Гомельскія праваабаронцы заклікаюць спыніць дыскрымінацыю цыган у СМІ

26/11/05 St.Petersburg region, st.Peri the gipsies on platform.10 снежня гомельскія актывісты Праваабарончага цэнтра «Вясна», Цэнтра стратэгічнай цяжбы і Беларускага Хельсінкскага камітэта зладзілі круглы стол па праблеме дыскрымінацыі цыганоў. Іх турбуе кампанія па дыскрымінацыі цыганскага этнасу ў СМІ, якая доўжыцца гадамі, а прадстаўнікі ўладных структур, па іх словах, не звяртаюць на гэта належнай увагі.

Яшчэ ў 2012 годзе праваабаронцы накіравалі зварот у Міністэрства інфармацыі з просьбай правесці тлумачальную працу з рэдактарамі раённых і абласных газет аб недапушчальнасці ўказання ў матэрыялах нацыянальнасці правапарушальнікаў і злачынцаў. Але артыкулы з загалоўкамі кшталту «Асцярожна, цыганы!», з заклікамі тэлефанаваць у 102 пры з’яўленні цыганоў час ад часу з’яўляюцца ў рэгіянальных выданнях. А ў брагінскай раённай газеце «Маяк Палесся» быў артыкул, у якім паведамлялася, што невядомыя скралі ў сялян коней. Аўтар выказаў меркаванне, што гэта былі цыганы, паведамляе spring96.org.

Удзельнікі круглага стала сышліся на думцы, што дзяржава павінна з павагай ставіцца да сваіх грамадзян незалежна ад нацыянальнасці.

Сябра БХК Алесь Яўсеенка акрэсліў асноўныя праблемы цыганоў: адукацыя, працаўладкаванне, атрыманне сацыяльнай і медыцынскай дапамогі. Пры гэтым прадстаўнікі цыганскай дыяспары распавялі, як іх адмаўляліся браць на працу з прычыны іх нацыянальнасці.

Напрыканцы сустрэчы праваабаронцы падпісалі сумесны зварот у Міністэрства інфармацыі, у якім канстатуюць, што ў СМІ працягваецца кампанія цыганафобіі, і заклікаюць давесці да рэдактараў, што пазначаць нацыянальную прыналежнасць злачынцаў, а “тым больш свядома фармаваць вобраз «злачыннай нацыі» неэтычна і супрацьзаконна”.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі