Беларускія грэка-каталікі зладзілі святы для дзяцей з прытулку і рэабцэнтру

мікалайВаланцёры гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай разам са святаром Андрэем Кротам наведалі з нагоды свята святога Мікалая выхаванцаў мясцовага рэабілітацыйнага цэнтру для дзяцей.

Падчас наведвання, дзеці атрымалі падарункі, а таксама паглядзелі сцэнку пра тое, як Мама Му і Крумкачык святкуюць Каляды, гаворыцца на старонцы парафіі.

А 6 снежня, ва ўспамін святога Мікалая, валанцёры запрасілі ў грэка-каталіцкі душпастырскі Цэнтр святога  Язэпа ў Мінску дзяцей з мясцовага прытулку. Сцэнак яны не рыхтавалі, палічыўшы іх нуднымі для малых дзяцей і абраўшы замест гэтага дынамічныя гульні, імправізацыі, касцюмы і заданні для дарослых, што прымушае дзіцячыя вочы свяціцца радасцю, паведамляе catholic.by.

Персанажамі свята былі Сава Савінішна, парсючкі і іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету. Потым святы Мікалай прынёс дзецям падарункі.

Завітаў святы Мікалай разам са сваiм верным паплечнiкам-аленем і на рыма-каталіцкую Iмшу для дзяцей у касцёл Святой Барбары ў Вiцебску. Ад святога Мікалая і айца Паўла, якi цэлебраваў Iмшу, дзеці даведаліся, адкуль паходзiць знакамiты бiскуп, за што ён прызнаны святым, пра яго сцiпласць, дапамогу церпячым бедства i незамужным дзяўчатам. Была праведзена невялiкая вiктарына i дзецi, што наведваюць заняткi па катэхезе, змаглi прадэманстраваць свае веды па Свяшчэннай Гісторыi. Потым адбылася раздача салодкiх падарункаў, перадае catholicnews.by.

А араторый святога Дамініка Савіо ў Бараўлянах святы Мікалай наведаў двойчы – 6 і 7 снежня. Ён парадаваў падарункамі маленькіх вернікаў, якія штодня ўдзельнічаюць у раратніх Імшах, распавеў ім пра сябе, пра тое, якія сапраўдныя і несапраўдныя звычаі і героі з’явіліся ў розных краінах свету праз яго, навучыў турэцкім танцам і пабавіў час у гульнях, паведамляе sdb.by.

Моладзь, якая разам са святаром і сястрой законнай падрыхтавала свята, прадставіла сцэнку аб тым, як пачалася дзейнасць першага салезіянскага араторыя.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі