Святар, які працуе з глухімі: беларуская жэставая мова будзе мёртвай

svКсёндз Валерый Лісоўскі з парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вярэйках пад Ваўкавыскам 15 гадоў вядзе душпастырскую дзейнасць сярод глухіх людзей.

“Для мяне на самым пачатку маёй працы, калі толькі стаў святаром, было шокам чуць ад сваіх падапечных, што гэта Бог іх пакараў, і таму яны не чуюць. Такое перакананне многія з іх атрымалі ў сектах. Я прысвяціў шмат часу, каб давесці ім, што Бог ёсць любоў, што Ён іх не пакараў, а палюбіў дарэшты, прыняўшы смерць крыжовую. І доказам праўдзівасці маіх слоў была мая прысутнасць. На сустрэчах яны пыталіся ў мяне: чаму ты сярод нас, чаму ты вывучыў нашу мову? Я ім адказваў: “Таму што Бог вас любіць, і Ён паслаў мяне да вас” – апавядае святар, паведамляе “Каталіцкі Веснік”.

На думку кс. Валерыя, калі чалавек толькі глухі і ў астатнім яго здароўе ў норме, то пераважна ён сам справіцца са сваімі заданнямі: “Чалавек са слыхам, калі рэальна хоча дапамагчы глухому, першае, што павінен зрабіць, – гэта вывучыць жэставую мову. Хаця б сто жэстаў. Я зусім не разумею тых бацькоў, у якіх ёсць глухое дзіця і яны не ведаюць жэставай мовы”.

Святар таксама адзначыў, што ў Беларусі людзі з праблемамі маўлення і слыху карыстаюцца рускай жэставай мовай. Беларуская жэставая мова, якая рапрацоўваецца ў Мінску ва ўніверсітэце імя Максіма Танка, нават калі і з’явіцца, будзе мёртвай. Ёй не будуць карыстацца глухія людзі, мяркуе ён.

“Былі спробы стварыць міжнародную мову кшталту эсперанта. Яе назвалі жэстуна. Аднак, на маю думку, яе чакае лёс таго ж эсперанта. Яна не запатрабаваная”, – адзначыў Валерый Лісоўскі.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі