Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях актавы малітваў да Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні
16 лістапада ў Вільні завяршылася актава малітваў да Маці Божай Вастрабрамскай, у якой некалькі разоў цэлебраваліся святыя Імшы на беларускай мове з удзелам вернікаў з Беларусі.
У апошні дзень актавы ва ўрачыстасцях прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён звярнуўся да некалькіх тысяч вернікаў з акна Вастрабрамскай капліцы, паведамляе catholic.by.
Беларускі акцэнт сёлетніх урачыстасцяў быў вельмі моцным і заўважальным: у Беларусі цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай вельмі добра вядомы і набажэнствы да Яе шырока распаўсюджаны.
У гаміліі беларускі іерарх прыгадаў аб тым, што надпіс на сцяне капліцы на лацінскай мове “Sub Tuum praesidium confugimus” – “Пад Тваю абарону прыбягаем” – вельмі добра нагадвае сутнасць гэтага святога месца. Многія стагоддзі, па словах Тадэвуша Кандрусевіча, людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў спяшаюцца сюды, каб прасіць дапамогі Панны Марыі, а сама Вострая Брама насычана духоўнасцю.
Мітрапаліт нагадаў вернікам, што культ Божай Міласэрнасці цесна звязаны з Вострай Брамай. Менавіта ў ёй у 1935 годзе першы раз быў выстаўлены для публічнага пакланення абраз Езуса Міласэрнага. З гэтага месца культ Божай Міласэрнасці распаўсюдзіўся на ўвесь свет.
Арцыпастыр адзначыў, што дарога з Вострай Брамы вядзе проста ў Мінск і потым далей на Маскву. Божая міласэрнасць праз Вострую Браму прыйшла ў Бацькаўшчыну, лiчыць ён. Пасля трох пакаленняў ганенняў Касцёл атрымаў свабоду, як гэта прадказала Марыя ў Фаціме.
Іерарх дадаў, што сёння, цешачыся з дару свабоды і новых магчымасцяў для Касцёла, мы адначасова бачым, што працэс духоўнага адраджэння вельмі складаны, асабліва беручы пад увагу нарастаючыя тэндэнцыі секулярызму і лібералізму, якія з’яўляюцца вялікай пагрозай для духоўнага адраджэння.
Мітрапаліт падкрэсліў, што быць веруючым азначае “жыць верай не толькі ў касцёле, але і за яго парогам”, азначае “быць сведкамі Евангелля”.
Па словах Мітрапаліта, сёння, калі мы наракаем на свет, на палітыкаў, эканамістаў і г.д., трэба распачаць аднаўленне свету ад сябе саміх і паслухаць параду Марыі: “калі будзеце маліцца і навернецеся, усё будзе добра”.
Падобныя навіны
Апошнія навіны
- Сайт Krynica.info часова спыняе сваю працу 21.09.2022 17:18
- Пастару Вячаславу Ганчарэнку штраф 100 базавых 20.09.2022 14:55
- Затрыманы Вячаслаў Ганчарэнка 20.09.2022 11:53
- Адзін з самых пазнавальных беларускіх календароў ужо ў продажы 19.09.2022 12:11
- “Стаміліся ўсё ад хлусні”. Белгарадскі мітрапаліт лічыць, што ў Расіі з-за вайны можа паўтарыцца 1917 год 19.09.2022 10:43
- «Маці Будслаўская, Маці святая…». Фотарэпартаж
- У першы ў гісторыі Дзень дзядуляў і бабуль фэст у гонар святой Ганны адзначылі ў Жодзішках (фотарэпартаж)
- Маці Божая Шкаплерная зноў паклікала вернікаў у Гудагай
- У Чырвоным касцёле вернікі розных канфесій маліліся за Беларусь (фотарэпартаж)
- Пад Віцебскам ушанавалі ахвяр камуністычных рэпрэсій (фотарэпартаж)
- Патрыярх Кірыл на асвячэнні Храма-помніка ў Мінску: Раптам паўстаў вораг і мірны дух знік (фотарэпартаж)
- Латвія. Рыга. Папа (фотарэпартаж)
- Сустрэча з Папам Рымскім у Літве вачыма беларусаў (фотарэпартаж)
- Юбілейная «Камяніца» сабрала людзей пад Мінскам (фотарэпартаж)