Прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій Беларусі выказаліся наконт багаслоўскай адукацыі

студэнтыПра стан і праблемы рэлігійнай адукацыі ў Беларусі з нагоды адпаведнай міжнароднай канферэнцыі, што прайшла ў Мінску 21-22 лістапада, распавялі прадстаўнікі розных хрысціянскіх веравызнанняў – праваслаўнага, каталіцкага, баптысцкага і пяцідзясятніцкага.

Так, дацэнт кафедры біблеістыкі і хрысціянскага веравучэння Інстытуту тэалогіі імя святых Кірылы і Мяфодзія БДУ, доктар багаслоўя, іераманах Сергій (Акімаў) адзначыў, што адукацыйныя ўстановы Беларускага экзархату з 2012 году перажываюць глыбокае рэфармаванне. Істотна змяняюцца не толькі структура сістэмы праваслаўнай адукацыі, але напаўненне адукацыйнага працэсу і ягоныя методыкі. Пры гэтым арыентацыя ідзе на Балонскую сістэму адукацыі. “Хоць напоўніцу не зможам яе ўспрыняць, бо ў Беларусі іншыя рэаліі і задачы духоўнай адукацыі, якая вылучаецца сістэмнасцю ў падрыхтоўцы спецыялістаў і асаблівай увагай да іх выхавання”, — сказаў ён, паведамляе forb.by.

На яго думку, патрабаванні да ўстаноў праваслаўнай адукацыі Беларусі трэба максімальна наблізіць да стандартаў сістэмы айчыннай дзяржаўнай адукацыі.

Так, у Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах (Слонімскі раён) з’явіўся чатырохгадовы бакалаўрыят, цалкам зменена сістэма адукацыі ў Мінскай духоўнай акадэміі, якая будзе забяспечваць падрыхтоўку ў двухгадовай магістратуры і трохгадовай аспірантуры, што адпавядае дактарантуры паводле Балонскай сістэмы. У 2013 годзе адбыўся першы прыём у магістратуру акадэміі па накірунках біблеістыка, гісторыя царквы і царкоўна-практычныя дысцыпліны, апалагетыка. Апошняя ўпершыню ўключана ў сістэму адукацыі РПЦ.

Для падрыхтоўкі магістраў створаны адпаведныя кафедры, дзе з 2011 году выдаюцца спецыялізаваныя перыядычныя навуковыя альманахі “Хронос”, “Сектоведение“ і “Скрижали”, выдаецца навуковы штогоднік “Труды Минской духовной академии“,выйшаў першы нумар “Вестника студенческого научного общества Минских духовных школ”.

Сістэма духоўнай адукацыі Беларускага экзархату прадугледжвае міжнародны студэнцкі абмен толькі на ўзроўні магістратуры з адпаведным залікам здадзеных дысцыплін. Аднак на ўзроўні бакалаўрыяту ў Беларускім Экзархаце лічаць, што студэнт павінен атрымаць сістэмныя веды, бо баяцца той мазаічнасці, што суправаджае Болонскую сістэму, калі студэнт сам выбірае веды, не заўсёды разумеючы іх важнасць. “У выніку малады чалавек можа не атрымаць той сістэмы поглядаў, якую прадугледжвае айчынны бакалаўрыят. Вось чаму вучэбную свабоду студэнтам мы вырашылі прадастаўляць на больш высокім узроўні магістратуры, дзе апроч беларусаў навучаюцца грамадзяне Малдовы, Сербіі, Расіі і Украіны”, — адзначыў іераманах.

У аспірантуру (дактарантуры) першыя выпускнікі магістратуры змогуць паступіць у 2015 годзе.

Асаблівая ўвага надаецца моўнай падрыхтоўцы студэнтаў, якія вывучаюць старажытныя (латынь, іўрыт, старажытнагрэцкую, царкоўнаславянскую) і сучасныя (нямецкую ці ангельскую) мовы. З гэтага году ў магістратуры акадэміі ўпершыню пачалося завочнае навучанне па накірунку “Царкоўная гісторыя. Царкоўна-практычныя дысцыпліны” для 16 святароў з Беларусі, Расіі і Украіны дзеля падвышэння ўзроўню іх кваліфікацыі. Апроч таго, пры акадэміі запланавана адкрыццё сталых курсаў падвышэння кваліфікацыі для духавенства.

Кардынальна змяніліся і патрабаванні да прафесараў і выкладчыкаў, якія апроч выкладчыцкай, павінны займацца метадычнай і даследчай працай. З гэтага году яны будуць праходзіць абавязковую штогоднюю атэстацыю з улікам грамадскай і выхаваўчай актыўнасці.

Па словах Сергія (Акімава), БПЦ пасуе існуючая прававая сітуацыя, калі тэалагічныя навучальныя ўстановы не адносяцца да дзяржаўнай сістэмы адукацыі, а лічацца рэлігійнымі структурамі. “Так прасцей, хоць у сваёй працы мы абапіраемся на праграмы свецкай адукацыі. Паколькі ж мы рыхтуем кадры, ў першую чаргу, для Царквы, важна, каб менавіта яна была задаволена ўзроўнем падрыхтоўкі нашых выпускнікоў. У гэтай прававой сітуацыі не выключана, што дзяржава можа не прызнаць вышэйшую адукацыю нашых выхаванцаў. Аднак спадзяемся, што такі парадокс з цягам часу здымецца з-за падвышэння ўзроўню рэлігійнай адукацыі і адпаведнасці яе дзяржаўным стандартам”, — сказаў ён.

У сваю чаргу пробашч Мінскага касцёлу святой Тройцы на Залатой Горцы (святого Роха), ксёндз Юрый Санько  адзначыў, што пасля свайго адраджэння Рыма-Каталіцкі Касцёл на Беларусі ўступіў у перыяд развіцця, у тым ліку і ў галіне рэлігійнай адукацыі і выхавання. У Баранавіцкім і Мінскім тэалагічных каледжах вядзецца не толькі навучанне катэхетаў – выкладчыкаў рэлігіі ў нядзельных касцёльных школах для дзяцей, але і паглыбляюцца духоўныя веды вернікаў. “Цешыць тое, што зараз не толькі будучыя святары, але і свецкія вернікі могуць вучыцца на Бацькаўшчыне”, — сказаў ён.

Для падрыхтоўкі айчынных святароў у Беларусі дзейнічаюць дзве вышэйшыя духоўныя семінарыі закрытага тыпу для юнакоў ў Гродне і Пінску. Іх выпускнікі не могуць атрымаць святарскае пасвячэнне, калі не маюць навуковай ступені магістра багаслоўя. Магістарскія дысертацыі будучыя святары абараняюць у Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы. Многія маладыя святары маюць навуковую ступень доктара багаслоўя, прычым яны адлюстроўваюць праблемы людзей у сваіх навуковых даследаваннях.

26 верасня Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі зацвердзіла статут новай вышэйшай духоўнай адукацыйнай і навуковай установы — “Тэалагічнай акадэміі імя святога Яна Паўла II” Рымска-каталіцкага касцёлу на Беларусі, дзе змогуць вучыцца не толькі каталікі. Сярод дысціплін, што ўключаны ў навучальныя праграмы акадэміі, — тэалогія, біблеістыка, кананічнае права, гісторыя, літургіка, катэхізацыя, філасофія, этыка, рэлігіязнаўства, СМІ, сацыяльнае вучэнне і служэнне, замежныя мовы. Для афіцыйнай рэгістрацыі каталіцкай ВНУ накіраваны зварот у адпаведныя дзяржаўныя органы. Рашэнне аб адкрыцці акадэміі блаславіў Папа Рымскі Францішак.

Верагодней за ўсё, навучанне ў акадэміі будзе адбывацца ў завочнай форме. Мяркуецца падрыхтоўка духоўных і свецкіх спецыялістаў з глыбокім веданнем каталіцкага веравучэння, у тым ліку магістраў і дактароў багаслоўя, тэолагаў, журналістаў і псіхолагаў па пытаннях сям’і.

“Задача каталіцкай сістэмы адукацыі ў тым, каб пашырыць гарызонты рэлігійных ведаў, абтрэсці забабоны паганства з душы, паказаць карысць, што прыносіць вера сэрцу чалавека, які заўжды шукае свет духоўнага жыцця. Мы імкнемся давесці да  грамадства, што Касцёл – гэта не ідэалогія, а лад гарманічнага жыцця паўсюды, дзе ёсць чалавек. А ён сам зробіць духоўны выбар”, — кажа Юры Санько.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ва ўсіх адукацыйных установах Рыма-Каталіцкага Касцёлу на Беларусі пануе беларуская мова. “У ідэале бачу каталіцкую сістэму адукацыі на Бацькаўшчыне, як непарыўную — ад каталіцкага дзіцячага садка праз духоўныя школы, каледжы і семінарыі да тэалагічнай акадэміі”, — адзначыў святар.

Сваімі думкамі пра ролю духоўнай адукацыі ў выхаванні вернікаў падзяліўся намеснік епіскапа Аб’яднанай царквы хрысціянаў веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь, доктар багаслоўя і доктар філасофіі, рэктар Тэалагічнага інстытуту ў Мінску Сяргей Паднюк.

Паводле яго сістэма рэлігійнай адукацыі ХВЕ ўключае альфа-курс (12 заняткаў для тых, хто жадае пазнаёміцца з царквой, канфесіяй, веравучэннем і духоўнай практыкай), гадавую біблейскую школу для вернікаў, паўтара-двухгадовую сярэднюю рэлігійную адукацыю для атрымання кваліфікацыі царкоўнага служыцеля, у тым ліку і дыякана, а таксама Тэалагічны інстытут. Праз розныя формы навучання ён дае вышэйшую тэалагічную адукацыю з прысваеннем вучонай ступені бакалаўра багаслоўя (царкоўны служыцель і выкладчык біблейскіх дысцыплін), бакалаўра хрысціянскага служэння (лідар ў царкве і супрацоўнік рэабілітацыйнага цэнтру), бакалаўра мастацтваў у царкоўнай музыцы (рэгент царкоўнага хору) і бакалаўра хрысціянскай педагогікі (выкладчык дзіцячай нядзельнай школы), а таксама магістра багаслоўя.

“Недахоп спецыяльнай навуковай літаратуры, што існуе, у асноўным, на ангельскай мове, каштуе дорага, увозіцца з-за мяжы і патрабуе правядзення рэлігійнай экспертызы ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, замінае падрыхтоўцы дактараў тэалогіі, якіх у нашай краіне пакуль лічаныя адзінкі”, — паведаміў ён.

Хоць Беларусь не з’яўляецца сябрам Балонскага працэсу, у ягоным рэчышчы працуе Тэалагічны інстытут. Ён уваходзіць ў міжнародныя структуры духоўнай адукацыі – Еўра-Азіяцкую акрэдытацыйную асацыяцыю і Еўра-Азіяцкую тэалагічную асацыяцыю, якія працуюць па стандартах Балонскай сістэмы.

У Тэалагiчным інстытуце зараз навучаюцца 568 студэнтаў – вернікаў ХВЕ і іншых пратэстанцкіх аб’яднанняў, перадусім — хрысціянаў поўнага Евангелля. З лютага 1996 года ў інстытуце падрыхтавана каля трох тысяч спецыялістаў, у тым ліку каля 1400 бакалаўраў і 56 магістраў багаслоўя.

Згодна з законам “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” інстытут можа толькі па ўзгадненні з дзяржаўнымі органамі запрашаць замежных выкладчыкаў. Калі яны маюць дыплом выкладчыка беларускай ці рускай мовы, атрыманы ў ВНУ СССР альбо Беларусі, або сертыфікат адпаведнага ўзроўню на валоданне беларускай ці рускай мовамі, як замежнымі, чыноўнікі могуць дазволіць ім выкладанне таго ці іншага прадмета на абмежаваны тэрмін. Аднак яшчэ да прыняцця гэтага закону была падрыхтавана неабходная колькасць айчынных выкладчыкаў, таму зараз у інстытуце выкладаюць толькі грамадзяне Беларусі.

Для навучання замежных студэнтаў рэктарат ВНУ павінен таксама атрымаць дазвол у Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. Прычым гэты дазвол трэба штогод працягваць.

Паводле Сяргея Паднюка, інстытуту не хапае больш цесных сувязяў з іншымі хрысціянскімі канфесіямі, са студэнтамі і выкладчыкамі гуманітарных факультэтаў свецкіх ВНУ. Ён прапануе пашыраць гэтыя сувязі праз сумесныя навуковыя праекты, канферэнцыі па філасофскай і гістарычнай праблематыцы, асабістыя кантакты.

Пры гэтым намеснік біскупа выступіў супраць таго, што дзяржава адносіць духоўныя навучальныя ўстановы да рэлігійных структураў і адмяжоўвае іх ад свецкіх навучальных установаў, што падпарадкоўваюцца Мінадукацыі. Так, студэнты Тэалагічнага інстытуту дзённай формы навучання маюць адтэрміноўку ад вайсковай службы. Але ваенкамы заяўляюць, што інстытуту няма ў спісе ВНУ Мінадукацыі. І хоць Тэалагічны інстытут зарэгістраваны ў Апараце ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, пытанне адтэрміноўкі студэнтаў ад вайсковай службы ў кожным канкрэтным выпадку залежыць ад рашэння таго ці іншага ваенкама, якое можа быць і адмоўным. “З такой праблемай адвольнага трактавання заканадаўства сутыкаюцца студэнты-вернікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, апроч праваслаўнай. Дарэчы, кіраўнік дзяржавы можа вызвалiць ад вайсковай службы прызыўнiкоў-святароў любой канфессii, калi яе кiраўніцтва пераканае ў немажлівасці замены такога прызыўнiка iншым святаром”, — падкрэсліў ён.

Як адзначыў дэкан багаслоўскага факультэту Мінскай богаслоўскай семінарыі Саюзу евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь Павел Асененка, у баптысцкіх царквах ніколі не было недахопу прэсвітэраў і дыяканаў, паколькі вернікі самі абіраюць сваіх прапаведнікаў. Прычым царкоўны савет звычайна рэкамендуе тым абраным духоўным лідарам, якія не маюць адпаведнай рэлігійнай адукацыі, атрымаць яе.

Паводле яго словаў, Мінская багаслоўская семінарыя забяспечвае падрыхтоўку служыцеляў у розных галінах царкоўнага жыцця на багаслоўскім, музыкальным і педагагічным факультэтах, а таксама ў Біблейскім каледжы. На розных формах навучання ў ВНУ вучацца студэнты з Беларусі, Расіі і Украіны, працуюць айчынныя і замежныя выкладчыкі. Аднак з-за недахопу сродкаў семінарыя не ўдзельнічае ў праграмах студэнцкіх абменаў з аналагічнымі ўстановамі рэлігійнай адукацыі іншых краін.

Ён таксама паведаміў, што ў апошнія гады для студэнтаў узнікала праблема атрымання адтэрміноўкі ад вайсковай службы. Разам з тым, мяркуе ён, адсутнасць рэгістрацыі ў Мінадукацыі дазваляе не ўключаць у праграму семінарыі шэраг свецкіх дысцыплін. Аднак ён падкрэсліў важнасць таго, каб у поўным аб’ёме выконвалася палажэнне закону “Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях” пра тое, што студэнты і выпускнікі духоўных і свецкіх навучальных установаў маюць роўныя правы і абавязкі. У тым ліку ў пытанні заліку перыяду дзённага навучання ў семінарыі ў працоўны стаж выпускнікоў.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі