Сергій Гардун: у Беларусі набярэцца пару дзясяткаў беларускамоўных святароў

сергій гардунБеларускамоўных праваслаўных святароў у Беларусі можна сустрэць нячаста – на Беларусь іх набярэцца толькі пару дзясяткаў, лічыць протаіерэй Сергій Гардун. Паводле яго словаў, прычына гэтага ў тым жа, што амаль няма беларускамоўных лекараў, міністраў і гэтак далей.

Пры гэтым, адзначае святар, раней амаль усе праваслаўныя святары размаўлялі па-беларуску, што “адрознівала іх ад ксяндзоў, якія размаўлялі па-польску” (сёння ў Каталіцкім Касцёле Беларусі пераважае беларуская мова – рэд.), паведамляе “Звязда”.

Протаіерэй таксама адзначыў, што ў “Беларусі службы правяцца па царкоўнаславянску, але дапускаюцца набажэнствы на роднай для краіны мове”. “Часам ініцыятыва ўключыць беларускую мову ў пропаведзь ідзе ад святара, настаяцеля, спевакоў хору або прыхаджан. І служба можа стаць беларускамоўнай у любым храме. Напрыклад, у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы ў Мінску не радзей чым раз на тыдзень літургія служыцца па-беларуску (раніцай у суботу). І калісьці гэта таксама была чыясьці прапанова, якая стала традыцыяй”, – дадаў ён.

Апроч таго, падкрэсліў Сергій Гардун, у Беларусі ёсць магчымасць атрымліваць духоўную адукацыю па-беларуску, створана Беларуская біблейская камісія, якая займаецца перакладам тэкстаў Свяшчэннага Пісання і набажэнстваў на беларускую мову, штогод выдаецца праваслаўны каляндар па-беларуску.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі