100-гадовы юбілей адзначыў касцёл, у якім прыняў першае прычасце Казімір Свёнтак (фотарэпартаж)
Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў гарадскім пасёлку Відзы адзначыў 5 кастрычніка 100-гадовы юбілей, перадае карэспандэнт партала КРЫНІЦА.INFO.
Касцёл ў Відзах найвышэйшы ў Беларусі – вышыня ягонага шпіля дасягае 61 метра. Праз гэта і пасёлак вядомы па ўсёй краіне і за яе межамі. Драматычная гісторыя сакральнага будынка цалкам адлюстроўвае трагічны лёс Беларусі апошняга стагоддзя – разбураны Першай сусветнай трывалы правінцыйны лад, уварванне новых ідэяў, бойка новай савецкай веры з Богам, паступовы заняпад паселішча, развіццё якога не ўваходзіла ў пяцігадовыя планы эканамічнага росквіту. Як і іншыя памежныя заходнебеларускія вёскі, Відзы з цягам часу ператварыліся ў сваеасаблівы падмурак святыні, крыж якой прасякае аблокі.
На святкаванне 100-гадовага юбілею каталіцкай святыні прыехалі святары з іншых парафій – кс. Эдвард Ахрамовіч з Опсы, кс. Станіслаў Мжыглуд з Браслава, кс. Мікалай Ліпскі з Лучая, кс. Андрэй Бочар з Далёкіх, кс. Генадзь Ляўкоў з Дрысвятаў. Асабліва шчыра віталі жыхары Відзаў ксяндза Казіміра Гваздовіча, які працаваў тут на мяжы стагоддзяў, у першыя гады пасля аднаўлення касцёла. Прыехалі госці з Польшчы, Літвы, Латвіі і Расіі – лёс раскідаў нараджэнцаў гэтых мясцінаў па ўсім свеце, юбілей святыні стаўся для шматлікіх сем’яў нагодай у поўным складзе сабрацца за святочным сталом.
Да свята ксёндз пробашч Альфрэд Пяхота надрукаваў фірмовыя паштоўкі і буклеты, у якіх пададзеныя асноўныя звесткі з даклада пра гісторыю парафіі, прачытанага перад Святой Імшой. КРЫНІЦА. INFO ужо апавядала пра пакручысты лёс неагатычнай святыні, будаўніцтва якой распачаў у 1904 годзе адмыслова запрошаны архітэктар, імя якога гісторыя не захавала, – затое захавалася паданне аб тым, што на стварэнне цуда прыгажосці яго натхніла каханне да мясцовай заможнай дамы. Абедзве вайны (на ўспамін пра іх у мурах касцёла рэстаўратары пакінулі снарады, што патраплялі ў святыню) і паваенны час спынілі духоўнае жыццё храма, але мінуў час, і пабудова зноў стала Божым домам.
Некалі ў гэтым касцёле прыняў першае прычасце будучы кардынал Казімір Свёнтак. Пра гэта нагадаў у гаміліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ўзначаліў Святую Імшу, напрыканцы якой асвяціў памятны камень у гонар Казіміра Свёнтка, – менавіта кардынал дваццаць гадоў таму паўторна асвячаў адноўлены храм.
У часе Святой Імшы некалькім сотням вернікам быў надзялены Сакрамант Канфірмацыі. Іх было менавіта некалькі соцень – старых і маладых. Адпачатку да прыняцця сакраманта рыхтавалася адно моладзь, але пасля шмат хто з жыхароў Відзаў выказаў жаданне таксама атрымаць яго менавіта ў гэты важны дзень.
Люцыя Давыдчук, фота аўтара
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- У Гомельскай епархіі выдалі цікавы каляндар пра мясцовых святых 12.08.2022 06:08
- У Кіеве суд пачаў разглядаць справу пра захоп храма УПЦ 11.08.2022 17:49
- Пробашча парафіі ў Лынтупах Аляксандра Барана арыштавалі на 17 сутак 10.08.2022 07:15
- «Не памрэ тваё імя» — Выйшла кніга пра памерлую настаяцельніцу Полацкага манастыра 10.08.2022 04:44
- З’явіўся анонс святкавання Дня памяці Манефы Гомельскай 09.08.2022 20:26
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)