Religious Freedom in the World 2014: у Беларусі пагоршылася рэлігійная свабода

міліцыя касцёлУ Беларусі рэлігійныя групы падвяргаюцца пастаяннаму дзяржаўнаму кантролю, прычым за 2013 года рэлігійная свабода ў краіне пагоршылася. Два мільёны чалавек сутыкаюцца з пераследам, уключаючы каталікоў, пяцідзесятнікаў, баптыстаў і іншых пратэстантаў, Сведак Іеговы і іншых, гаворыцца ў справаздачы «Religious Freedom in the World 2014» міжнароднай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Касцёл у патрэбе”.

Прыводзім пераклад тэксту дакладу, які тычыцца сітуацыі ў Беларусі:

«Некаторыя скаргі паступілі ад прадстаўнікоў пяцідзесятніцкай царквы «Новае жыццё», якая лічыць, што з’яўляецца аб’ектам дзяржаўнай дыскрымінацыі. Паводле яе юрыста Сяргея Луканіна, у снежні 2012 года суполку ў Мінску патрабавалі пакінуць будынак царквы, які быў пабудаваны намаганнямі вернікаў на месцы закінутага кароўніка. Затым раённы суд у Мінску адмяніў загад пра закрыццё. Луканін сцвярджае, што яго абшчына стала сутыкаецца з агрэсіўным ціскам.

Таксама зафіксаваная некаторая крытыка Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ). Сцвярджаецца, што ў шэрагу выпадкаў на людзей аказваўся незаконны ціск, каб зменшыць кошт будаўніцтва новых цэркваў і іншых аб’ектаў, неабходных РПЦ. Напрыклад, шахцёр ў Салігорску заявіў, што работнікаў прымушалі з уласных бедных заробкаў дапамагаць фінансаваць мясцовую новую царкву. Рабочыя не пратэставалі, баючыся страціць свае працоўныя месцы. Нават габрэйскія і мусульманскія шахцёры былі абавязаныя зрабіць свой унёсак для царквы.

Згодна з Аляксеем Шэіным, каардынатарам ініцыятывы «Хрысціянскі Рух», сапраўдная свабода рэлігіі ў краіне не назіраецца, а закон 2002 года аб «Свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» з’яўляецца адным з самых рэпрэсіўных у Еўропе. Ён робіць практычна немагчымай рэгістрацыю новых рэлігійных аб’яднанняў і забараняе вернікам распаўсюджваць свае вучэнні за межамі сваіх месцаў пакланення. Паводле Шэіна, вернікі могуць свабодна маліцца толькі ў царкве, на могілках або крэматорыях; у іншых месцах ім пагражаюць вялікія штрафы і нават турэмнае зняволенне. Акрамя таго, у апошні час, вернікі часта былі пакараныя ў адпаведнасці з артыкулам 193.1 — «палітычным» артыкулам Крымінальнага кодэксу — аб «незаконнай арганізацыі або дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў, рэлігійных груп або фондаў…»

Адзін з найбольш сур’ёзных і спрэчных выпадкаў тычыцца арышту і турэмнага зняволення каталіцкага святара, айца Уладзіслава Лазара, пробашча парафіі царквы Сашэсця Святога Духа ў Барысаве. Лазар, 46-гадовы грамадзянін Беларусі, «знік» 31 мая 2013 года, вяртаючыся з бацькоўскага дома. Яго бацькі страцілі ўсякую сувязь з ім і тэлефанавалі ў бальніцы і морг. Яны паведамілі аб яго знікненні ў міліцыю, але не атрымалі адказу. Па законе, улады абавязаныя паведаміць бліжэйшым сваякам на працягу 12 гадзін пасля арышту. Але гэтага не адбылося, пакуль 26 ліпеня прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сам не заявіў аб яго арышце: «… пэўны час таму мы затрымалі здрадніка, які працаваў на спецслужбы.» Больш ніякіх афіцыйных тлумачэнняў яго затрымання не было. Яму было прад’яўленае абвінавачванне па артыкуле 356,1 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве) за тое, што перадаў грошы і матэрыяльныя каштоўнасці асобе, якая абвінавачваецца ў шпіянажы на карысць замежнай дзяржавы.

Адвакат айца Лазара быў вымушаны падпісаць абавязацельства не выдаваць якую-небудзь інфармацыю пра хаду справы. Сястра святара Яніна Лямбовіч паведаміла аб атрыманні некалькіх лістоў ад брата, у якіх ён толькі пісаў, што знаходзіцца ў добрым здароўі. Мінскі каталіцкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў сваіх святароў памаліцца за іх субрата святара. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, Апостальскі нунцый у Беларусі, сустрэўся з айцом  Лазарам 25 кастрычніка ў адзіночнай камеры, дзе ён утрымліваўся пад вартай. Нунцый запэўніў святара ў блізкасці Папы Францішка і ўсяго Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі. Айцец Лазар выглядаў напружаным, але ўсё ясна ўсведамляючым і ўпэўненым . Ён запэўніў нунцыя, што працягвае жыць, падтрымліваючы сваю веру, застаючыся перакананым патрыётам і любячы Беларусь, і што ён спадзяецца на справядлівае судовае разбіральніцтва. Ён таксама сказаў, што дараваў тым, хто быў прычынай яго пакут і папрасіў нунцыя перадаць усім просьбу памаліцца за яго. Між тым каталіцкія вернікі пачалі кампанію ў падтрымку айца Лазара. Яны сцвярджалі, што рэжым быў апантаны жаданнем адпомсціць Каталіцкай Царкве ў Беларусі і што гэта была спроба запалохаць беларускае грамадства. Алег Волчак, кіраўнік арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» (Украіна), заявіў, што рэжым быў незадаволены пропаведзямі святара. У лістападзе аргкамітэт партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, міжнародная грамадская арганізацыя «Малады фронт» (Чэхія) і праваабарончы рух «За Волю» разам звярнуліся да міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, з просьбай прызнаць айцец Уладзіслава Лазара вязнем сумлення.

Акрамя выпадку айца Лазара, шэраг крыніц пацвердзілі, што ўлады часта аказваюць ціск на служыцеляў культу. Замежныя місіянеры і святары, валанцёры Каталіцкай Царквы і пратэстанцкіх дэнамінацыяў сутыкнуліся са сталымі перашкодамі, такія як дэпартацыя і адмова ў візе. Таксама былі таксама шматлікія акты вандалізму ў дачыненні да культавых будынкаў. Сітуацыя ўскладнялася, калі вернікі спрабавалі арандаваць або набыць будынкі і зямлю. Іншыя адчувалі праблемы пры рэгістрацыі маёмасці царквы. Шэраг дыпламатаў, у тым ліку дзяржсакратар ЗША Джон Кэры, выступілі ў абарону рэлігійнай свабоды. Кэры заявіў «Улады расследуюць вельмі спарадычным і неэфектыўным спосабам выпадкі антысеміцкіх акцый. Яны абмяжоўваюцца тым, што характарызуюць дзейнасць неанацысцкіх груп, як акты вандалізму».

Праваабарончая арганізацыя Форуму 18 заявіла, што ў Беларусі працягваюцца жорсткія атакі на баптыстаў з выкарыстаннем міліцыяй гвалту, каб перапыніць малітоўныя сходу. Гэтая тактыка выкарыстоўваецца супраць усіх груп, якія збіраюцца маліцца без афіцыйнага дазволу. У Гомелі тры баптысцкія лідэры былі аштрафаваныя за гэта злачынства: пастары Мікалай Варушын, Пётр Яшчанка і Валянцін Шчадронак. Супрацоўнікі міліцыі прызналіся Форуму 18, што рэйды былі арганізаваныя КДБ, каб «выкрыць злачынныя групы незарэгістраваных баптыстаў». Члены Рады баптысцкіх цэркваў адмаўляюцца ад дзяржаўнай рэгістрацыі (гэта было адной з прычын, чаму іх так жорстка пераследавалі ў савецкі час), а ў Беларусі гэта разглядаецца як парушэнне заканадаўства аб свабодзе веравызнання. Усе тры пастара адмовіліся плаціць штраф, заявіўшы, што супольная малітва не можа лічыцца крымінальнай справай.

У лістападзе 2013 года даклад пад назвай «Паўгадзіны да вясны — Рашэнне праблем дыскрымінацыі і няроўнасці ў Беларусі» быў апублікаваны праваабарончай арганізацыяй Equal Rights Trust у супрацоўніцтве з Беларускім Хельсінкскім камітэтам. Ён змяшчае падрабязны аналіз сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, разглядаючы свабоду веравызнання, мовы і этнічнай ідэнтычнасці (стар 34 -116).

Высновы

У Беларусі рэлігійная свабода звязана з захаваннем правоў Праваслаўнай Царквы, якая цесна звязаная з дзяржавай. Іншыя рэлігійныя групы, наадварот, падвяргаюцца пастаяннаму дзяржаўнаму кантролю. Рэлігійная свабода ў Беларусі пагоршылася ў разгляданы перыяд. Два мільёны чалавек сутыкаюцца з пераследам, уключаючы каталікоў, пяцідзесятнікаў, баптыстаў і іншых пратэстантаў, Сведак Іеговы і іншых».

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі