Беларускія хрысціяне пачалі падрыхтоўку да святкавання Раства

адвэнт3У рыма-каталікоў і некаторых пратэстанцкіх цэркваў (прынамсі, Англіканскай, Лютэранскай, Мараўскай, Прэсвітэрыянскай і Метадысцкай) 30 лістапада пачаўся перыяд Адвэнту, які азначае чаканне і падрыхтоўку да святкавання Нараджэння Ісуса Хрыста, а ў больш шырокім сэнсе — падрыхтоўку да Другога Прышэсця Хрыста.

Тэрмін «Адвэнт» паходзіць ад лацінскага слова adventus, што азначае «прышэсце», якое ў сваю чаргу з’яўляецца перакладам грэцкага слова παρουσία, якое звычайна выкарыстоўваецца для абазначэння Другога Прышэсця.

Дата пачатку Адвэнту рухомая. Ён пачынаецца ў чацвёртую нядзелю перад 25 снежня, якая ў розныя гады можа выпадаць на перыяд з 27 лістапада па 3 снежня ўключна. Доўжыцца Адвэнт 22-28 дзён да свята Божага Нараджэння 25 снежня.

Сімвалам нядзельных дзён Адвэнту і набліжэння Раства з’яўляюцца чатыры свечкі, якія запальваюцца паступова — у першую нядзелю адна свечка, у другую — дзве, у трэцюю — тры і ў чацвёртую чатыры.

адвэнт1

Перыяд Адвэнту прадугледжвае індывідуальныя абмежаванні для вернікаў у плане ежы і алкаголю, удзелу ў забаўляльных мерапрыемствах і гэтак далей, аднак асноўны акцэнт робіцца на пакаянні, духоўнай працы над сабой, узмоцненай малітве, удзеле ў адвэнтовых набажэнствах, дабрачыннасці.

У адрозненні ад Адвэнту Калядны пост ва Усходніх Цэркваў (у Беларусі гэта, перш за ўсё, Праваслаўная, Грэка-Каталіцкая і стараверскія Цэрквы) мае фіксаваны пачатак. Аднак, паколькі беларускія грэка-каталікі выкарыстоўваюць грыгарыянскі каляндар, а праваслаўныя і стараверы юліянскі, то ў грэка-каталікоў пост доўжыцца з 15 лістапада па 24 снежня, у праваслаўных і старавераў — з 28 лістапада па 6 студзеня (з 15 лістапада па 24 снежня па юліянскім календары).

Калядны пост таксама называюць Піліпавым. Паколькі запускі (апошні дзень перад постам, калі можна ўжываць прадукты жывёльнага паходжання) прыпадае на дзень памяці святога апостала Піліпа.

У адрозненні ад Адвэнту Калядны пост з’яўляецца больш строгім. Паводле царкоўнага статуту, ва ўсе дні паста выключаюцца мясныя, малочныя прадукты і яйкі. Акрамя таго, ёсць асобныя прадпісанні па пэўных днях. Аднак цялесныя абмежаванні — гэта толькі спосаб, які павінен дапамагчы чалавеку пазбавіцца ад пачуццёвых прыхільнасцяў, сканцэнтравацца на духоўным. Пры гэтым царква дазваляе паслабленні для хворых, цяжарных жанчын і дзяцей, людзей, занятых цяжкай фізічнай працай і гэтак далей.

Таксама вернікаў заклікаюць адмовіцца ад наведвання забаўляльных устаноў, прагляду забаўляльных фільмаў і тэлепраграм, бескарыснага баўлення часу.

адвэнт2Па заканчэнні і Адвэнту, і Каляднага паста хрысціяне розных канфесій, уключаючы і тых, хто не выконвае канкрэтнага паста, адзначаюць адно з галоўных святаў хрысціянскага календара — Раство Хрыстова, якое падзяліла гісторыю на да і пасля, паколькі Усемагутны Бог, прыняўшы цела чалавека, прыйшоў у гэты свет, каб адкупіць грахі чалавецтва.

Фота Надзеі Гацак

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі