Прэс-сакратар БПЦ назваў тры прычыны нязгоды Царквы са смяротным пакараннем

ЛепінПрадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы прынялі ўдзел 14 лістапада ў міжнароднай канферэнцыі «Несмяротнае пакаранне: вытокі адказнай пазіцыі». На 4-й сесіі форуму выступіў старшыня Сінадальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ протаіерэй Сергій Лепін.

Таксама канферэнцыю наведалі старшыня Сінадальнага аддзела БПЦ па турэмным служэнні іерэй Георгій Лапухоў і кіраўнік сацыяльнага аддзела Мінскай епархіі протаіерэй Алег Шульгін, паведамляе church.by.

Пратаіерэй Сяргей Лепін вызначыў тры прычыны нязгоды Царквы з існуючай вышэйшай мерай прысуду: незваротнасць смяротнага пакарання, немажлівасць пакаяння і верагоднасць судовай памылкі. Паводле яго словаў, Праваслаўная Царква не раз намагалася змяніць становішча ў рэчышчы гэтай праблемы. «Мы кажам пра гэта, а нам у адказ сцвярджаюць, што мы маўчым», — заявіў пратаіерэй, паведамляе novychas.info.

БПЦ ўжо не ў першы раз выступае за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі. Так, напярэдадні рэферэндуму 1995 года мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт апублікаваў «Тэзісы аб смяротнай кары», дзе адзначалася, што хрысціяне не могуць апраўдваць смяротнае пакаранне, бо гэта грэх забойства. «Жыццё любога чалавека належыць яго Творцы, Богу. Не мы, грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку, — не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Гасподзь Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё, зведаўшы пакуты, знявагі, здзекі і смерць на Крыжы… Дзяржава, караючы смерцю сваіх грамадзян, кожны раз нанова распінае Хрыста», — заяўляў прадстаяцель БПЦ.

У пасланні да ўдзельнікаў круглага стала «Рэлігія і смяротнае пакаранне» ў 2013 годзе ён пацвердзіў нязменнасць сваёй пазіцыі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі