Эксперт: 25 гадоў таму Польшча перажыла рэвалюцыю

МайманПадзеі 1989 года ў Польшчы, падчас якіх абрынуўся камуністычны лад, былі самай сапраўднай рэвалюцыяй, хоць і без масавых пратэстаў ды ахвяр. Пра гэта на сустрэчы з беларускімі журналістамі заявіў прэзідэнт Польскага агенцтва інфармацыі і замежных інвестыцый (ПАІіЗІ) Славамір Майман. “Гэта была самая нецікавая рэвалюцыя”, – сказаў ён, паведамляе карэспандэнт “Крыніцы”.

“Камунізм скончыў сваё кіраванне не таму, што людзі перасталі чытаць Маркса і Энгельса, а таму, што камуністычны рэжым не змог даць рады з эканомікай і вымушаны быў перадаць уладу апазіцыі”, – падкрэсліў эксперт.

Важным наступным крокам, на які не вырашыліся многія іншыя посткамуністычныя краіны, лічыць Славамір Майман, стала шокавая тэрапія, якая разам з тым спрычынілася да закрыцця многіх буйных прадпрыемстваў, інфляцыі амаль у 600% і гэтак далей. “Палякі пагадзіліся на шокавую тэрапію, пагадзіліся, што ў іх адымуць пінжак і капялюш”, – адзначыў прэзідэнт ПАІіЗІ.

Тым не менш, мяркуе ён, толькі такія радыкальныя меры разам з цяжкай працы дазволілі Польшчы дасягнуць сёння самых высокіх паказчыкаў ва Усходняй Еўропе. “14 гадоў мы ўкалывалі, каб патрапіць у ЕС. Нас прынялі не таму, што мы такія дэмакраты, а таму, што мы цяжка працавалі. Потым мы сталі працаваць яшчэ цяжэй, каб не быць у канцы, сталі шостай эканомікай у ЕС і праз тры гады мусім апярэдзіць Іспанію”, – паведаміў Славамір Майман.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі