Хроніка ганенняў на хрысціян у Данбасе і Крыме: жнівень-верасень

донбас
photo – reuters

КРЫНІЦА.INFO ўжо апісвала ганенні, з якімі сутыкаюцца хрысціяне Украіны ў сувязі з цяжкімі падзеямі гэтага года: акупацыяй Крыма, вайной на ўсходзе краіны і гэтак далей. Прайшло ўжо больш за месяц з часу выхаду папярэдняга матэрыялу, але сітуацыя, нягледзячы на абвешчанае перамір’е, да лепшага не змяняецца. Па-ранейшаму гінуць людзі, людзей крадуць і бяруць у закладнікі за іх перакананни, захопліваюцца і знішчаюцца храмы.

У сувязі з гэтым КРЫНІЦА.INFO прадстаўляе новы агляд ганенняў, які ахоплівае другую палову жніўня і верасень 2014 года. Як і ў папярэднім матэрыяле, мы пастараліся сабраць сведчанні аб ганеннях, якія паступаюць ад розных Цэркваў, незалежна ад таго, гвалту з боку прадстаўнікоў якога з варагуючых бакоў падвяргаліся вернікі.

21 жніўня. У горадзе Першамайску Луганскай вобласці, які не кантралюецца ўкраінскай арміяй, згарэў дом малітвы царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Адраджэнне». Па заяве пажарных, прычынай пажару стаў падпал.

23 жніўня ў горадзе Кіраўскае (Данецкая вобласць) падчас артылерыйскага абстрэлу адзін з снарадаў трапіў у храм Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата ў гонар святога праведнага Іаана Кранштацкага. Снарад прабіў дах у цэнтры будынка і абрынуў перакрыцце на людзей, якія маліліся. Свечніца Вольга Радчанка і прыхаджане Зінаіда Мялуга і Віктар Чарнышоў памерлі на месцы, з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваныя другі святар храма протаіерэй Сергій Півень, яго жонка Людміла, прыхаджанкі Таццяна, Надзея, Любоў і Любоў.

1 верасня ў выніку артылерыйскага або мінамётнага абстрэлу цэнтра горада Енакіева (Данецкая вобласць) пацярпелі будынак і тэрыторыя царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Святло Евангелля». Пашкоджаны плот і фасад храма: пацярпелі ўваходныя дзверы ў будынак, у многіх вокнах вылецела шкло, моцна пацярпела вартоўня.

Увечары 2 верасня грэка-каталіцкі святар Багдан Касцецкі выехаў з групай з 15 вернікаў з Еўпаторыі ў Ялту. Аднак па дарозе іх затрымалі невядомыя і ўтрымлівалі ў склепе. Раней святар заяўляў, што за ім сачылі, яго тэлефоны праслухоўвалі, а яго самога выклікалі на “гутаркі” ў аддзяленне ФСБ.

11 верасня. Стала вядома, што польскаму каталіцкаму святару, які больш за пяць гадоў праслужыў у Крыме, пробашчу парафіі ў Сімферопалі Пятру Расахоцкаму расейскія ўлады загадалі да 25 кастрычніка пакінуць паўвостраў.

12 верасня. Архіепіскап Запарожскі і Мелітопальскі Лука заклікаў вернікаў да пільнасці ў сувязі з дзеяннямі груп асобаў, якія збіраюць подпісы за перавод храмаў Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата пад юрысдыкцыю Кіеўскага Патрыярхата.

16 верасня. Каталіцкі біскуп Адэска-Сімферопальскі Браніслаў Бярнацкі распавёў, што прававы статус прыходаў Крыму незразумелы, паколькі сталіца дыяцэзіі знаходзіцца на тэрыторыі Украіны. Ужо цяпер расійскія ўлады не хочуць прымаць дакументы з яго подпісам ардынарыя. Некаторыя святары з польскім грамадзянствам вымушаныя былі пакінуць паўвостраў. Астатнім пастаянна рэкамендуюць супрацоўнічаць з расійскай службай бяспекі. Па словах біскупа, не ўсе святары псіхалагічна вытрымліваюць ціск расійскі службы бяспекі, і таму пакідаюць Крым. Прадстаўнікі расійскай улады ўжываюць таксама запалохванне, і людзі пачынаюць ўсяго баяцца.

18 верасня. З’явілася інфармацыя аб тым, што кіраўніку Камісіі па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству Данецкага экзархата Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Ціхану Кульбаку, які амаль два тыдні знаходзіўся ў палоне ў сепаратыстаў, зноў паступілі пагрозы фізічнай расправы, калі ён вернецца ў Данецк. “Не ўздумай с… вярнуцца ў Данецк -здохнеш адразу», – абвяшчала смс.

Па стане на 23 верасня на тэрыторыі так званых ЛНР і ДНР невядомымі ў камуфляванай форме захопленыя будынкі і маёмасць наступных цэркваў і арганізацый пратэстанцкіх канфесій: будынак царквы ЕХБ “Дом малітвы для ўсіх народаў” (Антрацыт, Луганская вобласць), будынак царквы МСЦ ЕХБ (Луганск ), будынак царквы ЕХБ “Віфанія” (Данецк), комплекс будынкаў Данецкага Хрысціянскага універсітэта, будынак царквы ЕХБ братэрства незалежных цэркваў і місій ЕХБ (Данецк), будынак царквы “Абнаўленне”, Саюз свабодных цэркваў ХВЕ (Красны Луч), будынак царквы “Слова жыцця “(Данецк). Таксама ў выніку абстрэлаў пашкоджаныя або знішчаныя царква ЕХБ “Хрыста Збавіцеля” (Лісічанск, Луганскай вобласць – пашкоджаны сцяна і дах), царква ЕХБ “Адраджэнне” (Першамайск Луганскай вобласці – спалена), царква ЕХБ Ілавайска (Данецкая вобласць – разбурана ў выніку траплення снарада).

25 верасня. Пастар з Данецка Сяргей Касяк паведаміў, што ў пасёлку Яленаўка прарасійскія баявікі пры падтрымцы мясцовых актывістаў зладзілі некалькі дзён таму аблаву на пратэстантаў. Яны ўрываліся ў дамы, забіралі служыцеляў, а пасля рабавалі пустыя дамы і кватэры. «Дзякуй Богу, нікога не забілі, але папярэдзілі, што ўсё ў іх пад кантролем, і ў выпадку “амерыканскай агітацыі” проста расстраляюць, і я разумею, што гэта не блеф», – адзначыў пастар.

27 верасня ў Горлаўцы, якая знаходзіцца пад кантролем так званай Данецкай Народнай Рэспублікі, у малітоўны дом адвентыстаў сёмага дня падчас абраду прычасця ўварваліся людзі ў камуфляжнай форме, узброеныя аўтаматамі. Яны перапынілі набажэнства і прымусілі людзей, якія маліліся разысціся. Пастару Сяргею Літоўчанку загадалі зачыніць памяшканне царквы, прымусілі яго сесці ў адну з машын і павезлі ў невядомым кірунку. Тыя, хто нападаў матывавалі свае дзеянні тым, што «гэта праваслаўная зямля і на ёй няма месца розным сектам».

Пры напісанні выкарыстаныя матэрыялы сайтаў forum18.org, invictory.com, patriarchia.ru

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі