Кардынал Гузар: уладу, якая засядзелася, можна падагнаць батагом (відэа)

гузар
Photo – zn.ua

Людзі, якія знаходзяцца пры ўладзе, памыляюцца, калі думаюць, што паходжанне ўлады ад Бога дазваляе ім рабіць усё, што заўгодна, што гэта яны ўсталёўваюць правілы ўлады. Пра гэта ў эксклюзіўным інтэрв’ю КРЫНІЦА.INFO заявіў украінскі кардынал, былы зверхнік Украінскай грэка-каталіцкай царквы Любамір (Гузар).

“Улада паходзіць ад Бога, але людзі, якія ў дадзены момант знаходзяцца пры ўладзе, павінны памятаць, што ўлада ад Бога – гэта святая рэч, што ёсць закон Божы. Бог не даў ім уладу рабіць, што яны хочуць. Бог дае ім мажлівасць выконваць Божую ўладу – уладу, якая паходзіць ад Бога. Адным словам, тая ўлада, якая выконваецца згодна з Божай воляй, з Божым законам – гэта тая ўлада, якая паходзіць ад Бога. А тое, што іншыя людзі сабе выдумляюць і прыпісваюць сабе, што яны маюць права ўсталёўваць, што і як рабіць, – гэтая ўлада не ад Бога. Нельга казаць: “Мы вам загадуем, бо мы ад Бога””, – падкрэсліў ён.

“Улада – гэта адказнасць, якую Бог дае тым, хто мае яе выконваць згодна з Божым законам. Калі тыя, хто пры ўладзе, пачынаюць рабіць тое, што ім падабаецца, яны губляюць права быць сапраўднай уладай”, – мяркуе іерарх.

Паводле яго словаў, найбольш дэмакратычны спосаб, што можна рабіць, калі ўлада пачынае парушаць Божы закон і ўсталёўваць свае правілы, гэта змяніць такую ўладу праз выбары і змяняемасць улады. “Але калі ўлада любіць сядзець, то яе можна трошкі батагом падганяць. У найгоршым выпадку магчымае паўстанне, калі людзі фізічна і ўзброена паўстаюць супраць улады. У гісторыі такія выпадкі бывалі, і такая скрайняя сітуацыя можа быць”, – адзначыў кардынал.

Відэа – Георгі Дзмітрук

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі