Уладыка Арцемій заклікаў удзельнікаў форуму «Quo vadis?» не баяцца «іншаслаўя»

forumМіжнародны праваслаўны моладзевы форум “Quo vadis?” у чацвёрты раз сабраўся ў Гродне. «Каштоўнасці ў эпоху пераменаў» – так гучала гэтым разам тэма, якая стала праграмнай для ўсіх дыскусій на інтэлектуальнай пляцоўцы, што аб’яднала праваслаўных маладых людзей з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі і іншых краінаў.

Адкрыццё форуму адбылося 7 лістапада на базе санаторыя «Купалінка», прыбылых удзельнікаў прывіталі старшыня Сінадальнага аддзела па справах моладзі Украінскай Праваслаўнай Царквы біскуп Ёна (Чарапанаў), намеснік старшыні Сінадальнага аддзела па справах моладзі БПЦ Яўген Лабанаў, кіраўнік моладзевага аддзела Гродзенскай епархіі іерэй Вячаслаў Гаплічнік. Усе герархі адзначылі важнасць таго факту, што на фоне палітычнага канфлікта паміж суседнімі краінамі людзі, якія вераць у Хрыста, змаглі сабрацца разам, паведамляе orthos.org.

forum2Асаблівую ўвагу ўдзяліў працы форума архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які падкрэсліў нефармальны характар свайго выступу. Адказваючы на складаныя пытанні юных удзельнікаў, якія тычацца ацэнкі святкавання Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, уладыка Арцемій заклікаў да комплекснага асэнсавання падзей амаль стогадовай даўніны, якія прынеслі грамадству жах грамадзянскай вайны, масавых рэпрэсій і ганенняў на Царкву. Аднак, кажучы аб пакутніцтве, спалучаным з ганеннямі, уладыка парэкамендаваў задумацца пра тое, як змяніць уласную царкоўную сутнасць. Таксама казаў уладыка пра шкоду стварэння штучных бар’ераў з «іншаслаўнымі хрысціянамі».

Другі дзень працы форуму “Quo vadis?” прайшоў у панэльных дыскусіях, працы ў групах, гутарках ў інтэлектуальным кафэ і майстар-класах. Праграмную дыскусію «Хто ты сёння?» узначаліў госць з Украіны епіскап Абухоўскі Ёна. У інтэлектуальным кафэ прэзентавалі сябе праваслаўныя скаўты, лідэрская школа, тэатр «Батлейка». У канцы дня адбыўся прагляд мастацкага фільма пра свяціцеля Луку Крымскага.

Завяршылася праца форума Боскай літургіяй у Барыса-Глебскай (Каложскай) царкве XII стагоддзя – найстарэйшай святыні Гродзенскай зямлі, а таксама экскурсіяй па Гродна, якую правялі для гасцей чальцы брацтва пры храме святога Апанаса Брэсцкага.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі