Кастусь Шыталь. Можна вылучыць два тыпы грэшнікаў

страшны судМожна вылучыць два тыпы грэшнікаў. Грэшнікі, якія каюцца і грэшнікі нахабныя.

Да ліку першых належаць тыя, хто пайшоў за Хрыстом. Кожны нармальны хрысціянін усведамляе, што ён грэшны. “Калі кажам, што не маем граху, ашукваем саміх сябе, і няма ў нас праўды”, — піша апостал Ян (1 ліст Яна, 1, 8).

Ідзеш да споведзі, вызнаеш грахі святару, раскайваешся і абяцаеш выправіцца. Зноў грашыш, зноў каешся. І заўважаеш, як пакрысе жыццё мяняецца – але ўсё роўна да канца жыцця застаешся і лічыш сябе грэшнікам.

А ёсць такія, якія грашаць і каяцца не хочуць. І ў Касцёле такія трапляюцца. Вось, прыходзіць у Вялікім Посце парафіянін, які ад Калядаў у касцёл не зазіраў. Ідзе да споведзі. Кажа, што ў касцёл не ходзіць, і што гарэлку п’е. І працягвае ў касцёл не хадзіць і гарэлку піць.

Адну гісторыю я пачуў некалькі месяцаў таму, але ўспамінаю дагэтуль. Была адна пабожная бабуля, якая хадзіла і на Імшу, і на Крыжовы шлях, і на маёвыя, чэрвеньскія ды ружанцовыя набажэнствы. І была ў яе пабожная дачка, якая штонядзелі хадзіла ў касцёл.

І была ў яе ўнучка – не ведаю, ці пабожная, але неяк у адзінаццатым класе, як кажуць, заляцела. Што тады пачалося! Пабожная бабуля і пабожная матуля ледзь не за валасы пацягнулі гэтую дзяўчыну, каб рабіла аборт.

Пэўна ж, спадзяваліся, што заб’юць дзіця, потым скажуць на споведзі, і ўсё з рук сыдзе.

Не сыдзе. Касцёл навучае, што для прабачэння грахоў патрэбнае раскаянне і цвёрдая пастанова далей не грашыць. Хто лічыць грэх нармальнай справай, і хто думае грашыць далей – той прабачэння не атрымае.

Многія спрабуюць і жыць па-д’ябальску, і супакойваць сябе рэлігійнымі практыкамі. І думаюць, што ўсё нармальна. І, магчыма, здзівяцца, калі памёршы, апынуцца не ў валадарстве Таго, чыіх храмаў тапталі падлогу – а ў валадарстве таго, па чыім беззаконні жылі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі