Інтэрв’ю намесніка галоўнага рэдактара КРЫНІЦА.INFO парталу Grodnensis.by

IMG_3541Krynitsa.info — новы праект супольнасці хрысціянскіх журналістаў, які расце «не па днях, а па гадзінах». Нечаканасць і імклівасць яго развіцця выклікае шмат здаровых пытанняў у чытачоў. Пра планы і мары, хрысціянскасць і пазаканфесійнасць, ужо звычайныя праблемы з фінансаваннем і бачанне сучаснай беларускай хрысціянскай журналістыкі размаўляем з натхняльнікам «Kрыніцы» Максімам Гацаком.

Адкуль з’явілася ідэя сайта? І чаму менавіта хрысціянскі партал? 

Ідэя стварэння буйнога хрысціянскага сродку масавай інфармацыі вісіць у беларускім паветры даволі доўгі час. У Беларусі існуе шмат канфесійных, але, як падаецца, яны збольшага нацэленыя на вузкую аўдыторыю сваіх вернікаў, тады як нечага агульнага, аб’ядноўваючага ўсе хрысціянскія канфесіі няма. У той жа час свецкія СМІ заўважаюць хрысціянскія цэрквы толькі падчас нейкіх выключных падзеяў і ўвесь час спрабуюць знайсці якія-небудзь скандалы. Больш за тое, хрысціянскія навіны знаходзяцца там па суседству з усялякімі гараскопамі, магіяй, распустай і гэтак далей. Таму і ўзнікла ідэя стварыць партал, які б аб’ядноўваў ўсе хрысціянскія канфесіі Беларусі і разам з тым не выключаў хрысціянаў з грамадскага жыцця, бо праблемы алкагалізму, гвалту, эканамічныя і сацыяльныя цяжкасці датычацца ўсіх грамадзян Беларусі, у тым ліку і хрысціянаў.

Наколькі мне вядома, ужо некалькі разоў паўставалі ініцыятывы па стварэнні нечага падобнага ў друкаванай ці электроннай версіі, але, на жаль, усе не былі доўга жывучымі. Асабіста ў мяне ідэя хрысціянскага ці прахрысціянскага парталу ўзнікла яшчэ гады два таму, але ні часу, ні магчымасцяў заняцца яе рэалізацыяй не было, бо для стварэння парталу ўсё-такі неабходныя некалькі людзей. Але ў лютым гэтага года, калі мы стварылі грамадскую ініцыятыву “Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў”, такія людзі знайшліся і, аб’яднаўшы свае высілкі, мы пачалі ствараць партал.

Крыніца.інфо — гэта ўсё тая ж крыніца пачатку 20 ст? Чаму менавіта гэтая назва і гэтае атаясамленне з гістарычным выданнем? 

Вядома, мы не тая ж “Крыніца”. Тая “Крыніца”, на жаль, перастала існаваць з прыходам бальшавікоў. Але ж свае вытокі мы выводзім менавіта ад яе. У нашай дзейнасці міжваенная “Крыніца” з’яўляецца ўзорам спалучэння ў адно і рэлігійных навінаў, і свецкіх, і хрысціянскага духу, і скіраванасці на асвятленне грамадскіх праблемаў. Таму “Крыніцу” Станкевіча, Карузы, Туронка, Пазьняка мы лічым сваімі папярэднікамі, але, на жаль, мы не ведаем, ці лічаць яны нас сваімі пераемнікамі. На знак пашаны да іх працы ў нас на сайце ёсць спецпраект “Вытокі “Крыніцы”, у якім мы па-трошкі публікуем міжваенныя матэрыялы. У кастрычніку, дарэчы, мы будзем адзначаць 97-годдзе “Крыніцы” – запрашаем.

У чым сакрэт такога хуткага развіцця парталу? Менш чым за паўгады невялікі блог ператварыўся ў актыўна растучы партал. 

Сакрэт хуткага развіцця парталу – у цяжкай штодзённай працы. Ну й вядома спадзяемся, што маем Божае дабраславенне на нашу дзейнасць, на тое, каб “Крыніца” развівалася і рабілася сапраўды хрысціянскім СМІ. Як казаў святы Тамаш Аквінскі: «Працуй, нібыта ўсё залежыць толькі ад цябе, маліся – нібыта ўсё залежыць толькі ад Бога».

Якія асноўныя правілы крыніцы можаш назваць? Як спраўляецеся з хрысціянскасцю парталу, яго пазаканфесійнасцю. Ці спрацоўвае на дадзены момант гэтая ідэя?

Галоўныя правілы – не кранаць дактрынальныя адрозненні, а закранаць тое, што сапраўды аб’ядноўвае вернікаў усіх канфесій — любоў да Бога, любоў да роднай краіны, неабыякавасць да цяперашняга грамадства і да нашай агульнай будучыні. Нам здаецца, гэта ідэя спрацоўвае. На сайце мы стараемся ў роўнай меры асвятляць навіны з жыцця ўсіх хрысціянскіх канфесій, вядома, гэта спрацоўвае не заўсёды, але мы да гэтага імкнемся.

Ці маглі б вы акрэсліць дынаміку наведвальнасці крыніцы за гэтыя паўгады? 

Насамрэч, сайту яшчэ няма паўгады – 26 верасня нам будзе толькі чатыры месяцы. Рэзкі рост наведвальнасці ў нас распачаўся ў другой палове жніўня пасля заключэння шэрагу партнёрскіх пагадненняў з хрысціянскімі і свецкімі СМІ. У выніку ў верасні ў нас сярэднедзённая наведвальнасць складае 550 чытачоў, тройчы мы ўжо пераходзілі мяжу ў 1000 наведвальнікаў.

Колькі людзей уваходзіць у склад рэдакцыі? У некаторых журналістаў складваецца ўражанне, што тэксты пішуцца маленькай групкай аматараў-сяброў. 

Рэдакцыя ў нас складае тры-чатыры чалавекі. Таксама нам дасылаюць свае тэксты і аўтары, якія не ўваходзяць у склад рэдакцыі. Не магу сказаць, што ўсе мы з’яўляемся сябрамі, але ўжо дакладна не ворагамі.

Крыніца цалкам існуе на добраахвотнай працы журналістаў, ці ўсё ж такі яны атрымоўваюць за гэта грошы? Калі так, то адкуль бяруцца сродкі? 

На жаль, на сённяшні дзень мы не маем фінансавання. Для дзейнасці парталу мы ўзялі пазыку, якую трэба будзе аддаваць. Так што будзем вельмі ўдзячныя, калі хтосьці захоча нам дапамагчы, аказаць спонсарскую падтрымку, размясціць рэкламу. Таксама мы заўсёды радыя валанцёрам.

Каталіцкія навіны дамінуюць у ленце навінаў крыніцы, чаму так? Гэта адбываецца таму, што большасць супольнасці належыць да Каталіцкага Касцёла?

Насамрэч, каталіцкія СМІ і Каталіцкі Касцёл у параўнанні з астатнімі больш прадукуюць навінаў і медыйных повадаў, што і адлюстроўвае наш маніторынг. Вялікая роля ў гэтым, як я разумею, належыць непасрэдна іерархам Касцёлу, перадусім Яго Эксцэленцыі Тадэвушу Кандрусевічу. У шчыльную за каталіцкімі СМІ ідуць праваслаўныя, а вось пратэстанцкія навіны даволі рэдкія. Абшчыны ж старавераў практычна наогул не асвятляюць сваю дзейнасць. Вядома, і ў нас бываюць перагібы, але апошнім часам мы гэту праблему збольшага выправілі.

Назаві 5 пазітыўных і 5 негатыўных якасцяў каталіцкіх СМІ ў РБ?

Увогуле каталіцкія СМІ Беларусі даволі адрозныя. Тут ёсць і афіцыйна строгі партал Catholic.by, і больш моладзевы katolik-gomel.by, а, напрыклад, у “Каталіцкім весніку” абмяркоўваюцца самыя розныя пытанні, якіх там знайсці не чакаеш. Што тычыцца пазітыўных якасцяў, то я вылучыў б перадусім аператыўнасць, беларускасць, даволі высокі прафесіяналізм і адкрытасць да новых тэхнічных магчымасцяў. З негатыўных – даволі моцная закрытасць ад вонкавага свету і засяроджанасць на ўнутраных праблемах. Хацелася б большай адкрытасці.

Як ацэньваеш працу Grodnensis.by? 

На Grodnensis.by мне падабаецца тое, што сайт не стаіць на месцы, а развіваецца, шукае новыя магчымасці дайсці да сваіх чытачоў, займаецца новай евангелізацыяй. На партале з’яўляюцца новыя рубрыкі, добра развітая мультымедыйнасць. Таксама мне падабаецца асвятленне сацыяльнага вучэння Касцёла адносна розных з’яваў у грамадстве.

Вашы планы на бліжэйшую будучыню? 

У будучыні мы плануем яшчэ з большымі сіламі працаваць і маліцца. Хутка ў нас трошкі зменіцца выгляд галоўнай старонкі, пашырацца мультымедыйныя сервісы, з’явяцца блогі. Бліжэйшым часам пачнем экспартаваць нашу стужку хрысціянскіх навінаў на адзін даволі папулярны свецкі партал. У выніку ўсяго гэтага чакаем, што да новага года наша наведвальнасць дасягне некалькіх тысячаў чалавек штодня. Запрашаем да супрацоўніцтва!

Даведка: 

Максім Гацак. Нарадзіўся ў 1988 годзе ў Бабруйску. Скончыў Ліцэй БДУ (2005), Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (2010). У журналістыцы з перапынкамі з 2006 года. Супрацоўнічаў як са свецкімі, гэтак і з рэлігійнымі СМІ: Telegraf.by, BDG.by, «Человек и закон», Apžvalga, Katolik.ru, Dagbladet.no, Nemzetisport.hu, у 2010-2011 гадах быў адміністратарам парафіяльнага сайту ў Бабруйску. З 2014 года каардынатар Супольнасці хрысціянскіх журналістаў і блогераў і намеснік галоўнага рэдактара КРЫНІЦА.INFO. Каталік. Жанаты, двое дзяцей. Урывак, які падштурхнуў мяне да стварэння міжканфесійнага парталу: “Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі». А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас». (Лк. 9:49-50). Куміра няма, а вось прыклад для дзейнасці – святыя Томас Мор і Эжэн дэ Мазенод, якія ахвярна служылі Богу і не былі абыякавымі да таго, што адбываецца на Радзіме. Не ведаю як моладзі, бо будучы шэсць гадоў жанатым, я стаю трошкі асобна ад яе, але ўсім астатнім я б параіў кнігі Яцака Пулікоўскага пра сямейныя стасункі: “Варта быць бацькам”, “Кракадзіл для каханай”, “Варта палюбіць цешчу” і іншыя.

Арцем Ткачук
Яна Ткачук

 

Grodnensis.by

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі