыняты першымі хрысціянамі[4] і адыграў важкую ролю ў фарміраванні хрысціянскага канону Старога Запавету.

Тэрмін «Стары Запавет» з’яўляецца калькай з грэцкай мовы (Παλαιὰ Διαθήκη) у дакладным перакладзе на стараславянскую («ветъхъ»— стары, старажытны[5]). Старагрэцкае слова παλαιὰ абазначае «папярэдні; той, што быў раней», аδιαθήκη –саюз, пагадненне, дамову ці запавет[6]. Гэтым словам стваральнікі Септуагінты перадавалі старагабрэйскае ברית («брыт» — дамова, пагадненне[7]).

У біблійным свеце «запавет» быў шырока распаўсюджаным тыпам узаемаадносінаў і выяўляўся ва ўрачыстым пагадненні бакоў, якое суправаджалася даваннем клятваў. Запавет, заключаны паміж людзьмі, часта значыў узаемную дамову пра супрацоўніцтва ці пра мір. Гэткі запавет мог быць дамовай паміж прыватнымі асобамі, дамовай паміж царом і прыватнай асобай, пагадненнем паміж царамі ці дзяржавамі.

Другі тып запавету абазначаў урачыстае абяцанне аднабаковага характару, свайго роду прысягу, зарок, дзе адзін з бакоў абяцаўся выконваць пэўныя дзеянні. Асаблівым відам з’яўляўся запавет, які заключаўся паміж Богам і чалавекам. Такі запавет мае падабенства з дамовай аб наданні кіраўнічых правоў сваім падданым, шырока распаўсюджанай на Блізкім Усходзе.

Упершыню тэрмін «Стары Запавет» з’яўляецца ў другім пасланні апостала Паўла да Карынцянаў 3:14, ён сугучны Майсееваму Закону, запісанаму ў Пяцікніжжы. Магчыма, аўтар традыцыйна разумее яго як абавязак, накладзены Богам на народ (пар. Пасланне да Габрэяў 9:1). У алегорыі пра Сару і Агар у пасланні да Галатаў 4:25,апостал Павел супрацьстаўляе Сінайскі Запавет — Новаму Запавету Ізраэля, які ўжо не з’яўляецца аброкам, але заснаваны на жывых узаемаадносінах паміж Богам і чалавекам.

Адносна кніг габрэйскага Святога Пісання і хрысціянскіх кніг Бібліі тэрміны «Стары Запавет» (Παλαιὰ Διαθήκη) і «Новы Запавет» (Καινή Διαθήκη) з’явіліся ўпершыню ў II ст. н. э. у працах раннехрысціянскіх пісьменнікаў Мелітона Сардыйскага і Арыгена[8]).

Стары Запавет у залежнасці ад зацверджанага канону складаецца з наступнай колькасці кніг:

• 39 кніг налічвае габрэйскі канон і пратэстанцкія плыні. Старажытны, традыцыйны канон складаецца з 39 кніг, але налічвае 22, па ліку літараў габрэйскага алфавіта, злучаючы некаторыя кнігі ў адну (у некаторых крыніцах 24); усе кнігі габрэйскага канону першапачаткова былі агульнапрынятыя хрысціянскімі супольнасцямі;

• 46 кніг налічвае каталіцкі канон (альбо 47, калі Пасланне Ераміі вылучыць у асобную кнігу, а не разглядаць як шосты раздзел кнігі Баруха);

• 49 кніг налічвае праваслаўны канон (больш у залежнасці ад мясцовай традыцыі, з улікам усіх кніг, змешчаных ў Септуагінце).

 

Габрэйскі, ці традыцыйны канон

 

Габрэйская назва Старога Запавету «Сэфарым» найчасцей агучваецца як «ТаНаХ», уяўляючы з сябе абрэвіятуру-акронім, дзе зычныя паказваюць на тры часткі габрэйскага канону: Тора (Закон), альбо Пяцікніжжа Майсея (πεντάτευχος), Нэбіім, альбо Н’біім (Прарокі) і Кэтувім, альбо К’тувім (Пісанні)[9]. Кнігі Закону (Тора) былі канчаткова адрэдагаваныя і прынятыя каля 444 года да н. э. З ІІ ст. да н. э. былі вядомыя тры раздзелы Святога Пісання: Закон, Прарокі і «астатнія» кнігі, аб чым згадваецца ў Кнізе Эклезіяста (Мудрасці Сіраха) і ў працах Ёсіфа Флавія і Філона Александрыйскага.

Як складаўся канон і з якога часу — гэтага нельга сказаць з дакладнасцю, але варта адзначыць паступовасць яго ўтварэння і ўзбагачэння новымі кнігамі. Указанне на паступовае складанне канону сустракаюцца ў саміх святых кнігах: упісаўшы ў кнігу ўсе словы Закона і перадаючы яе для захоўвання левітам, Майсей загадаў пакласці яе праваруч Каўчэга Запавету. Ісус Навін словы і адкрыцці Бога, якія яму былі аб’яўленыя, упісаў у Кнігу Закона – гэта значыць, далучыў да Пяцікніжжа Майсеевага.

Святыя кнігі захоўваліся ў Святая Святых разам з Каўчэгам Запавету, былі вядомыя лявітам і святарам, дапаўняліся шматлікімі пісаннямі знакамітых габрэйскіх мужоў аб падзеях найноўшых часоў і перапісваліся для рэлігійнага ўжывання.

Ісус узгадвае ў Евангеллі ад Мацвея 5:17 Закон і Прарокаў, таксама ўзгадваюцца гэтыя часткі ў Мц 7:12, Лк 24:27 і іншых. З трэцяй часткі, якая яшчэ не была кананізаванай у часы Новага Запавету, згадавацца Кніга Псальмаў. У I ст. н. э., несумнеўна, існавалі і былі вядомыя ўсе кнігі Танах. Несумнеўна і тое, што ўсе кананічныя кнігі Старога Запавету складалі адно цэлае задоўга да Раства Хрыстовага. Указанне на склад канону і дзяленне кніг на тры часткі мы можам прасачыць у Ісуса, сына Сірахава (за 220 гадоў да н. э.). Пераклад Септуагінты (270 гадоў да н. э.) служыць відавочным доказам таго, што ўсе кананічныя габрэйскія кнігі і некананічныя грэцкія ўваходзілі ў адзін склад праз тое, што яны аб’яднаныя ў гэтым перакладзе.

 

Айцец Сяргей Сурыновіч для КРЫНІЦА.INFO

Заўвагі:

 

[1]              P.R. Ackroyd, C.F. Evans,The Cambridge history of the BibleCambridge, 1975, стр. 1.

[2]              Blenkinsopp, Joseph, «A history of prophecy in Israel» (Westminster John Knox, 1996),183.

[3]              Тов 2003, стр. 130—131.

[4]              Freedman 2000, стр. 216.

[5]              Slovník jazyka staroslověnského, том 1, Praha, 1958. Стр. 183.

[6]              И. Х. Дворецкий, «Древнегреческо-русский словарь», М.: ГИИНС, 1958.

[7]              L. Koehler, W. Baumgartner, J.J. Stamm «The Hebrew and Aramaic Lexicon of the Old Testament», Brill, 2000

[8]              ЕвсевийКесарийский, Церковная история VI, 25:ἐνδιαθήκους βίβλους

[9]              пар. Г.В. Сініла, Біблія як феномен культуры і літаратуры. Ч.І.Духоўны і мастацкі свет Торы: Кніга Быцця, Мн.: Бел. навука, 2003, стр. 5.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі