Максім Гацак. Таварыш Валовіч, за што расстралялі маіх сваякоў?

валовіч17 лістапада, у чарговую гадавіну “крывава-чырвонага дня календаря”, адзін з лідараў беларускіх камуністаў і па сумяшчальніцтве чыноўнік Менгарвыканкаму Мікалай Валовіч заявіў, што сталінскія рэпрэсіі былі патрэбныя, каб пабудаваць магутную краіну, якую “баяліся і паважалі Злучаныя Штаты”. І расстрэльвалі, паводле яго, толькі ворагаў і шкоднікаў, дый Сталін тут не прычым.

Быць можа, таварыш Валовіч, вы мне адкажыце, за што расстралялі і рэпрэсавалі маіх сваякоў? Якую такую шкоду яны маглі нанесьці магутнаму СССР? Ці для вас галоўнае, каб “баяліся”?

Брат майго прадзеда Макар Пуцікаў з сям’ёй пераехаў з бабруйскіх Хімоў у сучасную Цюменскую вобласьць Расеі яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя. Жыў на хутары, у 1935 годзе стаў вартаўніком царквы ў суседнім сяле Веліжаны. Як вынік, 27 сакавіка 1937 года да яго прыйшлі і зьвінавацілі па артыкуле 58-10 КК РСФСР за тое, што «вёў контррэвалюцыйную агітацыю супраць калгасаў, усхавляў аднаасобнае жыцьцё, распаўсюджваў паразьніцкую агітацыю. Выказваў пагрозы тэрхарактару ў дачыненьні сельскага актыву. Узначальваў царкоўную раду, ладзіў незаконныя зборы грашовых сродкаў сярод насельніцтва на рамонт царквы». Сьледзтва не было доўгім, і 5 верасьня яго прысудзілі да расстрэлу. Праз тры дні, 8 верасьня 1937 года, яго расстралялі.

Такі самы лёс чакаў і ягоную старэйшую дачку Хрысьціну, якая была прыбяральшчыцай і вартаўніцай у Веліжанскай царкве. 30 ліпеня 1937 году яе арыштавалі, а 14 кастрычніка 1937 года расстралялі за тое, што «зьяўляючыся актыўнай сяброўкай контррэвалюцыйнае паўстанцкае арганізацыі, выконвала загады кіраўніка контррэвалюцыйнае арганізацыі. Выказвала сярод царкоўнага актыву сваё незадавальненьне існым ладам, чакаючы пры гэтым на зьмену радзецкае ўлады. Выказвала паразьніцкія настроі».

Расстралялі роднага брата і майго іншага прадзеда – Пяра Сідаровіча зь вёскі Каты на паўночны захад ад Бабруйска. У адрозьненьні ад папярэдніх, ён у Сыбір не выяжджаў, яго забілі на роднай Беларусі. У 1937 годзе яго арыштавалі ў Клімавічах, дзе ён працаваў настаўнікам.  5 студзеня 1938 года за «дывэрсійную дзейнасьць» Пятра Сідаровіча асудзілі да вышэйшае меры пакараньня. Кулю ў патыліцу яму пусьцілі 19 лютага 1938 года ў Магілёве.

Патрапіў пад канвэер сталінскіх рэпрэсіяў і яго дзядзька з матчынага боку -Язэп Пыж з суседняе вёскі Саломенка. Яго, бухгальтара райпрамкамбінату ў Асіповічах, арыштавалі 2 ліпеня 1938 году. Як «польскага агента», роднага брата маёй прапрабабулі 11 кастрычніка прысудзілі да 10 гадоў лягероў у Мардовіі. Аднак у той час рэпрэсіі ўжо пайшлі на спад, і 11 красавіка 1940 году яго рэабілітавалі. Тым ня менш, празь пяць гадоў яго за «пасобніцкую і антысавецкую дзейнасьць» у гады вайны арыштавалі паўторна. 15 траўня 1946 году Язэпа Пыжа зноў накіравалі ў ссылку, на гэты раз на пяць гадоў.

Рэпрэсавалі і брата майго прапрадзедаУльляна Гацака зь вёскі Лейчыцы Бабруйскага павету. Міхала Гацака, які пасьля ўдзелу ў расейска-японскай вайне застаўся ў Сыбіры і працаваў на Амурскай чыгунцы, у 1932 годзе арыштавалі і зьвінавацілі паводле артыкулу 58-10 КК РСФСР “за антысавецкую агітацыю супраць мерапрыемстваў, якія ладзяцца савецкай уладай”. Аднак Міхалу пашчасьціла, што гэта быў 1932 год, а не 1937-ы – яго апраўдалі і вызвалілі. Што сталася зь ім далей невядома.

Магчыма, вы ведаеце, таварыш Валовіч, якую такую шкоду Савецкай дзяржаве маглі нанесьці вартаўнік і прыбяральшчыца царквы, настаўнік, бухгальтар і працаўнік чыгункі? Што такое яны маглі зрабіць?

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі