Чаму кальвінізм паўплываў на развіццё капіталізму? Адказвае пастар Сяргей Удальёў

удальёўНа мінулым тыдні КРЫНІЦА.INFO прадставіла сваім чытачам спіс найбольш часта задаваных пытанняў, якія рускамоўныя карыстальнікі інтэрнэту (дадзеных па беларускамоўных не знайшлося) задаюць пошукавікам аб асноўных хрысціянскіх канфесіях і дэнамінацыях Беларусі. І вось сёння мы прадстаўляем вашай увазе адказы на пытанні аб кальвінізме, якія нам падаў пастар Евангелічнай Рэфармацкай Царквы, вялебны Сяргей Удальёў.

кальвіністы (2)

кальвіністы

1. Чаму я не кальвініст?

Сяргей Удальёў: Ну на першае пытанне я не магу адказаць, таму што яно не пра мяне:).

2. Чаму кальвіністаў называлі пурытанамі? Чаму кальвіністаў называлі гугенотамі?

Сяргей Удальёў: Гугеноты – назва французскіх кальвіністаў. Паходзіць ад словоа eyguenot (aguynos), якая пазначае члена жэнеўскага пратэстанцкага саюза. Яно ўзыходзіць да нямецкага слова eitgenôz ‘субрат, паплечнік, саюзнік’, якім з XIV стагоддзя афіцыйна называюць грамадзяніна Швейцарскай Канфедэрацыі. Пурытанамі (ад лацінскага puritas – чысціня) называлі паслядоўнікаў кальвінізму ў Англіі, якія выступалі за паглыбленне Рэфармацыі і ачышчэнне англіканства ад каталіцкіх элементаў.

Але з пурытанамі усё не зусім так, як з гугенотамі. Пурытане, хутчэй, – адна з плыняў у кальвінізме, асаблівасць якой у больш радыкальных поглядах на практычнае жыццё, чым у традыцыйных кальвіністаў. Іх адрознівае глыбокі аскетызм. Пры гэтым варта адзначыць, што самі пурытанскія багасловы амаль ніколі не цытуюць у сваіх працах Жана Кальвіна. Вось такія яны кальвіністы.

Ды і наогул, цэрквы кальвінскага багаслоўскага напрамку звычайна не называліся кальвіністамі. Звычайна яны называюцца рэфарматамі. Кальвіністамі сябе называюць звычайна баптысты, якія прытрымліваюцца вучэння аб напераднаканаванні і выратаванні. У рэфарматаў ж гэта не асноўная і не галоўная дактрына.

3. Чаму кальвінізм аказаў вялікі ўплыў на развіццё буржуазных адносін? Чаму кальвінізм аказаў вялікае ўздзеянне на развіццё буржуазных адносін?

Сяргей Удальёў: Пытанне вельмі спрэчнае. Ці сапраўды кальвіністы аказалі ўплыў на развіццё буржуазных адносін? Хутчэй, гэта быў ускосны ўплыў. Таму што, калі разглядаць капіталізм, як імкненне да нажывы, то гэта супярэчыць поглядам Кальвіна, які заклікаў вучыцца быць задаволеным тым, што маеш. Хіба што пратэстанцкая этыка і вучэнне пра жыццёвае пакліканне, што любая праца з’яўляецца духоўнай, а не толькі малітва і манаства. Вось гэта і паўплывала на развіццё капіталізму, а не наўпрост.

4. Чаму кальвінізм распаўсюдзіўся ў Нідэрландах? Чаму кальвінізм стварыў рэспубліку ў Галандыі?

Сяргей Удальёў: Так склаўся гістарычны момант. Галандыя змагалася за незалежнасць ад Іспаніі, рымскае каталіцтва ў дадзеным выпадку было на баку Іспаніі, вось галандцы і з’ядналіся вакол Рэфармацкай царквы. Ну а рэспубліку ніхто ў Галандыі не стварыў. Нідэрланды – гэта канстытуцыйнае каралеўства.

5. Чаму кальвінізм гэта дрэнна?

Сяргей Удальёў: Гэтае пытанне лічу дзіўным, бо кальвінізм гэта добра, з якога боку не глядзі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі