Эксперты: гэта канец хрысціянскай абшчыны Іраку

Ірак

Развязаная джыхадзістамі з Ісламскай дзяржавы Іраку і Леванту (ІДІЛ) вайна азначае сабой заканчэнне гісторыі хрысціянскай абшчыны Іраку, якая паўстала тут яшчэ ў часы апосталаў. Пра гэта ў інтэрв’ю КРЫНІЦА.INFO заявілі адразу два беларускія эксперты, якія спецыялізуюцца на блізкаўсходняй праблематыцы.

ІДІЛ — палепшаная версія Талібану, ці новая Аль-Каіда

Як адзначае дактарант Вольнага ўніверсітэта Берліна Сяргей Богдан, ІДІЛ — гэта моцна палепшаная версія талібскай дзяржавы ў Афганістане. «Моцна палепшаная у тым сэнсе, што там нашмат больш грошай, там нашмат больш людзей з Еўропы — гэта значыць тых, хто мае лепшую адукацыю, можа лепш праводзіць больш складаныя ваенныя аперацыі, валодаць больш складанымі відамі зброі», — заяўляе ён.

Больш за тое, дадае кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі, ІДІЛ — гэта не проста група ўзброеных людзей, але высокаарганізаваная сацыяльная структура. «Ісламская дзяржава здольна наладзіць забеспячэнне і гаспадарчае жыццё гарадоў, яна аднаўляе разбураную інфраструктуру, здабывае, перапрацоўвае і прадае нафту з захопленых радовішчаў у Сірыі і Іраку. Імітуючы ўладу, ІД выплачвае сваім баявікам зарплату і дапамогу беспрацоўным, збірае падаткі, у рэшце рэшт, яна нават уласныя пашпарты друкуе», — адзначае суразмоўца.

Паводле яго слоў, ІДІЛ пачала зараджацца ў 2003 годзе як рэакцыя на амерыканскае ўварванне ў Ірак. Першапачаткова яна была звязана з ірацкім падраздзяленнем Аль-Каіды і здзяйсняла сваю тэрарыстычную дзейнасць пад кіраўніцтвам Абу Мусаба аз-Заркаві. Пасля ліквідацыі аз-Заркаві ў 2006 годзе адбылася перагрупоўка джыхадысцкіх ячэек, і ў выніку зліцця больш за 15 розных тэрарыстычных груп утварылася «Ісламская дзяржава Ірак» (ІДІ). Пасля далучэння ІДІ ў 2013 годзе да барацьбы супраць рэжыму Башара Асада ў Сірыі яна стала называцца Ісламская дзяржава Іраку і Леванту.

Росту папулярнасці арганізацыі сярод суніцкага насельніцтва Ірака, лічыць Сяргей Богдан, спрыяў той факт, што новае, пераважна прашыіцкае кіраўніцтва Ірака, якое прыйшло на змену Садаму Хусэйну, замест наладжвання жыцця ў краіне займалася часцяком звядзеннем асабістых рахункаў. Актывізацыі і перамогам ІДІЛ шмат у чым спрыяў і вакуум бяспекі, утвораны ў выніку вываду амерыканскіх войскаў з Ірака, дадае Арсень Сівіцкі. На яго думку, дадатковы імпульс развіццю ІДІЛ надалі лівійскі і сірыйскі крызісы, у выніку чаго ў рэгіён сцякліся дзясяткі тысяч джыхадзістаў з усяго свету.

Уступленне ІДІЛ у вайну супраць Башара Асада, адзначае эксперт, справакавала канфлікт з лідарам Аль-Каіды Айманам аз-Завахіры, які загадаў атрадам ІДІЛ вярнуцца назад у Ірак. Замест гэтага ІДІЛ пачала аб’ядноўваць пад сваім сцягам іншыя тэрарыстычныя арганізацыі, беручы ўдзел у баявых дзеяннях як супраць рэжыму Башара Асада, так і іншых паўстанцкіх груповак, якія адмовіліся прысягаць ІДІЛ — Джабхат ан-Нусры (прадстаўніка Аль-Каіды ў Сірыі), Сірыйскай свабоднай арміі і інш. Пасля шэрагу паразаў афіляваная з Аль-Каідай Джабхат ан-Нусра была вымушаная прысягнуць ІДІЛ.

«Па сутнасці, у асобе ІДІЛ ўзнікае «новая Аль-Каіда», якая пераўзыходзіць па сваіх маштабах вядомую нам раней Аль-Каіду пад кіраўніцтвам Усамы бен Ладэна і яго пераемніка — Аймана аз-Завахіры. На нашых вачах ІДІЛ з тэрарыстычнай арганізацыі ператвараецца ў самую сапраўдную квазідзяржаву сеткавага тыпу — «Ісламскі халіфат» (Ісламская дзяржава — ІД). Хоць ІД сёння і лакалізавана на тэрыторыі так званага суніцкага трыкутніка, яна абапіраецца на сетку сваіх паслядоўнікаў па ўсім свеце», — заяўляе кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў.

Паводле яго слоў, на сённяшні дзень ІД кантралюе паўночныя сірыйскія і іракскія тэрыторыі плошчай больш за 40 тыс. квадратных км і з насельніцтвам больш за 3,5 млн чалавек. Шэрагі байцоў ІД налічваюць больш за 80 тыс. баявікоў. «Асаблівасць ІД заключаецца ў тым, што яна з’яўляецца самадастатковай сутнасцю і не залежыць ад знешніх фінансавых паступленняў. Паводле ацэнак блізкаўсходніх аналітыкаў, сёння ІД валодае бюджэтам у $7 млрд. Частка з гэтых фінансавых рэсурсаў ІД змагла кансалідаваць у выніку ўстанаўлення кантролю над шэрагам ірацкіх банкаў, уключаючы філіял Цэнтральнага банка Ірака ў Масуле. Па наяўнай інфармацыі, некаторыя дзяржавы рэгіёну купляюць нафту і нафтапрадукты ў ІД па цэнах ніжэй за рыначныя, што прыносіць даход у іх казну. Іранскія аналітыкі мяркуюць, што ІД таксама фінансуецца Саудаўскай Аравіяй і іншымі манархіямі Персідскай затокі», — падкрэслівае суразмоўца.

У сваю чаргу Сяргей Богдан пакуль не бачыць магчымасці пераўтварэння ІДІЛ ў паўнавартасную дзяржаву. «Безумоўна, гэта вельмі магутны рух, на ўзроўні нашмат вышэй Талібану, але ў іх няма абрысаў дзяржавы. І ідэалогіі, на якой можна было б будаваць дзяржаву ў сучасным свеце, у гэтых людзей няма. Але ва ўмовах слабасці ірацкай дзяржавы, фактычна яе адсутнасці, ва ўмовах існуючай ў Іраку канфрантацыі многія суніты падтрымліваюць Ісламскую дзяржаву, каб, у рэшце рэшт, хтосьці пачаў кіраваць», — адзначае ён.

На яго думку, Ісламская дзяржава не зможа выконваць шэраг важных функцый, але толькі «выпраменьваць гвалт тэрарыстычнага тыпу»: «у ёй могуць быць размешчаныя лагеры для навучання асоб, якія будуць ладзіць тэракты ў Еўропе ці яшчэ дзе-небудзь, але больш сур’ёзныя дзяржаўныя структуры там паўстаць не змогуць».

ІДІЛ: генацыд усіх іншаверцаў

Мэтай ІД, па словах Арсеня Сівіцкага, з’яўляецца стварэнне ісламскай суніцкай дзяржавы на тэрыторыі Сірыі, Ірака і Лівана, а потым распаўсюджванне ян да межаў былога Абасідскага халіфата, які ахопліваў тэрыторыі ад Іспаніі на захадзе да Індыі на ўсходзе. «Прынамсі, цяперашні «халіф» ІД Абу Бакр Аль-Багдадзі апранаецца ў чорныя адзенні, што адсылае да стылю кіраўнікоў Абасідскага халіфата і падкрэслівае пераемнасць гэтай традыцыі», — адзначае суразмоўца.

Тым не менш, лічыць Сяргей Богдан, ІДІЛ, наблізіўшыся да шыіцкіх раёнах, ужо фактычна дасягнула сваіх натуральных межаў. На яго думку, ісламісты яшчэ могуць замацавацца ў слаба мадэрнізаваных раёнах Усходняй Сірыі і прасунуцца да Тыкрыту ў цэнтральным Іраку, але не больш. «ІД вельмі нягнуткая ў ідэалагічным сэнсе. У яе няма шанцаў спадабацца несунітам і нават больш-менш секулярызаваным сунітам», — мяркуе ён.

«Вайна адбываецца на суніцка-шыіцкім памежжы, а для шыітаў халіфат — гэта ўвасабленне усіх грахоў, таго, што пайшло няправільна. І імкненне пабудаваць халіфат выклікае ў шыітаў мабілізацыю па канфесійнай прыкмеце, а таксама істэрыку ў Тэгеране і сярод ліванскіх шыітаў», — заяўляе эксперт.

Таму, паводле яго слоў, у рэгіёны, населеныя пераважна шыітамі і курдамі, якія змаглі арганізаваць збройнае апалчэнне, «прыхільнікі ІДІЛ асабліва не могуць рушыць наперад». Тыя ж рэлігійныя меншасці, якія сваёй ўзброенай міліцыі не маюць, перш за ўсё, хрысціяне і язіды, аказваюцца на захопленых ісламістамі тэрыторыях на мяжы выжывання.

«А некаторым з іх, як напрыклад язідам, пагражае поўнае знішчэнне ў выпадку, калі яны адмовяцца прысягаць на вернасць ІД і прыняць іслам і нормы шарыяту. Баявікі ІД жорстка і бязлітасна распраўляюцца з усімі, хто не пажадаў далучыцца да іх шэрагаў. Іх дзеянні можна ахарактарызаваць як генацыд, бо яны накіраваныя на поўнае знішчэнне ўсіх рэлігійных груп, якія прытрымліваюцца іншых рэлігійных поглядаў», — адзначае Арсень Сівіцкі.

«Фактычна цяпер мы назіраем канец і язідскай, і хрысціянскай суполак на поўначы Ірака. Магчыма, некаторыя абшчыны і застануцца, але па вялікім рахунку, я думаю, усе гэта зразумелі. І самі супольнасці працуюць не над тым, каб неяк дамагчыся вяртання і ўстанаўлення парадку, але арыентуюцца на тое, каб проста выехаць з Ірака. Наколькі я разумею, пасля пачатку амерыканскага ўварвання асабліва ніхто ні на што ўжо не спадзяваўся», — лічыць Сяргей Богдан.

Пры гэтым, адзначае ён, хрысціянская абшчына Іраку не была нейкай маленькай купкай, але налічвала да мільёна чалавек, існавала тут з часоў апосталаў і былі ўкаранёна ў мясцовае грамадства. Многія яе прадстаўнікі, як напрыклад адзін з ідэолагаў партыі БААС праваслаўны хрысціянін Мішэль Афляк або кіраўнік МЗС Ірака пры Садаме Хусейне, каталік-халдэй Тарык Азіз, уваходзілі ў кіраўніцтва краіны.

Разбіць можна, перамагчы нельга

На сённяшні дзень найбольш паспяховы супраціў ІД аказваюць атрады Пешмерга — курдскія ваенізаваныя фарміравання ў Ірацкім Курдыстане, заяўляе Арсень Сівіцкі. Менавіта на іх, мяркуе Сяргей Богдан, вырашыў зрабіць стаўку Захад у гэтым канфлікце. «Курдам ужо пайшлі сур’ёзныя пастаўкі зброі, якая дазволіць сфармаваць сапраўдныя узброеныя сілы. Зброя ідзе наўпрост у аўтаномію, абмінаючы ірацкія ўлады, тады як у Багдад ідуць толькі дакументы», — дадае ён.

Таксама, адзначае кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, ваенную і тэхнічную дапамогу ў барацьбе з баевікамі ІД аказвае Іран, які паслаў для барацьбы з ІД элітнае падраздзяленне Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі — брыгаду Эль-Кудс пад кіраўніцтвам дасведчанага брыгаднага генерала Касема Сулеймана. «Дарэчы, менавіта дзякуючы садзейнічанню «эль-Кудс» у Сірыі ў мінулым годзе ўдалося разграміць асноўныя сілы ісламісцкіх баевікоў і ўмацаваць пазіцыі Башара Асада», — падкрэслівае эксперт.

Паводле яго слоў, сур’ёзную падтрымку аказваюць і ЗША, наносячы ракетныя ўдары з дронаў па пазіцыях ісламістаў. Да таго ж у крызісным штабе ў Багдадзе ўжо працуюць 300 амерыканскіх дарадцаў, яшчэ каля 1000 знаходзяцца ў штабе Курдскага апалчэння Пешмерга.

«На мой погляд, эфектыўнае супрацьстаянне ІД сёння немагчыма без каардынацыі намаганняў паміж Іракам, ЗША і Іранам. Мяркуючы па нядаўна праведзенай паспяховай аперацыі па вызваленні ірацкага горада Тыкрыт, такая каардынацыя дзеянняў паміж ЗША, Іранам і Іракам ужо ажыццяўляецца і яна будзе толькі ўзмацняцца», — лічыць Арсень Сівіцкі.

Аднак, дадае ён, трываючы паражэнні ў Іраку, баевікі ІД праводзяць зараз перагрупоўку на тэрыторыі Сірыі. «Свецкую дзяржаву разбурыць магчыма. Але з рэлігійнымі рухамі іншая сітуацыя. Яго можна задушыць агнявой моцай, але яго знішчыць немагчыма», — заяўляе ў сваю чаргу Сяргей Богдан, прадракаючы развіццё сітуацыі па самалійскім сцэнары.

А што Беларусь?

Не застаецца ў баку ад ірацкага крызісу і Беларусь. Так, кіраўнік МЗС нашай краіны Уладзімір Макей наведаў 23-24 жніўня Ірак з афіцыйным візітам, асудзіўшы дзеянні тэрарыстычных груп, якія прывялі да маштабных ахвяраў сярод ірацкага насельніцтва. Прэзідэнт Ірака Ірака Мухамед Фуад Масум ацаніў візіт кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства як сігнал падтрымкі ірацкага кіраўніцтва ў барацьбе з экстрэмістамі, нагадвае Арсень Сівіцкі.

«Таму Беларусь гатова аказаць любую дапамогу ў адпаведнасці з запытамі ірацкага боку. Цяпер гаворка можа ісці аб некаторых відах гуманітарнай дапамогі. Казаць аб аказанні ваенна-тэхнічнай дапамогі заўчасна», — заяўляе ён, не выключаючы, што для рэалізацыі сумесных прамысловых праектаў на тэрыторыі Іраку і пры наяўнасці запытаў з ірацкага боку Беларусь можа разгледзець варыянты ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, «тым больш, калі яно будзе спрыяць абароне эканамічных інтарэсаў Беларусі ў гэтай краіне».

Разам з тым дапамагчы хрысціянскім уцекачам, прытуліўшы іх на сваёй тэрыторыі, як гэта зрабіла, напрыклад Францыя, Беларусь не ў стане, лічыць Сяргей Богдан. Паводле яго слоў, ірацкія хрысціяне маглі б стаць стваральнымі членамі беларускага грамадства, але для Беларусі будзе вельмі складана прыцягнуць чужыя мазгі. «А для масавага прыняцця бежанцаў і магчымасцяў няма. Для гэтага неабходна мець адпаведныя структуры, як у Заходняй Еўропе, якія б забяспечылі інтэграцыю. У нас жа альбо чалавек сам інтэгруецца, альбо ён мучыцца ў Беларусі», — лічыць ён.

Гаворачы ж аб магчымым удзеле Беларусі ў нармалізацыі сітуацыі ў Іраку, Сяргей Богдан заявіў, што гэтым павінен займацца той, «хто гэта ўсё стварыў або дазволіў гэтаму ўсяму ўзнікнуць».

«ІДІЛ — без фінансавых уліванняў ніколі не магла б паўстаць. А гэтыя фінансавыя ўліванні ідуць і зараз. І калі ўзнікла такая вострая праблема, то трэба было перасякаць адразу фінансавыя патокі. І тады б гэта дзяржава вельмі хутка здзьмулася. А каб гэтыя фінансавыя патокі перасекчы , трэба каб Вашынгтон сапраўды нармальна папрацаваў з пэўнымі арабскімі таварышамі. Але гэта не робіцца. І тут паўстае пытанне: якая ўсё ж пастаўлена задача? Я баюся, што задача пастаўлена ліквідаваць вострую праблему, якая паўстала з Ісламскай дзяржавай, а задачы асушыць гэта балота няма, бо для гэтага трэба варушыцца», — мяркуе суразмоўца.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі