У Мінску перавыдалі найстарэйшы рукапіс на беларускіх землях – Тураўскае Евангелле

тураўскае27 жніўня, напярэдадні Дня ведаў, Дня беларускага пісьменства і Дня бібліятэк, у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прэзентавалі факсімільнае выданне Тураўскага Евангелля. Выданне падрыхтавана накладам 500 асобнікаў з захаваннем усіх асаблівасцяў арыгінала і ў суправаджэнні гістарычных і кнігазнаўчых каментароў на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Копіі Тураўскага Евангелля плануецца перадаць беларускім і замежным установам навукі, культуры і адукацыі, а таксама 40 знакавым школам краіны, перадае БелТА.

Тураўскае Евангелле – самы старажытны кніжны помнік Беларусі, створаны ў XI стагоддзі. Яго знайшлі ў 1865 годзе ў Тураве ў скрыні з-пад вугалю. Да нашых дзён захаваліся толькі дзесяць старонак помніка, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы ў Вільні.

Тураўскае Евангелле было перапісана на тоўстых аркушах пергаменту каштанавымі чарніламі так званым уставам – буйным, разборлівым, геаметрычна вывераным почыркам. У захаваных фрагментах манускрыпта знаходзяцца 11 ініцыялаў – упрыгожаных вялікіх літар, размаляваных у сіні, зялёны і чырвоны колеры.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі