Кандрусевіч аб выніках Сінода і рашэнні мэра Рыма аб гомасэксуальных шлюбах

кандрусевічНа 13-й генеральнай кангрэгацыі Сінода каталіцкіх біскупаў яго ўдзельнікам быў прадстаўлены тэкст паслання да сем’яў. Па словах мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча, гэта пасланне можна назваць адным з галоўных дакументаў Сінода разам з рэляцыяй Сінода.

Пасланне, па-першае, паказвае, што Царква падзяляе складаныя сітуацыі сучасных сем’яў, а па-другое, адначасова дае надзею, сказаў мітрапаліт, паведамляе Сatholic.by.

Ён адзначыў, што гэтая надзея ў даверы Богу, у пасвячэнні сем’яў, якія з’яўляюцца прыкладам, у хрысціянскім выхаванні моладзі, у адпаведнай падрыхтоўцы да шлюбу і інш.

У цэлым тэкст паслання быў прыняты станоўча, але былі і сур’ёзныя заўвагі (усяго прапаноў была каля 150).

Сам мітрапаліт прапанаваў больш увагі звяртаць на хрысціянскае выхаванне моладзі, а таксама – звярнуцца да ўрадаў і грамадстваў у розных краінах свету, каб тыя больш увагі звярталі на праблемы сем’яў і на іх падтрымку канкрэтнымі заканадаўчымі актамі і практычнай справай.

Пасля ўнясення змяненняў дакумент у абноўленым варыянце абсалютнай большасцю галасоў быў прыняты.

Пантыфік пасля гэтага узяў слова. Папа Францішак з вялікай трывогай у голасе распавёў пра тое, што мэр Рыма праінфармаваў Святога Айца аб прыняцці рашэння рэгістраваць у сталіцы Італіі гомасэксуальныя саюзы, паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч.

Папа з горыччу дадаў, што гэтае рашэнне мэр Рыма прыняў у апошні дзень працы Сінода.

На думку Тадэвуша Кандрусевіча, сапраўды, гэта рашэнне з’яўляецца яшчэ адным выклікам Царкве і напамінам пра тое, што свет усё больш адмаўляецца ад маральных каштоўнасцяў і атакуе сям’ю, як галоўную біялагічную клетку грамадства.

18 кастрычніка таксама была прынятая Рэляцыя Сінода, якая складаецца з трох частак i 62 параграфаў.

Пасля завяршэння галасавання было абвешчана аб рашэнні Папы Францыска публікаваць не толькі тэкст Рэляцыі, але і вынікі галасаванняў.

У заключэнне Папа падзякаваў арганізатарам і ўсім удзельнікам і выступіў з прамовай. Пантыфік падкрэсліў, што Касцёл павінен застацца верным вучэнню Хрыста і сваёй дактрыне ў сферы сям’і і адначасова міласэрным, памятаючы пра тое, што вышэйшы закон – выратаванне душ.

На перадзе цэлы год да прыняцця Сінода 2015, і гэты час трэба прысвяціць дбайнай працы над рэляцыяй, як накіроўваючай лініяй для падрыхтоўкі да Сінода, адзначыў Папа.

19 кастрычніка адбылося афіцыйнае закрыццё трэцяй Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, прысвечанай сям’і.

Падчас Імшы Папа Францішак беатыфікаваў Папу Паўла VI, які пасля смерці Яна XXIII ўзяў на сябе кіраўніцтва Другім Ватыканскім Саборам і шчасліва завяршыў яго. Павел VI ўвайшоў у гісторыю Царквы як Папа дыялогу і паслясаборавых рэформаў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі