У Мінску прэзентавана беларускае выданне «Новага запавету» ў перакладзе Клышкі (фота)

12У Мінску 4 снежня прэзентавана беларускае выданне Новага Запавету ў перакладзе пісьменніка Анатоля Клышкі. Выданне ўбачыла свет у выдавецтве «Пазітыў-цэнтр» пры падтрымцы Аб’яднання цэркваў Адвентыстаў Сёмага Дня  ў Беларусі (АСД), перадае карэспандэнт партала КРЫНІЦА.INFO.

Анатоль Клышка пераклаў Новы Запавет у 1980 годзе, асобныя кнігі — чатыры Евангеллі — былі надрукаваны у часопісе «Спадчына» у 1989 — 1990. Пераклад рабіўся тады, калі за адно толькі валоданне Бібліяй вернікам пагражала турма. Дазвол на выданне кнігаў Бібліі прыйшлося  браць у ЦК Кампартыі Беларусі і дазвол быў атрыманы, што было пэўным дзівам, расказаў пісьменнік на прэзентацыі. Але поўнага выдання Новага Запавету аўтару пераклада прыйшлося чакаць больш за трыццаць год, і ён вельмі вітае ініцыятыву  выдаўцоў і беларускіх хрысціян-адвентыстаў, якія дапамаглі здейсніць яго мару на парозе 80-гадовага юбілею.

Кіраўнік аб’яднання цэркваў АСД у Беларусі біскуп  Маісей Астроўскі падкрэсліў, што прадстаўленнае сёння выданне Новага Запавету на 10беларускай мове з’яўляецца міжканфесійным і дакладна перадае сэнс пісання адпаведна арыгінальнага тэксту на грэцкай мове. Выдаўцы разам з аўтарам пастараліся ўдакладніць беларускія тэксты,  каб не дапусціць ніякіх скажэнняў. Кіраўнік беларускіх адвентыстаў упэўнены, што пераклад Клышкі добра паслужыць ўсім беларускім хрысціянам, якія любяць Бога і Яго Слова і шануюць  родную мову. Працэс падрыхтоўкі пераклада да друку прыцягнуў і згуртаваў невялікі калектыў, ў якім былі праваслаўныя, пяцідесятнікі і адвентысты. Біскуп  Астроўскі ўзначаліў удзячную малітву Госпаду за добра зробленую працу перакладу і выдання Новага Запавета.

9Кіраўнік выдавецтва «Пазітыў-цэнтр» Сяргей Карнюшка выказаў захапленне той крапатлівасцю і беражлівасцю да слова і яго сэнсу, з якімі Анатоль Клышка рабіў пераклад. Выдавец адзначыў вялікі ўнёсак ў справу перакладу і падрыхтоўкі выдання да друку з боку шчырай евангельскай верніцы і прафесійнага  філолага Зоі Феліксаўны, жонкі Анатоля Канстанцінавіча. Сяргей Карнюшка прызнаўся, што чытаючы гэты  беларускі тэкст Новага Запавету, ізноўку пачаў адчуваць любоў да роднага слова, страчаную на пачатку 90-х з-за пэўнай неразбярыхі ў друку, што была вылікана выкарыстаннем аўтарамі розных варыянтаў беларускага правапісу. «Мова перакладу Клышкі прыгожая, літаратурная, чытаеш і яна быццам сама ільецца», — зазначыў выдавец. Карнюшка таксама назваў зусім невыпадковым той факт, што менавіта беларускія хрысціяне-адвентысты падтрымалі выданне Новага Запавету, бо гэтае брацтва традыцыйна вялікую ўвагу надае літаратурнаму евангелізму, лічачы яго выключна важным і сёння, у час развіцця Інтэрнета.

Прысутныя прадстаўнікі Беларускага Біблейскага таварыства таксама ўхвалілі зробленую перакладчыкам і ўсімі датычнымі да друку Новага Запавету на беларускай мове па версіі Клышкі. Нядаўна таварыства выдала Біблію ў перакладзе ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага пад рэдакцыяй пастара Антонія Бокуна. Асобнай кніжачкай таксама нядаўна выдадзена Евангелле паводле Яна ў перакладзе Эрнста Сабілы. Усе гэтыя і іншыя вядомыя пераклады будуць выкарыстаныя падчас акцыі па перадачы беларускіх Бібліяў ў бібліятэкі краіны з мэтай, каб кожная чытальня мела ў сваіх фондах Святое Пісанне па-беларуску.

Напрыканцы ўрачыстасці ўсім гасцям былі падораныя свежыя экзэмпляры Новага Запавету ў перакладзе Анатоля Клышкі з аўтографам пісьменніка на фарзацы. Святочную атмасферу стварыў выступ мужчынскай вакальнай группы Царквы АСД ў Мінску. Усіх гасцей таксама пачаставалі стравамі адвентысцкай кухні, якую адрознівае невыкарыстанне свініны, слабае выкарыстанне мяса наогул і пэўны крэн ў здаровае харчаванне і вегетарыянства.

Анатоль Клышка добра вядомы як аўтар беларускага «Буквара», які першы раз быў выдадзены ў 1969 годзе і з таго часу перавыдаваўся 23 разы. Праца пісьменніка, паэта, перакладчыка, крытыка, вучонага і педагога-асветніка адзначана ганаровым званнем  Заслужаны работнік культуры Беларусі, ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.  Але пераклад Новага Запавета на беларускую мову пісьменнік лічыць адным са сваіх найбольш важных дасягненняў.

Новы Запавет ў перакладзе Клышкі выдадзены накладам тры тысячы экзэмпляраў. Кантрольныя тамы ўжо накіраваны ва ўсе цэнтральныя бібліятэкі краіны — у Нацыянальную, Прэзідэнцкую, Урадавую. Усе правы на выданне мае хрысціянін-адвентыст Георгій Мельнікаў.

Адметна, што сярод даволі вялікай колькасці перакладаў як асобных кніг Старога і Новага Запаветаў, так і ўсёй Бібліі на беларускую мову пакуль няма агульнага, прынятага ўсімі канфесіямі варыянта.

Анатоль Шырвель, КРЫНІЦА.INFO, фота Ільі Ложачніка

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі