Жыццё пад сэрцам. Маргарыта Тарайкевич. З рубрыкі “За жыццё!”

дзіцяКрыніца.INFO працягвае публікацыю матэрыялаў, дасланых на конкурс “Жыццё пад сэрцам”. Матэрыялы публікуюцца на мове арыгіналу.

Калі бы мне прыснілася, што я нібыта прыбіраю офіс пралайферскай арганізацыі, – то ў гэтым сне я павыкідала бы на сметнік усе салодзенькія выявы немаўлятак з мамачкамі, усе вершыкі ў стылі “самая прекрасная із женщін – женщіна с ребёнком на руках”. Тым болей павыкідала бы сумнеўныя нібыта-царкоўныя брашуркі пра “традыцыйныя каштоўнасці” ці тым болей, барані Божа, патрыярхальны ўклад жыцця. І тым болей павыкідала бы тэксты, у якіх нехта сцвярджае, што для яго галоўнае ў жыцці – гэта дзеці. А ўжо асабліва пазбавілася бы ад літаратуры пра дэмаграфічны крызіс, з заклікамі “рожать і рожать”, наездамі на фемінізм і расісцка-ксенафобскімі прысмакамі.

Ну ці не выкідала бы, а каму аддала. Бо ў справе руху за жыццё такія рэчы толькі збіваюць з панталыку сэнсава-ідэялагічным шумам.

Бо праблема абортаў – гэта не пытанне дэмаграфіі. Гэта нешта большае, чым розныя там ідэялогіі. Гэта пытанне чалавечага жыцця.

Праблема тут у тым, што жыццё маленькага, але ўжо паўнавартаснага чалавека, дзіцяці, пакуль яно ва ўлонні маці, – напоўніцу завязанае на гэтай маці і не можа захавацца асобна ад яе. Калі б можна было гэтага чалавека з яе дастаць і без шкоды для жыцця і здароўя памясціць у нейкае добрае асяроддзе, дзе ён бы развіваўся асобна ад жанчыны, якой пашанцавала нечакана зацяжарыць – супраць ТАКОГА аборту я б мо і не выступала. Але ж у рэальнасці, калі жанчына незапланавана зацяжарыла – гэта значыць, што ДВА ЧАЛАВЕКІ ТРАПІЛІ Ў ПРАБЛЕМНУЮ СІТУАЦЫЮ. У ЯКОЙ ЖЫЦЦЁ АДНАГО З ГЭТЫХ ЛЮДЗЕЙ НАПОЎНАСЦЮ ЗАЛЕЖЫЦЬ АД ДРУГОГА.

А калі хтосьці апынаецца ў праблемнай сітуацыі – трэба не маралі чытаць, а дапамагаць. Чым можам! Матэрыяльна, маральна, малітоўна… Пажадана ж, каб дапамога была інстытуцыяналізаванай.

Таму замест ідэялогій і сантыментаў напоўніла б я офіс руху за жыццё ідэямі і праектамі наконт таго, як зрабіць, каб такая добрая справа як нараджэнне і выхаванне дзяцей ніколі не прыносіла жанчыне сацыяльных мінусаў, але надварот – надавала сацыяльных плюсаў (па частцы сродкаў, працаўладкавання і г.д.). А на худы канец – каб была магчымасць беспакарана перадаць дзіця ў іншую сям’ю ці ў найгоршым выпадку пад дзяржаўную апеку – бо не наша грамадская справа прымушаць… Можна яшчэ дадаць у справу добрай псіхалагічнай літаратуры, пра тое, як перадольваць тыя праблемы, якія перашкаджаюць людзям вольна і гарманічна жыць і расціць дзяцей.

Паколькі я сама тут не прыклад – ані сям’ю не захавала, ані нават не размножылася, – то маю асаблівую павагу да жанчын, якія аддуваюцца за мяне, робяць гэтую самую важную для грамадства справу!

Хаця чаму я толькі пра жанчын?.. Мужчыны ж таксама ўдзельнікі, і ў норме – актыўныя на ўсіх этапах.

Маргарыта Тарайкевіч, “Беларускі партызан”

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі