Архіепіскап Арцемій мірапамазаў студэнта з Шры-Ланкі, які абраў праваслаўе

chrostЧын далучэння да Праваслаўнай Царквы маладога чалавека з Шры-Ланкі здзейсніў 23 лістапада архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій у саслужэнні сакратара епархіі протаіерэя Анатоля Ненартовіча і клірыкаў храма. Таямніцу мірапамазання Дэні, якога цяпер прыхаджане клічуць Даніілам, прыняў у храме Каложскай іконы Багародзіцы.

Дэні, які прыехаў у Беларусь вывучаць медыцыну, з’явіўся на свет у будысцкай сям’і, аднак пазней далучыўся да супольнасці пратэстантаў і некаторы час заставаўся яе чальцом. Прычынай звароту Дэні да Хрыста сталі наркотыкі, з якімі ён сутыкнуўся ў 17 гадоў. Як кажа сам малады чалавек, «я марыў паспрабаваць усе даступныя мне наркотыкі, а затым адмовіцца ад іх».

Справіцца з наркатычнай залежнасцю, якая скіравала яго на шлях правапарушэнняў, юнаку дапамагла цётка-хрысціянка, якая пазнаёміла Дэні з пастарам мясцовай супольнасці. Юнак прыняў хрост і некалькі гадоў правёў у рэабілітацыйным цэнтры, хаця перыядычна і здзяйсняў ўцёкі. Менавіта жаданне вывучыць прыроду наркатычнай залежнасці, каб дапамагаць іншым маладым людзям, прывяло яго ў Беларусь на медыцынскі факультэт, паведамляе kalozha.by.

Разам з жонкай Дар’яй ён далучыўся да каталіцкага прыхода ў Гродна, аднак затым перайшоў у праваслаўную веру, наведаўшы Каложскую царкву. Нягледзячы на тое, што спачатку маладога чалавека засмуціла шанаванне праваслаўнымі абразоў, пад кіраўніцтвам святара Георгія Роя Дэні прыняў рашэнне далучыцца да Праваслаўнай Царквы.

У планах Данііла – пасля атрымання дыплома вярнуцца разам з Дар’яй ў Шры-Ланку і знайсці працу ў адным з населеных пунктаў, дзе ёсць праваслаўны прыход.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі