ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду Біскупаў у Ватыкане чакаецца “гарачай”

sinodУ базыліцы святого Пятра ў Ватыкане распачалася ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду Біскупаў, прысвечаная сям’і ў кантэксце новай евангелізацыі. Праца пачалася Святой Імшой, якую 5 кастрычніка ўзначаліў Папа Францішак.

У Сінодзе ўдзельнічаюць каля 260 іерархаў, экспертаў і гасцей ад іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, 191 айцец Сіноду. Беларусь прадстаўленая мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, Маскоўскі Патрыярхат (на правах госця) – старшынёй Аддзела знешніх царкоўных сувязяў мітрапалітам Валакаламскім Іларыёнам, паведамляе catholic.by.

Хрысціянскі свет, а таксама СМІ чакаюць ад працы айцоў Каталіцкага Касцёла пэўнага перагляду тэзісаў вучэння Касцёла адносна сям’і. Паўторныя шлюбы і іншыя штодзённыя праявы жыцця сучаснага свету будуць у цэнтры ўвагі біскупаў. Напярэдадні падрыхтоўкі да ІІІ Надзвычайнай сесіі ўсе Канферэнцыі Біскупаў даслалі ў Ватыкан свае справаздачы па пытаннях сітуацыі сем’яў і праблемаў, з якімі сутыкаюцца сужэнкі-каталікі. Аналіз, зроблены ў розных краінах, паказаў, што многія сем’і не жывуць згодна з прынцыпамі Евангелля і вучэннем Касцёла. Па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, «перад Сінодам стаіць вельмі адказнае пытанне: як дапамагчы сучасным сем’ям, якія павінны змагацца з вельмі небяспечнымі выклікамі часу, захаваць ідэнтычнасць створанага Богам інстытуту сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, мэта якога – сумеснае жыццё, працяг чалавечага роду і выхаванне маладога пакалення».

Па словах мітрапаліта, «відавочна, што ў сучаснай вельмі складанай сітуацыі, у якой знаходзіцца сям’я, што перажывае крызіс, неабходна больш кіравацца ідэяй Божай міласэрнасці, аднак у той жа час відавочна і тое, што пры ўсім гэтым неабходна захоўваць Божы закон як гарант захавання інстытуту сям’і. Практыка жыцця не павінна супярэчыць вучэнню Хрыста. Таму перад Сінодам стаіць вельмі складанае заданне – як, не парушаючы Божага закону і кіруючыся прынцыпам Божай міласэрнасці, вырашыць праблемы сям’і, якая знаходзіцца ў крызісе».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі