Праваслаўнае духавенства Навагрудчыны – у дапамогу педагогам

ped1Праваслаўныя святары Навагрудскай епархіі прынялі актыўны ўдзел у шэрагу мерапрыемстваў для педагогаў і бацькоў з мэтай нагадаць людзям, якія адказваюць за маральнае аблічча юнага пакалення, пра Божыя запаведзі.

Настаяцель Барысаглебскага храма Навагрудка протаіерэй Мікалай Касяк і яго жонка матухна Наталля прынялі ўдзел у рэспубліканскім семінары для намеснікаў дырэктараў ліцэяў па выхаваўчай працы на тэму «Запаведзі Божыя». На рэспубліканскі семінар, які адбыўся на базе сельскагаспадарчага ліцэя Навагрудка, святар і яго жонка прывялі групу нядаўна ўцаркоўленых маладых людзей, якія шчыра распавялі навучэнцам каледжа пра сваю дарогу да храма. Адзін са студэнтаў каледжа, Яўген Запольскі, разам з выкладчыцай Галінай Таўлуй, падрыхтаваў прэзентацыю дзесяці Божых запаведзяў, а старшакласніцы падтрымалі гутарку пра запаведзі за Круглым сталом, праведзеным матухнай Наталляй, паведамляе eparhia.by.

ped2Адначасова ў Навагрудку прайшоў гарадскі семінар для педагогаў, тэмай якога стала полавае выхаванне. Дакладчыкам семінара, які адбыўся на базе карэкцыйна-развіваючага дзіцячага садка № 10, стаў клірык гарадскога храма святых князёў Барыса і Глеба іерэй Ігар Пірог, які засяродзіў увагу на важнасці захавання ў кожнай сям’і традыцыйнага хрысціянскага падыходу да мужнасці і жаноцкасці, калі мужчына выконвае ролю кіраўніка сям’і , а жанчына з’яўляецца захавальніцай сямейнага агменю.

У гэты ж дзень у СШ № 3 Слоніма адбылася канферэнцыя для бацькоў, перад удзельнікамі якой выступіў настаяцель храма іконы Божай Маці «Спаручніца грэшных» пратаіерэй Уладзімір Камароў. Святар гаварыў пра незваротную шкоду, якую наносіць узаемаадносінам бацькоў і дзяцей замена сямейных зносінаў і сумеснага баўлення часу кампутарнымі гульнямі і зносінамі ў інтэрнэце.

У Слонімскім ліцэі 26 лістапада, адбылася канферэнцыя для бацькоў навучэнцаў на тэму “Усведамленне навучэнцамі сваіх правоў і абавязкаў, нормаў паводзінаў і маральных аспектаў жыццядзейнасці ў навакольнай супольнасці”. З дакладам аб практычнай веры ў Бога ў сям’і выступіў ключнік Свята-Траецкага сабора протаіерэй Мікалай Шчаюк.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі