У Мінску раздалі 12 тыс. нацыянальных стужак, частку канфіскавала міліцыя

стужкаКаля 100 валанцёраў Арт-сядзібы 6 снежня раздалі ў Мінску больш за 12 тыс. бела-чырвоных стужак з беларускім арнаментам. Падчас акцыі, якая праходзіла пад споклічам «Пазнач сябе беларусам», стужкі можна было атрымаць у 30 пунктах гораду: офісах грамадскіх арганізацыяў, гандлёвых цэнтрах, універсітэтах, інтэрнатах, крамах, цырульнях, а таксама ў шэрагу мабільных кропак.

Актывісты раздавалі беларускія стужкі, заклікалі «пазначаць сябе беларусам», запрашалі на Дзень вышыванкі, а таксама прапаноўвалі публікаваць свой здымак са стужкай у сацыяльных сетках, пазначыўшы хэштэг #беларускаястужка. Было апублікавана больш за 500 фотаздымкаў, паведамляе Радыё “Свабода”.

Акцыя не абышлася без затрыманьняў. Каля Камароўскага рынку супрацоўнікі міліцыі затрымалі фотакарэспандэнта Уладзіміра Грыдзіна, арганізатараў акцыі Францішка Вячорку і Паўла Белавуса. Затрыманых пратрымалі тры гадзіны ў Савецкім РАУС і вызвалілі без складання пратаколу. Пры гэтым 30 стужак у іх канфіскавалі на праверку.

Арганізатары збіраюцца працягваць акцыю і просяць падтрымаць яе ўласным удзелам у раздачы стужак, вылучэннем месцаў для іх раздачы і фінансаваннем іх набыцця. 13 снежня рыхтуецца вялікі фэстываль Дзень вышыванкі, які пройдзе з 15:00 у мінскім Палацы мастацтва.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі