Кандрусевіч адслужыў у Гродне Імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння

Мітрапаліт  Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш кандрусевічКандрусевіч 9 лістапада ўвечары адслужыў імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай у Гродне. У гэтым касцёле ў 1988-1991 гадах ён быў настаяцелем.

У сваёй гаміліі ён паразважаў над чытаннем Евангелля пра пяць неразумных і пяць мудрых паннаў, паведамляе catholic.by. Першыя пайшлі сустрэць жаніха без алею ў лямпах і не змаглі трапіць на вяселле, бо калі прыйшлі, дзверы ўжо былі зачыненыя, а іншыя шчасліва патрапілі туды. Па словах мітрапаліта, гэты аповяд ні што іншае, як перасцярога быць гатовымі да прыйсця Пана, бо Ён прыйдзе тады, калі мы не спадзяемся.

Таксама іерарх расказаў гісторыю. Адзін чалавек, калі ў яго спыталі, што ён рабіў бы, калі б ведаў, што Хрыстос прыйдзе на наступны дзень, адказаў, што паеў бы, лёг бы спаць, рана ўстаў бы і пайшоў на працу, бо хацеў бы, каб Ісус знайшоў яго выконваючым тое, да чаго Бог яго паклікаў. Да такога ўспрымання другога прышэсця Ісуса выхоўвае нас Царква, адзначыў арцыпастыр.

Гэта выхаванне Царква ажыццяўляе праз святароў і біскупаў, заданне якіх – вучыць людзей праўдзе Евангелля, асвячаць іх Божай ласкай праз здзяйсненне сакрамэнтаў і кіраваць імі, сказаў мітрапаліт.

Арцыбіскуп нагадаў, што 14 лютага 1988 года ён быў прызначаны пробашчам гэтай францішканскай парафіі і адначасова плябанам гарадзенскай парафіі Св. Францішка Ксавэрыя. Ён таксама прыгадаў падзеі свайго дзяцінства і дарослага жыцця, свой шлях пастуха.

Адзначаючы сярэбраны юбілей біскупскай сакры, Тадэвуш Кандрусевіч дзякаваў Дзеве Марыi Анёльскай і святому Антонію за 25 гадоў біскупскага служэння і прасіў дапамогі на будучае служэнне. Арцыпастыр таксама падзякаваў сваім бацькам, якія доўгія гады маліліся ў гэтым храме і тут чэрпалі сілы для захавання веры і выхавання дзяцей у духу любові да Бога і бліжняга, падзякаваў вернікам, сваіх былым парафіянам, за памяць і малітоўную падтрымку.

Пасля набажэнства вернікі павіншавалі мітрапаліта з юбілеем і пажадалі яму Божага благаслаўлення.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама адслужыў імшу падзякі за 25 гадоў біскупскага служэння ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

У Імшы прынялі ўдзел біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Мітрапаліт нагадаў у сваёй гаміліі, што ў гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае свята асвячэння Латэранскай базылікі святога Яна ў Рыме «маці ўсіх цэркваў у свеце».

Па словах арцыпастыра, як Латэранскім базіліка з’яўляецца сімвалам пераследу Царквы і яе адраджэння, таксама і гарадзенская катэдра з’яўляецца сімвалам ганенняў на Царкву ў нашай краіне і яе адраджэння.

Іерарх узгадаў, што 28 гадоў касцёл св. Францішка Ксаверыя заставаўся без пастаяннага святара, і калі вернікі прасілі ўлады аб пастаянным святара, то упаўнаважаны па справах рэлігій Гродзенскай вобласці казаў, што хутчэй на яго далоні вырастуць валасы, чым у Фарным касцёле будзе пастаянны святар.

У 1988 годзе Кандрусевіч быў прызначаны першым пасля 28 гадоў пробашчам гэтага храма.

Гродзенская фара, якая магла падзяліць лёс разбуранай атэістычнай рэжымам Вітаўтавай Фары, стала катэдрай. Зараз у ёй ёсць два біскупы – ардынарый і дапаможны, а таксама шмат святароў. Задумаемся над тым, якой ласкай Бог адарыў гродзенскі народ, бо яшчэ зусім нядаўна было інакш, тут не было пастаяннага святара, адзначыў мітрапаліт.

Ён звярнуў увагу, што вернікі павінны быць аб’яднаныя, каб Царква магла выканаць сваю місію быць сакрамэнтам ўсеагульнага выратавання, а біскуп у Касцёле быў настаўнікам веры, распарадчыкам Божай ласкі і яго кіраўніком.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі