На сцяне лідскай царквы асвяцілі медальён у памяць аб пераможцы бітвы пад Оршай

ліда11 верасня пасля Боскай Літургіі на ўсходняй сцяне Лідскага Свята-Георгіеўскага праваслаўнага храма быў усталяваны ад жыхароў Ліды памятны медальён князю Канстанціну Астрожскаму (1460-1530). Медальён ўяўляе сабой круглую пліту чырвонага граніту, у цэнтры якой адліты партрэт князя, а па крузе выбіты надпіс: «Князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму – абаронцу веры і дзяржавы. 08.09.2014».

Ля сцяны храма была праспявана “Вечная памяць”, пасля чаго медальён акрапілі святой вадой, паведамляе eparhia.by.

Яшчэ адзін памятны медальён князю Астрожскаму перададуць у музей Дзятлава, дзе ён пабудаваў першую мясцовую царкву, ці Навагрудка, дзе князь перабудаваў Барысаглебскі мітрапольны сабор.

Канстанцін Астрожскі больш за ўсё вядомы як правадыр войскаў Вялікага княства Літоўскага ў пераможнай бітве супраць маскоўскіх войскаў 8 верасня 1514 года. Аднак ён таксама быў і апекуном праваслаўных у ВКЛ.

Дзякуючы яму фактычна была адмененая забарона на будаўніцтва праваслаўных цэркваў у дзяржаўных уладаннях ВКЛ. У 1511 годзе ён атрымаў дазвол на перабудову Віленскага Прачысценскага сабора, у 1514-м – на будаўніцтва ў Вільні цэркваў Святой Тройцы і свяціцеля Мікалая ў гонар бітвы пад Воршай, пабудаваў царкву ў Смалявічах, здзяйсняў дараванні цэрквам Вільні, Навагрудка, Турава, Кіева-Пячэрскаму манастыру.

У 1511 годзе князь Астрожскі дамогся пацверджання Праваслаўнай Царкве ў ВКЛ права на незалежны суд і забароны свецкім асобам прызначаць на царкоўныя пасады.

Як паведамляла КРЫНІЦА.INFO, на сцяне Лідскай праваслаўнай царквы святога Георгія Перамаганосца 7 верасня, напярэдадні 500-й гадавіны бітвы пад Оршай, пасля набажэнства планавалася ўрачыстае адкрыццё памятнай шыльды гетману Вялікага княства Літоўскага Канстанціну Астрожскаму, які кіраваў войскамі ВКЛ у бітве.

Прадстаўнікі ўлады запатрабавалі ў святароў царквы пісьмовага дазволу ад епіскапа Навагрудскай епархіі. Тыя ж мелі толькі вуснае дабраславенне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі