Праваслаўныя святары прапануюць пераняць вопыт Касцёла па працы з моладдзю

усіхсвяцкая25-26 лістапада ў мінскім храме-помніку ў гонар Усіх святых і бязвінна забітых у Айчыне нашай прайшла міжнародная канферэнцыя па праблемах ўмацавання сям’і і супрацьдзеянні гвалту ў сям’і «Свет дому», арганізаваная Саюзам сястрынстваў міласэрнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы. У мерапрыемстве бралі ўдзел прадстаўнікі Беларусі, Польшчы, Арменіі, Прыднястроўяю

На іх разгляд быў прадстаўлены праект Канцэпцыі сацыяльнага служэння БПЦ па ўмацаванні сям’і і супрацьдзеянні хатняму гвалту, у распрацоўцы якой удзельнічалі кіраўнікі епархіяльных аддзелаў па сацыяльным служэнні, выкладчыкі Мінскіх духоўных школ, прадстаўнікі Саюза сястрынстваў міласэрнасці. Згодна з ім, сям’я закліканая быць захавальніцай маральных традыцый і каштоўнасцяў, а адносіны паміж яе членамі павінны будавацца на любові, узаемнай павазе і падтрымцы. «Таму Царкву не можа не хваляваць праблема хатняга гвалту, якая з’яўляецца адной з прыкмет глыбокага духоўна-маральнага крызісу ў грамадстве … Падтрымка сям’і ў яе традыцыйным разуменні бацькоўства, мацярынства і дзяцінства – гэта прыярытэтная місія Царквы», – гаворыцца ў дакуменце, паведамляе sobor.by.

Як распавяла галоўны спецыяліст аддзела народанасельніцтва, гендэрнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алена Комлік, каб дапамагчы жанчынам і дзецям – ахвярам хатняга гвалту, у тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання створаны каля 100 крызісных пакояў, куды звярнуліся 120 чалавек.

З 2009 года ў Лідзе існуе арганізаваны сястрыцтвам Еўфрасінні Полацкай кругласутачны прытулак, дзе можа некаторы час пражываць жанчына, якая перажыла хатні гвалт. Яна можа атрымаць тут сацыяльную, псіхалагічную, даўрачэбную і духоўную дапамогу.

Кіраўнік магілёўскага сацыяльнага крызіснага цэнтра «SOS – Дзіцячая вёска» Алена Пушкарова распавяла, што стварэнне цэнтра дапамагло многім жанчынам пазбегнуць пазбаўлення бацькоўскіх правоў, даўшы магчымасць паспрабаваць зноўку. Тут жанчын вучаць весці гаспадарку, разлічваць сямейны бюджэт, будаваць адносіны з дзецьмі.

Алена Комлік прапанавала арганізаваць узаемадзеянне паміж спецыялістамі царкоўных, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, стварыць базу кантактаў арганізацый, куды пры неабходнасці накіраваць тую ці іншую жанчыну, і хто зможа аказаць ёй найбольш эфектыўную дапамогу.

Аб неабходнасці супрацоўніцтва з Царквой у справе спынення хатняга гвалту казаў і кіраўнік павятовага цэнтра сямейнай дапамогі ў Сувалках (Польшча) Станіслаў Дземьян. Пры гэтым ён заклікаў прыцягваць святароў да працы як з ахвярамі, так і з вінаватымі, таму што Царква «вучыць раскаянню і дараванню».

На канферэнцыі было адзначана, што ў Рыма-Каталіцкім Касцёле ў Беларусі пры касцёлах існуюць курсы для маладых людзей, якія стаяць на парозе шлюбнага жыцця і для маладых сем’яў у першыя 5 гадоў шлюбнага жыцця, бо гэты перыяд лічыцца самым складаным этапам. На заняткі для маладых мужа і жонкі запрашаюцца сямейныя пары са стажам, якія распавядаюць аб шчаслівых момантах і дзеляцца вопытам пераадолення цяжкіх сітуацый.

У БПЦ такая праца вядзецца кропкава: у Мінску ў прыходзе ў гонар Сабора Беларускіх Святых і ў прыходзе іконы Усіх тужлівых Радасць. Няшмат такіх устаноў і ў дзяржаўнай сістэме. Школа адказнага бацькоўства для студэнтаў дзейнічае ў БДУ, пры некаторых цэнтрах тэрытарыяльнага абслугоўвання створаны адзінкавыя тата- і мама-школы.

Вопыт Каталіцкай царквы і вопыт цэнтра ў Сувалках па працы з моладдзю прапануюць пераняць праваслаўныя святары, якія непасрэдна працуюць у моладзевых аўдыторыях.

Як адзначыў святар Аляксандр Гук, каардынатар напрамку ў абарону сямейных каштоўнасцяў і мацярынства Гродзенскай дыяцэзіі, сёння на першы план выходзіць барацьба з наступствамі гвалту, у той час як прафілактычная праца з моладдзю застаецца далёка ззаду.

Выканаўчы дырэктар фонду «Дыяканія» (Санкт-Пецярбург, Расія) Алена Рыдалеўская, зрабіла экскурс у гісторыю змены жыцця сучаснага рускага грамадства, якое ў войнах і рэпрэсіях ХХ стагоддзя страціла 100 млн мужчын, функцыю якіх узялі на сябе жанчыны. У выніку жанчына навучылася жыць без мужа, прывыкла клапаціцца пра ўсё, не пакідаючы мужчыну ініцыятывы і не выяўляючы досыць ласкі да сваіх дзяцей. І ў выніку самым страшным у гэтай жанчыне сталі не грубасць і ня ўладарнасць, а яе душачае каханне. «Рысы страшнай жанчыны да гэтага часу носіць ўся сістэма абароны дзяцей», – лічыць эксперт.

На канферэнцыі шмат гаварылася аб тым, што базавымі ведамі па праблеме хатняга гвалту павінен валодаць кожны святар. «Людзі нам давяраюць, таму мы павінны ўмець дапамагчы: выслухаць, падтрымаць, аказаць дапамогу, калі самі можам дапамагчы, або накіраваць да спецыяліста, які вырашыць праблему», – заявіў духоўнік сястрынства ў гонар Еўфрасінні Полацкай і крызіснага цэнтра ў Лідзе протаіерэй Алексій Глінскі.

Удзельнікі канферэнцыі заклікалі святароў часцей з’яўляцца ў моладзевых аўдыторыях і сярод бацькоў, а тыя ў сваю чаргу выказалі пажаданне, каб сярод сацыяльных работнікаў і адказных за працу з моладдзю, пасада якіх ўведзена пры храмах, былі псіхолагі, якія ўмеюць знайсці падыход да маладых людзей.

Таксама было прапанавана разаслаць праект Канцэпцыі сацыяльнага служэння БПЦ па ўмацаванні сям’і і супрацьдзеянні хатняму гвалту па епархіях і вынесці яе на шырокае абмеркаванне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі