Ганна Харланчук-Южакова. Не магу маўчаць

Гэты тэкст Ганна Харланчук-Южакова спачатку напісала для сваёй старонкі у Фэйсбуку. Але выказанае гэтай мнагадзетнай мамай нам падалося настолькі важным і набалелым, што мы папрасілі дазволу надрукаваць гэты «крык душы» і на КРЫНІЦЫ.INFO. Мы вельмі жадаем, каб разважанні Ганны прачыталі як мага больш чалавек, прачыталі і выказаліся на гэту тэму. Калі знойдзецца, што сказаць – пішыце на электронную пошту redaktor.krynitsa@gmail.

***

harlanthuk3Я ніколі не выкладвала свае асабістыя думкі ў інтэрнэт, але сёняшняе здарэнне вымушае мяне гэта зрабіць. У актораў гэта называецца «не магу маўчаць».

Зранку зайшла ў бібліятэку, каб узяць дзецям кнігі. У ёй я ўпершыню, таму запісваюся. Бібліятэкарка запытвае, колькі дзіцёнку год. Па майму адказу разумее, што не дзіцёнку, а дзецям, якіх чыцьвёра. Тады, гледзячы на мой жывот, запытвае:
— Гэта што, пяты?
— Так.
— Гэта, з-за кватэры?
— Што??????????????

Кожны раз, калі я чую гэта пытанне, хочацца верыць, што мне падалося, што я нешта не так зразумела. Але, на жаль, не падалося. Пытанне было: «Гэта з-за кватэры?» Тады я проста слупянею і нічога не магу сказаць. Але выраз майго твару адназначна змяняецца, і жанчына, апраўдваючыся, кажа:
— Шмат хто так робяць.
— Жах, — ўсё, што я змагла ёй адказаць і хутчэй адтуль пайшла, бо думала, што ўзарвуся.

Адтуль я паехала забіраць дзяўчынак з музычнай школы, сустракаць з імі Піліпа, каб яго адвесці на англійскую мову. А ён прывёў мне Аліву, бо яна яшчэ маленькая, каб заставацца дома адной, таму ўсіх астатніх дзяцей развозіць па занятках разам са мной. Увесь час у галаве стаяла пытанне: «Гэта з-за кватэры?». І я падумала, а што, калі б зараз камусьці з маіх дзяцей, а лепш усім адразу, сказаць, што яны каштоўны для нас толькі таму, што з-за іх нам далі большую кватэру. Мы ж ужо пяць гадоў усе жывем у «двухпакаёўцы». Яны павінны зразумець.

harlanthuk1Чаму не? Давайце скажам ім, тым, для каго мы, бацькі, самыя важныя і неабходныя, ад якіх яны чакаюць моцнай рукі, якая прывядзе іх у дарослае жыццё, і вялікага шчырага сэрца, у я кім есць неабходнасць іх любіць, пакрываць і прабачаць ім іх памылкі, давайце скажам нашым дзецям, што прыход іх на гэтую Зямлю не дзеля іх вялікага паклікання, а справа ў 20 кв.м. Але ж ім гэтыя лічбы не зразумелыя, яны нават усміхнуцца. Таму скажам прасцей «вы несваечасовыя, непатрэбныя, проста лішнія…». Давайце?

Я ехала і задавала сабе сто пытанняў. Калі наша грамадства апынулася ў стане, калі дзеці сталіся жахлівым цяжарам, жыццё стала смеццем? Грамадства, дзе на цяжарную жанчыну з чатырма дзецьмі ўвесь час азіраюцца і спачувальна ўздыхаюць. Як жа так? У якім стане мы знаходзімся, што многія сем’і нараджаюць дзяцей, каб палепшыць свой жыллёвы камфорт. А тыя, хто не нараджае і не марыць пра вялікую сям’ю, думаюць пра шматдзетныя сем’і, што імі кіруе не любоў да дзяцей, а толькі жаданне жыцця ў новай вялікай кватэры.

Жыццё перастала быць для нас каштоўнасцю. Дзеці абцяжарваюць настолькі, што бацькі не дачакаюцца, калі скончацца выходныя, каб зноўку адправіць гэтых »монстраў« у садок, школу ці яшчэ кудысьці. Я чую: «Які жах, ты выхоўваеш іх дома. Я думала табе стане лягчэй з пачаткам навучальнага года». Я зноў слупянею ад гэтых фраз, хаця пара б ужо да іх прызвычаіцца, але ж так не хочацца.

harlanthuk2Таму лепш я пайду спаць, бо ўжо позна, і думкі блытаюцца. І, канешне ж, мне трэба ўзнавіць сілы, каб заўтра рана прачнуцца — любіць, абдымаць, адказваць на неверагодную колькасць пытанняў, выхоўваць, навучаць, сядзець разам гадзінамі за падручнікамі, за фано, разбірацца ў нотах, гатаваць, усміхацца, сумаваць, хвалявацца, памыляцца РАЗАМ, у адказ пастаянна чуць «я так моцна цябе люблю» — каб уначы ізноў упасці без сіл, ведаючы, што быць бацькамі — гэта вялікая адказнасць. Што дзеці — гэта дар Нябёсаў. Што яны — вялікая каштоўнасць для Бога, а значыць і для мяне. І што сёння гэта складаная праца, але ад яе будзе залежыць, кім стануць мае дзеці. Ці змогуць яны стаць людзьмі, якія будуць сціраць са свядомасці нашага грамадства сумнае, адмоўнае ўяўленне пра шматдзетныя сем’і.

Ніколі раней я не хацела казаць пра гэта ці хваліцца сваёй сям’ёй. Хіба што журналісты ў інтэрв’ю заўсёды спытаюць пра дзяцей ды выхаванне. Але сёння мне хочацца пра гэта крычаць. Развесіць бы па ўсім горадзе рэкламныя шчыты з шчаслівымі шматдзетнымі сем’ямі з надпісам «Шчасьце, а не 20 кв.м». Менавіта шчаслівымі, бо я такіх ведаю не мала.
Што думаеце Вы? Хто для Вас дзеці???

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі