У Мінскім касцёле прайшла міжканфесійная малітва аб ахвярах Першай сусветнай вайны

ekumenПа ініцыятыве беларускага Касцёла 11 лістапада, у дзень, калі пачалася Першая сусветная вайна, у архікатэдральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску адбылася экуменічная малітва аб вечным супакоі для ахвяраў Першай сусветнай вайны. На Святой Імшы, якую ўзначаліў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, маліліся святары і вернікі Грэка-Каталіцкай і Евангельска-Лютэранскай Цэркваў, Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Аб’яднання іудзейскіх рэлігійных супольнасцяў і Рэлігійнага аб’яднання супольнасцяў прагрэсіўнага іудаізму. Разам з іншымі маліліся прадстаўнікі дыпламатычных місій.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч шчыра падзякаваў гасцям за ўдзел у набажэнстве. «Гэта знак салідарнай памяці і супольнай малітвы, а таксама знак нашага клопату аб міры ў сучасным свеце». Мітрапаліт нагадаў, што першаснай прычынай Першай сусветнай вайны, «як і кожнай іншай, было тое, што чалавек забыўся аб законе любові да Бога і бліжняга, аб тым, што кожны бліжні — гэта наш брат», паведамляе catholic.by.

Аб разбуральнай сіле вайны, асабліва відавочнай на прыкладзе падзеяў ва Украіне, казалі асістэнт Апостальскага візітатара для грэка-католікаў Беларусі а. Яўген Усошын, пастар Евангельска-лютэранскай Царквы Уладзімір Татарнікаў. Намеснік епіскапа Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў Аляксандр Лотараў адзначыў, што самым страшным ворагам чалавека з’яўляецца бязбожны атэізм. «Кожны з нас павінен памятаць пра малітву, – зазначыў равін Рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага іўдаізму Рыгор Абрамовіч, зварот якога быў прачытаны яго прадстаўніком Андрэем Дарафеевым. — На жаль, мы не вучымся на гісторыі і сёння працягваем ваяваць».

Удзельнікі богаслужбы разам маліліся «Ойча наш» па-беларуску, а пасля разам маліліся аб вечным супакоі для памерлых.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі