Кандрусевіч: Касцёл кардынальна змяніў свае погляды на смяротнае пакаранне

кандрусевічУ міжнароднай канферэнцыі «Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі», што адбылася ў Мінску 13-14 лістапада, актыўны ўдзел прыняў таксама Каталіцкі Касцёл.

Прадстаўнік арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча а. др. Аляксандр Улас OFM Conv зачытаў перад удзельнікамі канферэнцыі даклад Мітрапаліта, які адзначыў, што шчыра вітае тэматыку канферэнцыі, лічачы яе вельмі важнай, паведамляе catholic.by.

У сваім дакладзе арцыпастыр разгледзеў стаўленне Каталіцкага Касцёла да смяротнага пакарання ў гістарычным аспекце, адзначыўшы, што ў параунаннi з мінулым Касцёл з часам кардынальна змог змяніць свае погляды ў гэтай галіне. Па яго словах, Евангельская ідэя міласэрнасці, аб якой так шмат гаворыць Хрыстус, сама сабой паставіла пытанне аб адмене смяротнага пакарання. Таму як Каталіцкі Касцёл, так і Праваслаўная Царква і іншыя хрысціянскія веравызнанні клапаціліся і далей клапоцяцца аб памілаванні асуджанага на смерць, адзначыў Мітрапаліт.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што даследаванні не пацвярджаюць уплыву смяротнага пакарання на працэс выхавання чалавека, бо колькасць злачынстваў у краінах, дзе яно выкарыстоўваецца, не змяншаецца, падобна таму, як і не павялічваецца там, дзе яно адменена.

Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, Касцёл бароніць кожнае чалавечае жыццё ад зачацця да натуральнай смерці, лічыць жыццё святым, непарушным і самым каштоўным дарам Творцы і заступаецца за асуджаных на смяротнае пакаранне.

Асаблівымі прыхільнікамі забароны смяротнага пакарання з’яўляюцца Папы Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і сучасны Пантыфік Францішак. Іх голас мужна гучыць у сучасным свеце, напоўненым рознымі нябяспекамі, пагрозамі і ідэалогіямі, дадаў арцыпастыр.

На канферэнцыі кс. др. Зігфрыд Глезер распавёў пра няпросты шлях, які прайшла Польшча ў заканадаўчай адмене смяротнага пакарання. Святар заахвоціў прысутных прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій Беларусі да супольнага абмеркавання гэтага пытання, адным з рашэнняў якога мог бы стаць мараторый на смяротнае пакаранне.

Таксама выступіў на канферэнцыі выкладчык гродненскай семінарыі кс. др. Мікалай Ціхановіч, які падкрэслiў той факт, што прыхільнікі смяротнага пакарання зыходзяць часта з эмацыйнага стану і жадання помсты, а гэта не можа быць прычынай забіцця чалавека.

Ён зазначыў, што помста з’яўляецца грахом і хрысціяне ў сваіх паводзінах павінны кіравацца Хрыстовым загадам любові, якога так не хапае сучаснаму грамадству.

Па словах святара, звычайнае праяўленне міласэрнасці, любові і пашаны часта ўспрымаецца сучасным грамадствам як гераічны ўчынак, што сведчыць аб занядбанні гэтых каштоўнасцяў у грамадстве.

Як паведамляла Крынiца,  арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама заявіў, што на многія афіцыйныя запыты Каталіцкага Касцёла адносна будынка былога кляштара айцоў бернардынаў у Мінску, які доўгі час заставаўся пустым, не было ніводнага адказу. І стварэнне з былога кляштару гатэлю, і яшчэ з назвай «Манастырскі» — гэта не што іншае, як блюзнерства ў адносінах да вернікаў і Касцёла. Паколькі канферэнцыя праходзіла ў гэтым гатэлі, іерарх ад удзелу ў ёй адмовіўся.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі