Вытокі «Крыніцы»: Sektanstwa šyrycca

1de57-clip-223kbКрыніца.INFO працягвае публікацыю матэрыялаў сваёй папярэдніцы – беларускай газеты «Krynica», што выдавалася ў 1917-1940 гадах спачатку ў Петраградзе, затым часова ў Менску і, нарэшце, у Вільні. Газета выдавалася кірыліцай і лацінкай. На гэты раз прадстаўляем вашай увазе матэрыял ад 25 жніўня 1931 года. Публікуем матэрыялы на мове арыгіналу.

Ад рэдакцыі. Просім чытачоў разглядаць артыкул выключна як гістарычны дакумент пра распаўсюд пратэстантызму ў Беларусі, які ў сваіх ацэнках ніякім чынам не адлюстроўвае пазіцыю рэдакцыі КРЫНІЦА.INFO, у склад якой уваходзяць вернікі розных хрысціянскіх цэркваў.

Sektanstwa šyrycca

My nia raz pisali ab relihijnych sektach na biełaruskich ziemlach. Śpiarša jany ŭ našym krai byli słabyja, a ciapier raźwiwajucca i pašyrajucca. Nadowiačy, jak padawała wilienskaje «Słowo», adbywaŭsia «chrost» sektantaŭ u Nawahradčynie, a ŭ našaj redakcyi raskazwaŭ nawočny świedka takoha ž «chrostu» i ŭ pawiecie Pastaŭskim. Naš infarmatar zajaŭlaje, što ŭ Pastaŭščynie wielmi šyroka wiadziecca ahitacyja niejkaj sekty, baptystaŭ, metadystaŭ ci štundystaŭ, akreślić dobra nia moža. Iduć u sektu i prawasłaŭnyja, i kataliki. Niadaŭna adbywalisia abrady «chrostu» hetaj sekty. Chryściacca cełymi dziasiatkami. Pierachodziać u sektu cełyja wioski. Naš razmoŭca zajaŭlaje, što ŭ hutarcy z pierajšoŭšymi ŭ sektu čuŭ takija słowy – «my šukajem praŭdy, my šukajem Boha, my chočam pa božamu žyć». Na slowy našaha infarmatara – čaho wy adychodzicie ad prawasłaŭja ci katalictwa, byli takija adkazy sektantaŭ – «my tam ničoha nia čuli, my tam ničoha nie dawiedalisia». Pierachodziać u sektu, kaža naš razmoŭca, niaświedamyja nacyjanalnyja biełarusy. Świedamyja biełarusy za heta narakajuć na duchawienstwa, jakoje nia choča ci nia moža zrazumieć narodu i nia ŭmieje da jaho padyjści. Sučasnaja akcyja katalickaja, jakuju prawodziać polskija ksiandzy, na naš narod mała robić upływaŭ. Heta rabota nie traplaje da dušy narodu. Świedamyja nacyjanalnyja biełarusy nazywajuć jaje rabotaj polskaj, a niaświedamyja – panskaj. Sektanty kažuć – «my nie pahardžajem panami, ale słuchać ich nia chočam, my chočam słuchać Chrysta i pawodle Jaho nawuki žyć, jak prakanajucca ab praŭdziwaści nawuki Chrysta i pany, dyk i jany pryduć da nas». Sektanty stanowiacca biezadpornyja ŭsialakim biedam i tolki molacca. U sektantaŭ zaŭwažajecca niejkaja mlaŭkaść duchowaja i zaniapad enerhii da zmahańnia ŭ žyćci. Naš infarmatar zajaŭlaje, što treba šukać sposabaŭ i zmahacca z sektanstwam, bo hetaja chwaroba duchowaja moža zusim abiazsilić narod.

 

(Сэктанства шырыцца

Мы ня раз пісалі аб рэлігійных сэктах на беларускіх землях. Сьпярша яны ў нашым краі былі слабыя, а цяпер разьвіваюцца і пашыраюцца. Надовячы, як падавала віленскае «Слово», адбываўся «хрост» сэктантаў у Наваградчыне, а ў нашай рэдакцыі расказваў навочны сьведка такога ж «хросту» і ў павеце Пастаўскім. Наш інфарматар заяўляе, што ў Пастаўшчыне вельмі шырока вядзецца агітацыя нейкай сэкты, баптыстаў, мэтадыстаў ці штундыстаў, акрэсьліць добра ня можа. Ідуць у сэкту і праваслаўныя, і каталікі. Нядаўна адбываліся абрады «хросту» гэтай сэкты. Хрысьцяцца цэлымі дзясяткамі. Пераходзяць у сэкту цэлыя вёскі. Наш размоўца заяўляе, што ў гутарцы з перайшоўшымі ў сэкту чуў такія словы – «мы шукаем праўды, мы шукаем Бога, мы хочам па божаму жыць». На словы нашага інфарматара – чаго вы адыходзіце ад праваслаўя ці каталіцтва, былі такія адказы сэктантаў – «мы там нічога ня чулі, мы там нічога не даведаліся». Пераходзяць у сэкту, кажа наш размоўца, нясьведамыя нацыянальныя беларусы. Сьведамыя беларусы за гэта наракаюць на духавенства, якое ня хоча ці ня можа зразумець народу і ня ўмее да яго падыйсьці. Сучасная акцыя каталіцкая, якую праводзяць польскія ксяндзы, на наш народ мала робіць уплываў. Гэта работа не трапляе да душы народу. Сьведамыя нацыянальныя беларусы называюць яе работай польскай, а нясьведамыя – панскай. Сэктанты кажуць – «мы не пагарджаем панамі, але слухаць іх ня хочам, мы хочам слухаць Хрыста і паводле Яго навукі жыць, як праканаюцца аб праўдзівасьці навукі Хрыста і паны, дык і яны прыдуць да нас». Сэктанты становяцца безадпорныя ўсялякім бедам і толькі моляцца. У сэктантаў заўважаецца нейкая мляўкасьць духовая і заняпад энэргіі да змаганьня ў жыцьці. Наш інфарматар заяўляе, што трэба шукаць спосабаў і змагацца з сэктанствам, бо гэтая хвароба духовая можа зусім абязсіліць народ»).

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі