Танах і Стары Запавет (працяг)

танахТора, альбо Пяцікніжжа Майсея

Для габрэйскай традыцыі найзначнейшай часткай Танаха з’яўляецца Пяцікніжжа Майсея (хаміша хумшэй Тора, альбо – хумаш), дзе апісаныя паўстанне сусвету, лёсы габрэяў ад Абрагама да вяртання з Егіпта ў Канаан, правілы і законы здзяйснення рэлігійнага культу, спосабы абыходжання святаў, прадпісанні харчавання і вопраткі і г.д.

Да Пяцікніжжа Майсея належыць:

  • Кніга Быцця (Бэрэшыт). У гэтай кнізе выкладаецца гісторыя стварэння свету і чалавека Богам, апісваецца гісторыя чалавецтва да патопу і пасля яго, а таксама сам патоп. Падзеі даведзеныя да часоў легендарных патрыярхаў Абрагама, Ісаака і Якуба. Смерцю апошняга і яго сына Язэпа завяршаецца апавяданне ў кнізе «Быцця». Цесна звязаная сваім зместам з усім Пяцікніжжам Майсея, яна ўяўляе сабой своеасаблівыя ўводзіны да наступных кніг Торы, змест якіх прысвечаны станаўленню і развіццю шматпляменнага старажытнагабрэйскага народа і з’яўленню ў ім прыкметаў арганізаванага грамадскага ладу з адметнай сістэмай светапогляду, традыцый і заканадаўства, прасякнутай міфалагічнымі ўяўленнямі, характэрнымі ўсім старажытным народам тагачаснага Блізкага Усходу. Змест, вобразы, сюжэты Кнігі Быцця шырока выкарыстоўваліся ў фальклоры, літаратуры і мастацтве;[1]
  • Кніга Зыходу (Шэмот). У кнізе апісваецца далейшы лёс 12 каленаў габрэйскага народа. Паказваюцца надзвычай жорсткія ўмовы іх панявольнага жыцця ў Егіпце пасля смерці Язэпа і прыходу да ўлады новага фараона, які, незадаволены хуткім ростам яўрэйскага насельніцтва, выдаў загад для павівальных бабак, каб яны, прымаючы роды ў цяжарных ізраільцянак, бязлітасна знішчалі яўрэйскіх немаўлятаў мужчынскага полу. Галоўны герой гэтай кнігі – Майсей. Падаецца надзвычай складаная, поўная прыгодаў і драматызму гісторыя яго жыцця ад нараджэння і да часу, калі ён стаў правадыром свайго народа і вывеў габрэяў з егіпецкай няволі. Толькі на другі год блуканняў па пустэльні, апавядаецца ў Бібліі, Бог на адной з гор Сінайскага паўвостравадаў габрэям праз Майсея свой Закон (запаведзі), паводле якога яны павінны былі жыць і будаваць  ўзаемаадносіны з Богам. Захаванне гэтага запавету стала ўмовай заступніцтва Усявышняга за габрэяў, іх будучага лёсу і выратавання. Майсей з гэтага часу стаў фактычным заканадаўцам свайго народа, складальнікам маральнага кодэкса, сутнасць якога сфармуляваная ў славутых 10 запаведзях. Падаецца таксама падрабязны пералік самых разнастайных і дэталёвых настаўленняў і правілаў, якія датычаць побыту габрэяў, іх звычаяў і рэлігійных абрадаў. Кніга Зыходу завяршаецца апісаннем будаўніцтва свяцілішча і яго асвячэння;[2]
  • Кніга Святарская, ці Левіта (Вайікра). Кніга цалкам прысвечаная шматлікім абрадавым інструкцыям і настаўленням. Галоўнае месца займаюць настаўленні, якія датычацца богаслужэння і культу. У прыватнасці, даюцца дакладныя ўказанні, як здзяйсняць абрад ахвярапрынашэння, прычым па кожным з відаў ахвяраў. Далей ідуць прадпісанні, якія тычацца ежы: што і калі можна есці, чаго нельга. Дазваляецца есці толькі мяса жвачных і парнакапытных жывёлаў. Вялікая колькасць відаў жывёлаў аб’яўляецца нячыстай і ўжыванне іх мяса ў ежу прызнаецца цяжкім грахом. Апавяданне пра падзеі далёкага мінулага габрэяў у Кнізе Левіта, як і ў іншых частках Пяцікніжжа Майсея, увесь час пераплятаецца з павучаннямі – як паводзіць сябе, каб здабыць і захаваць прыхільнасць Бога. Падаюцца павучанні на санітарна-гігіенічныя, гаспадарчыя, юрыдычныя, маральна-этычныя і іншыя тэмы. Апроч гэтага, у кнізе змяшчаецца шмат пазнавальнага матэрыялу этнаграфічнага характару з жыцця старажытнагабрэйскага народа.[3]
  • Кніга Лічбаў (Бэмідбар). Кніга апісвае знаходжанне Ізраэля каля гары Сінай, вандроўкі па пустыні і прыпынак у Кадэшы, дадатковыя законы і прыказанні, войны з суседнімі народамі, нарэшце, паход у Мааб і дзеі прарока Білеама. Назва кнігі паходзіць ад фрагменту, дзе перапісваюцца ўсе баяздольныя, як бачым у першых раздзелах кнігі, а таксама напрыканцы.
  • Кніга Другазаконня (Дварым). Кніга падае паўтарэнне закону, учыненае Майсеем перад смерцю. Гэта апошні запавет, перададзены Майсеем свайму народу, які сваім зместам ахоплівае ўвесь закон.

 

Прароцкія кнігі

Нэбіім, альбо Н’біім (Прарокі) ўключае у сябе, акром прароцкіх, некаторыя кнігі, якія сёння лічацца гістарычнымі хронікамі. У прароцкіх кнігах галоўным чынам апісваюцца чарговыя прароцтвы, якія на загад Усявышняга пераказваліся габрэям. Таксама часта там знаходзяцца апісанні жыцця і дзейнасці асобных прарокаў. Прароцкія кнігі падзяляюцца на тры часткі:

• Старажытных прарокаў: уключае кнігі Ісуса Навіна, Суддзяў, Першую Самуэля, Другую Самуэля, Першую і Другую Валадарстваў.

• Позніх прарокаў: уключае ў сябе кнігі трох «вялікіх прарокаў» Ісаі, Ераміі і Эзэхіэля і кнігі дванаццаці «малых прарокаў» – Осіі, Ёэля, Амоса, Аўдзіі, Ёны, Міхея, Навума, Абакума, Сафоніі, Агея, Захарыі, Малахія. У рукапісах «малыя прарокі» складалі асобны сувой і лічыліся адной кнігай.

 

«Астатнія» кнігі, альбо Пісанні

Гэтыя кнігі ўключылі ў сябе творы габрэйскіх мысляроў і малітоўную паэзію. У складзе Кэтувім вылучаецца зборнік з  пяці сувояў, які ўключае Песню Песняў Саламона, Кнігу Руты, Плач Ераміі, Кнігу Эклезіяста і Кнігу Эстэры, сабраныя ў адпаведнасці з гадавым кругам чытанняў у сінагозе. Таксама да Пісанняў належаць наступныя кнігі: Псальмаў, Прыпавесці Саламона, Ёва, прарока Даніэля, Ездры, Нээміі, Першая і Другая Кронікаў.

 

Масарэцкі тэкст

Найстаражытнейшыя тэксты Танах былі напісаныя на старажытнагабрэйскай мове фінікійскім алфавітам, аднак ніводны з гэтых тэкстаў да нашага часу не захаваўся. Найбольш раннія фрагменты біблійнага тэксту, якія захаваліся да нашага часу, датуюцца апошнімі стагоддзямі перад нашай эрай і напісаныя квадратным габрэйскім альфабэтам. Гэтая форма пісання мае кансанантны характар: знакі перадаюць у ім выключна зычныя гукі ў спалучэнні з адвольным ці нулявым (нейтральным) галосным. Старажытнае кансанантнае пісанне характарызуецца таксама адсутнасцю раздзяляльных знакў і прабелаў паміж словамі.

Гіпатэтычная арыгінальная форма біблійных тэкстаў, верагодна, існавала ў некалькіх варыянтах, што сталася прычынаю адрознасці пазнейшых перакладаў. Адной з такіх версіяў быў протамасарэцкі тэкст, які стаўся кансанантным падмуркам масарэцкага тэксту, прынятага за адзіна аўтарытэтны ў габрэйскай традыцыі.

Масарэцкі тэкст быў складзены на падмурку протамасарэцкага тэксту равінамі – масарэтамі традыцыяналістычнай школы, якая знаходзілася ў палестынскай Тыберыядзе ў VII-IX стст. да н. э. У дадатак да протамасарэцкай кансанантнай асновы масарэцкі тэкст уключае таксама Масору – сістэму тэкставых і пазатэкставых знакаў і запісаў, якая характарызуецца наступнымі асаблівасцямі:

  • знакі агаласоўкі (расстаноўкі галосных), фіксаванае чытанне кожнага слова;

• паратэкстуальныя і акцэнтныя знакі, якія падзяляюць тэкст на часткі і раздзелы і адзначаюць варыятыўныя чытанні;

• нататкі масарэтаў.

Адрозненні паміж кансанантным падмуркам масарэцкага тэксту і гіпатэтычным арыгіналам, а таксама паміж масарэцкім і іншымі спосабамі чытання (агаласоўкамі) могуць быць часам досыць выразнымі, аднак старажытнасць і аўтарытэтнасць кансанантнай асновы масарэцкага тэксту дакументальна засведчаная, у тым ліку рукапісамі Кумрана.

Верагодна, што ў падмурак Септуагінты, адзінага дахрысціянскага грэцкага перакладу Старога Запавету, лягла іншая кансанантная версія тэксту, якая й паўплывала на адрознасць складу кніг і дадатковых тэкстуальных уключэнняў.

 

Септуагінта і александрыйскі канон

Септуагінта (традыцыйна пазначаецца рымскай лічбай LXX), ці пераклад Сямідзесяці быў здзейснены ў ІІІ-ІІ стст. да н. э. у Александрыі і з’яўляецца найстаражытнейшым вядомым перакладам Старога Запавету на грэцкую мову. Цытаты з яе сустракаюцца ў Новым Запавеце. Септуагінта адыграла значную ролю ў гісторыі хрысціянскай Царквы, стаўшы, па сутнасці, канонам Святога Пісання на грэцкай мове, з якога пасля былі зробленыя пераклады на іншыя мовы, у тым ліку першы пераклад на царкоўнаславянскую мову. Сёння, нароўні з габрэйскім масарэцкім варыянтам, Септуагінта з’яўляецца адным з двух найстаражытнейшых помнікаў біблійнага тэксту.

Александрыйскі канон Старога запавету быў створаны перакладчыкамі Септуагінты і стаўся асноваю хрысціянскага канону Старога Запавету адносна тэксту, складу і рубрыкацыі кніг. Александрыйскі канон прыкметна адрозніваецца ад габрэйскага Танах як складам кніг, так і іх размяшчэннем і асобнымі тэкстамі. Трэба мець на ўвазе, што тэкстуальна александрыйскі канон заснаваны на іншай, не протамасарэцкай, версіі арыгінальнага тэксту. Варта ўзяць пад увагу таксама і тое, што некаторыя дадаткі ў складзе кніг і тэкстаў могуць мець хрысціянскае паходжанне. Пасля разбурэння Другога Храма Александрыйскі канон не быў прыняты юдаізмам і захаваўся толькі ў спісах хрысціянскага паходжання.

Структурна Александрыйскі канон адыходзіць ад паслядоўнасці кніг Танах праз адрознае жанравае размеркаванне другой і трэцяй частак габрэйскага канону (Прароцкіх і кнігаў і Пісанняў). Гэта 39 кніг, якія падзяляюцца наступным чынам:

• Законаўсталёўчыя кнігі (Пяцікніжжа Майсеева);

• Гістарычныя кнігі (Кніга Ісуса Навіна, Кніга Суддзяў, Кніга Руты, Першая Кніга Самуэля, Другая Кніга Самуэля, Першая Кніга Валадарстваў, Другая Кніга Валадарстваў, Першая Кніга Кронікаў, Другая Кніга Кронікаў, Кніга Ездры, Кніга Нээміі, Кніга Эстэры);

• Павучальныя (паэтычныя) кнігі (Кніга Ёва, Кніга Псальмаў, Прыпавесці Саламона, Кніга Эклезіяста, Песня песняў Саламона);

• Прароцкія кнігі (Кніга прарока Ісаі, Кніга прарока Ераміі, Плач Ераміі, Кніга прарока Эзэхіэля, Кніга прарока Даніэля, Кніга прарока Осіі, Кніга прарока Ёэля, Кніга прарока Амоса, Кніга прарока Аўдзіі, Кніга прарока Ёны, Кніга прарока Міхея, Кніга прарока Навума, Кніга прарока Абакума, Кніга прарока Сафоніі, Кніга прарока Агея, Кніга прарока Захарыі, Кніга прарока Малахія).

Акром гэтага, да канону дададзеныя дзевяць кніг; яшчэ тры кнігі тэкстуальна дапоўненыя. Гэтыя кнігі лічацца некананічнымі ці другакананічнымі.

Другая Кніга Кронікаў уключыла дадатковую малітву Манасіі (36:24 і наступныя). У Кнізе Эстэры (перад першай часткай) дададзены Пралог, загад аб знішчэнні габрэяў Артаксерксам (паміж 13 і 14 вершамі 3-га раздзелу кнігі), малітва Мардахея і Эстэры (напрыканцы 4-га раздзела кнігі) і распараджэнне Артаксеркса, якое адмяняе папярэдні загад (паміж 12 і 13 вершамі 8-га раздзела). У Кнізе прарока Даніэля дададзеная песня трох юнакоў (паміж 23 і 24 вершамі 3-га раздзела) і два дадатковых раздзелы – 13-ты і 14-ты. Дададзеныя цалкам Кніга Тобія і Кніга Юдыты, Кніга Мудрасці Саламона і Кніга Мудрасці Сіраха, Кніга прарока Баруха і Пасланне Ераміі, а таксама дзве Кнігі Ездры. У некаторыя спісы Септуагінты ўключаны цалкам Першая і Другая Кнігі Макабэяў.

 

Айцец Сяргей СУРЫНОВІЧ для КРЫНІЦА.INFO

 

Літаратура

Б. Мецгер Текстология Нового Завета. — М.: ББИ, 1999, стр. 44-46. — ISBN 5-87507-011-0

K. Aland B. Aland, Der Text des Neuen Testaments, Duetsche Bibelgesellschaft, Stuttgart 1989.

Christian–B. Amphoux, Codex Vaticanus B: Les points diacritiques des marges de Marc, Journal of Theological Studies vol. 58 (2007), pp. 440-466.

Frederic G. Kenyon, Our Bible and the Ancient Manuscripts (4th ed.), London 1939.

Bruce M. Metzger, Manuscripts of the Greek Bible: An Introduction to Palaeography, Oxford University Press, Oxford 1981.

Ph. B. Payne – P. Canart, The Originality of Text-Critical Symbols in Codex Vaticanus, Novum Testamentum, Vol. 42, Fasc. 2 (Apr., 2000), 105-113.

T.C. Skeat, The Codex Vaticanus in the 15th Century, JTS 35 (1984), 454-465.

Burnett H. Streeter, The Four Gospels. A Study of Origins, Oxford 1924.

C. Vercellonis, J. Cozza, Bibliorum Sacrorum Graecus Codex Vaticanus, Roma 1868.

 

Заўвагі:

[1]пар. Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. —Мн.: Навука і тэхніка, 1990. —207 с.: іл. С.157—158.

[2] пар. там жа, с.162—163.

[3] пар. там жа, с.164—165

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі