Гомельскія хрысціяне абмеркавалі становішча са смяротным пакараннем

расстрэлХрысціянскі круглы стол па праблеме ўжывання ў Беларусі смяротнага пакарання прайшоў у Гомелі 5 верасня. Яго ўдзельнікамі сталі праваслаўнае і каталіцкае духавенства, правабаронцы і юрысты, гуманітарная інтэлігенцыя. Саарганізатармі выступілі міжканфесійная місія “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне” і Беларускі Хельсінскі Камітэт.

З мэтай падсумаваць хрысціянскі погляд на правамоцнасць ужывання смяротнага пакарання быў выдадзены зборнік пропаведзяў каталіцкіх, праваслаўных і пратэстанцкіх святароў на тэму святасці і каштоўнасці чалавечага жыцця, а таксама пакарання за злачынства, пакаяння і прабачэння, паведамляе БелаПАН.

Па словах дырэктара міжканфесіянальнай місіі “Хрысціянскае сацыяльнае служэнне” Мікалая Матрунчыка, важна дамагчыся сумесных разважанняў на гэтую тэму ўлады, грамадства і царквы, дзеля таго, каб людзі яшчэ раз пераправерылі і пераасэнсавалі сваё стаўленне да смяротнага пакарання.

“Розныя сацыялагічныя даследванні паказваюць, што часам чалавек выказваецца адносна смяротнага пакарання, зусім не абцяжарваючы сябе развагамі і рэфлексіямі, пошукам глыбокіх аргументаў. Але калі пачынаеш разважаць, то многія людзі задумваюцца пра гэта ці змяняюць свае погляды. Думаючае грамадства – для ўсіх карыснае», – сказаў ён.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com
06.09.2014 Беларусь|




Блогі