У Друі прайшлі ўрачыстасці ў гонар 100-годдзя уніяцкага біскупа Чэслава Сіповіча (фотарэпартаж)

MINOLTA DIGITAL CAMERAУ Друі ўрачыста адсвяткавалі 100-гадовы юбілей першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа новага часу Чэслава Сіповіча. Галоўнай падзеяй, якая глыбока кранула сэрцы вернікаў, стала гамілія Апостальскага Нунцыя Клаўдыё Гуджэроці, упершыню за час працы арцыбіскупа ў Беларусі прамоўленая па-беларуску.

Не толькі Друя, але й наваколлі прыйшлі паглядзець на незвычайных гасцей – акром Папскага Нунцыя і біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, на свята прыехаў вялікі ўніяцкі клір на чале з дапаможным біскупам Прэшаўскай архідыяцэзіі Мілянам Ляхам (Славакія), Апостальскім Візітатарам для грэка-католікаў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам, асістэнтам Апостальскага Візітатара для беларусаў замежжа мітрафорнага пратаіерэя Аляксандра Надсана а. Сяргеем Стасевічам (Лондан).

Ранкам, нягледзячы на кепскае надвор’е, на могілках у вёсцы Дзедзінцы адбылося асвячэнне новых помнікаў на магілах бацькі і маці біскупа Сіповіча. Род Сіповічаў дагэтуль жыве на гэтых абшарах, праслаўленых яго выбітным сынам. Пад апладысменты аднавяскоўцаў дарослыя і дзеці сям’і Сіповічаў атрымалі дабраслаўленне біскупаў у часе імшы. А а. Сяргей Стасевіч з Лондана зрабіў незвычанйы падарунак – ён прывез у Друю голас самога біскупа Сіповіча, запіс яго апошняй прамовы да грамадзянскай супольнасці свету, зробленай падчас удзелу ў пілігрымцы Крыжоў паняволеных народаў, апошняй пілігрымцы ў зямным жыцці волата духа.

MINOLTA DIGITAL CAMERAДруйскі кляштар, асоба і дзейнасць пробашча касцёла Святой Тройцы кс. Сяргея Сурыновіча – унікальны “свет у сабе”, які вабіць наведвальнкаў і шукальнікаў незвычайных мясцінаў. Напярэдадні свята айцец Сяргей зрабіў парафіі шмат падарункаў – упершыню за дзесяцігоддзі быў пабелены сам будынак, пачалася рэстаўрацыя разбуранага бальшавікамі алтара, наноў напісаны абраз св. Юзафа, некалі адзін з цэнтральных у касцёле (яго напісала мастачка Вольга Куваева), з’явіліся вялікія выявы чатырох евангелістаў, напісаныя на тле Друйскага кляштара мастаком Міхаілам Ставіцкім, выдрукаваныя памятныя абразкі ў гонар юбілея біскупа Сіповіча. У святочны дзень былі ўрачыста адчыненыя і асвечаныя мемарыяльная шыльда і бюст слыннага земляка, духоўная фармацыя якога адбывалася ў мурах Друйскага кляштара.

З Мінска на свята прыехала вялікая пілігрымка грэка-каталікоў на чале з архімандрытам Сяргеем Гаекам, да мінчукоў далучыліся ўніяты з іншых куткоў Беларусі і нават біскуп з Славакіі Мілян Лях. Выхаванцы дзіцячага дома ў Друі, якія штолета адпачываюць у італьянскіх сем’ях, уразілі Апостальскага Нунцыя шчырымі вітаннямі на яго роднай мове. Ацанілі таксама замежныя госці і прамовы на італьянскай і славацкай мове, якія пачулі ад айца Сяргея Сурыновіча. Але найвялікшай падзеяй стала іншае – упершыню арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці цалкам прамовіў гамілію па-беларуску.

“Чэслаў Сіповіч – кажа арцібіскуп у гаміліі, – не шукаў пакуты і мучаніцтва. Будучы чалавекам адукаваным і зацікаўленым праблемамі грамадства, ён не быў прарокам сацыяльнага характару, ані дзеячам культуры. Ён быў чалавекам, які шукаў Бога ўсім сваім сэрцам і быў гатовы заплаціць высокую цану гэтых пошукаў. Ён мог бы мець спакойнае законнае жыццё. Дастаткова было б прыняць перакананні тых, хто настойліва навязваў яму чужую ідэнтычнасць. Шмат пакутаў абмінулі б яго, і паводле сучаснага мыслення ён быў бы шчаслівым. Гэта было б мізэрнае, эгаістычнае і баязлівае шчасце, якое, у перакананні Чэслава Сіповіча, не было годным Бога.

Чэслаў Сіповіч не спакусіўся лёгкім шчасцем і быў высланы, каб ніколі больш не ўбачыць сваю бацькаўшчыну, забытую зямлю.

Чэслава Сіповіча папрасілі пакінуць лацінскі абрад і прыняць візантыйскі. Ён, які не нарадзіўся грэка-католікам, стаў грэка-католікам у перакананні, што так мог лепш служыць свайму народу.

Потым, калі ён стаў біскупам (адзіным каталіцкім беларускім біскупам у тыя часы), прайшоў увесь свет, каб паказаць брацкі твар беларусам, каб дазволіць загучаць гукам мовы, мілай іх сэрцу, каб не дазволіць ім забыцца, што яны беларусы”.

Люцыя Давыдчук, КРЫНІЦА.INFO. Фота аўтара

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі