Рэлігіязнаўца: прызнанне Канстанцінопалем УАПЦ выкліча масавы зыход вернікаў з УПЦ МП

Кіева-Пячорская лаўраУкраінская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (УАПЦ) вядзе перамовы з Канстанцінопальскім патрыярхатам аб прыняцці яе ў яго юрысдыкцыю, заявіў прарэктар Мінскай духоўнай акадэміі і семінарыі Аляксандр Слесараў на міжнароднай канферэнцыі «Рэлігійная сітуацыя на Украіне ва ўмовах крызісу».

Паводле яго слоў, прызнанне УАПЦ можа пацягнуць за сабой масавы пераход да яе з Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата (УПЦ МП) антырасійскі настроеных вернікаў, паведамляе РИА «Новости».

Ён нагадаў, што сёння ва Украіне дзейнічаюць тры буйныя праваслаўныя Царквы: УПЦ МП, УАПЦ і Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП), з якіх толькі першая з’яўляецца кананічнай і прызнанай усімі мясцовымі праваслаўнымі Цэрквамі свету.

На думку прарэктара МінДАіС, пакуль рост антырасейскіх настрояў на Украіне не можа выклікаць масавага адтоку вернікаў і духавенства з УПЦ МП, бо альтэрнатывай могуць стаць толькі арганізацыі, якія знаходзяцца ў расколе. Аднак сітуацыя радыкальна зменіцца, калі ва Украіне паўстане кананічная альтэрнатыва Маскоўскага Патрыярхату, бо разрыў з РПЦ не будзе звязаны з самаізаляцыяй ад сусветнага праваслаўя, але стане толькі зменай царкоўнай юрысдыкцыі без ухілення у раскол.

Слесараў: Канстанцінопаль аспрэчвае ў Масквы таксама і Беларусь

Адзінай альтэрнатывай Маскоўскага патрыярхата ў Украіне можа быць Канстанцінопальскі патрыярхат, які апошнія 90 гадоў аспрэчвае ў РПЦ права ўзначальвання царкоўнага жыцця ва Украіне, Беларусі і Прыбалтыцы, лічыць эксперт.

Ён нагадаў, што ў 1990 і 1995 гадах без узгаднення з РПЦ Канстанцінопальскі патрыярхат прыняў у сваю юрысдыкцыю Канадскую і Амерыканскую мітраполіі Украінскай аўтакефальнай царквы, а ў Эстоніі ў 1995-м заснаваў мітраполію, існуючаю паралельна Эстонскай Праваслаўнай Царкве РПЦ. Паколькі негатыўная рэакцыя РПЦ на гэтыя дзеянні Канстанцінопальскага патрыярхату не заахвоціла яго да прынцыповага перагляду лініі знешняй царкоўнай палітыкі, не выключана ўмяшанне Канстанцінопаля і ў канфесійную сітуацыю ва Украіне, заявіў Аляксандр Слесараў.

Ён адзначыў, што УАПЦ ў 2009 годзе ўжо заяўляла аб жаданні ўвайсці ў юрысдыкцыю Сусветнага патрыярхату на правах аўтаномнай мітраполіі, а з лета 2010 года яна ўвяла абавязковае богаслужэбнае памінанне імя Канстанцінопальскага патрыярха. Таксама і памесныя саборы УПЦ КП ў 1992 і 2001 гадах прасілі Канстанцінопальскі патрыярхат прызнаць абвешчаную царкоўную незалежнасць.

Сёння існуючы паміж УАПЦ і УПЦ КП падзел шмат у чым з’яўляецца стрымліваючым фактарам для Канстанцінопальскага патрыярхата. Аб’яднанне ж гэтых Цэркваў можа для іх «адкрыць новую старонку ва ўзаемаадносінах з Канстанцінопальскім патрыярхатам», заявіў беларускі рэлігіязнаўца.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі