Біскуп Дзям’янка нагадаў маладым святарам пра выклікі сучаснасці і небяспеку для сем’яў

дзям'янкаУ Пінску 13 лістапада завяршылася фармацыйная сустрэча маладых святароў, якія атрымалі прэзбітэрскае пасвячэнне ў апошнія пяць гадоў. У сустрэчы прынялі ўдзел маладыя святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій.

У першай палове дня біскуп Антоні Дзям’янка выступіў перад удзельнікамі сустрэчы на тэму душпастырства сем’яў, паведамляе catholic.by.

Іерарх нагадаў структуру, мэты і задачы Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі і распавёў пра душпастырства сужэнцаў і сем’яў.

Як адзначыў біскуп, у Беларусі мадэль сям’і, якая дзесяцігоддзямі адчувала на сабе прыгнёт атэістычнай прапаганды, захавала аднак прыкметы хрысціянскай сям’і. Таму і душпастырства ў Беларусі павінна ўлічваць гэты аспект, лічыць ён.

Таксама іерарх адзначыў асаблівасці першага Сінода Пінскай дыяцэзіі і яго ролю ў пытаннях сужэнстваў і сям’і. Біскуп перасцярог святароў перад выклікамі сучаснасці і нагадаў пра небяспеку для сем’яў.

Па яго словах, ні першы Сінод Пінскай дыяцэзіі, ні Сінод трох дыяцэзій у свой час не падымалі пытанняў, якія асабліва актуальныя ў наш час — сурагатнае мацярынства, навейшыя раннеабартыўныя сродкі і іх згубнае дзеянне на арганізм чалавека. Заданне сучасных душпастыраў  — данесці да вернікаў недапушчальнасць такіх практык.

Біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка таксама цэлебраваў Святую Імшу на завяршэнне фармацыйнай сустрэчы.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі