Гомель адмаўляецца ад абортаў на тыдзень у кастрычніку

bez-abortaАбласная акцыя «Тыдзень без абортаў» пройдзе ў Гомелі 13-19 кастрычніка і будзе прымеркавана да Дня Маці, які адзначаецца ў Беларусі 14 кастрычніка. Гэта тыдзень цішыні, які дае бацькам магчымасць добра падумаць і прыняць канчатковае рашэнне: жыццё ці смерць.

Першапачаткова планавалася правесці акцыю ў верасні, але цяпер названыя новыя тэрміны.   Упраўленне аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама распрацавала праект загаду аб правядзенні акцыі, абмеркаванне якога адбылося 28 жніўня.

Плануецца, што «Тыдзень без абортаў» пройдзе ва ўсіх жаночых кансультацыях Гомельскай цэнтральнай гарадской паліклінікі, у гарадскіх паліклініках №№1-4, у бальніцы хуткай дапамогі, абласной клінічнай бальніцы і медыка-генетычным цэнтры «Шлюб і сям’я». На працягу тыдня ва ўсіх медыцынскіх установах Гомеля не будуць рабіць аборты, выключэнне складзе перапыненне цяжарнасці па паказу лекара, передае katolik-gomel.by.

У працоўную групу па падрыхтоўцы акцыі Упраўленнем аховы здароўя былі запрошаны актывісты грамадскага аб’яднання «Выратаванне немаўлятаў», пробашч рымска-каталіцкай парафіі айцец Славамір Ласкоўскі і работнікі цэнтра абароны мацярынства і дзяцінства «Ладушкі». Чакаецца, што да правядзення акцыі падключыцца таксама праваслаўнае духавенства.

Падчас правядзення акцыі плануецца яе рэклама і суправаджэнне ў СМІ і на білбордах, правядзенне медычнай канферэнцыі, работа «гарачай лініі», стварэнне спецыялізаваных інтэрнэт-старонак, вулічныя акцыі ля гомельскіх гіпермаркетаў з раздачай інфармацыйных матэрыялаў.

Каля 20 чалавек будуць забяспечваць суправаджэнне акцыі ў медустановах, размаўляючы з жанчынамі, якія маюць намер рабіць аборт. Да акцыі плануюць падключыць таксама інтэрнаў і валанцёраў медуніверсітэта.

Па выніках першага «Тыдня без абортаў» будзе абмяркоўвацца правядзенне другой аналагічнай акцыі да 25 снежня, калі Раство адзначаюць каталікі і пратэстанты, а таксама магчымасць правядзення «Тыдня без абортаў» у раённых цэнтрах Гомельскай вобласці.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
29.08.2014 Грамадства| Тэгі:




Блогі