Пасольства Швецыі ў Мінску адсвяткавала дзень святой Люцыі

люцыя1Пасольства Швецыі ў Мінску 11 снежня адсвяткавала нацыянальнае шведскае свята – дзень святой Люцыі, які традыцыйна святкуецца 13 снежня.

На ўрачысты прыём былі запрошаны прадстаўнікі акрэдытаваных у Беларусі дыппрадстаўніцтваў, беларускія грамадска-палітычныя дзеячы, дзеячы культуры, праваслаўны і каталіцкі святары, журналісты, паведамляе карэспандэнт КРЫНІЦА.INFO.

Пачалося святкаванне выступам часовага паверанага ў справах Швецыі ў Беларусі Марціна Обэрга, які распавёў пра свята святой Люсіі. Ён таксама паведаміў, што з 2015 года ў шведскім пасольстве ў Мінску будзе працаваць трое дыпламатаў. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць у двухбаковых адносінах займацца не толькі пытаннямі, звязанымі са спортам, культурай, экалогіяй, але і бізнесам, эканомікай.

Сёння ў шведскім дыппрадстаўніцтве працуе толькі адзін дыпламат – Марцін Обэрг, які прыбыў у Мінск у 2013 годзе пасля дыпламатычнага скандалу і закрыцця пасольства Швецыі ў 2012 годзе.

люцыя

Прадоўжыўся вечар інсцэніраваным музычным прадстаўленнем, падчас якога яго ўдзельнікі ў белых строях і са свечкамі ў руках выканалі святочныя гімны, у тым ліку двойчы – на шведскай і беларускай мовах – гімн святой Люцыі.

На свята святой Люцыі з Сіракузах (283-304), імя якой паходзіць ад лацінскага слова lux – “святло”, у Швецыі традыцыйна праходзяць шэсці дзяцей у белай вопратцы і з запаленымі свечкамі на чале з дзяўчынай з вянком з запаленых свечак на галаве. Свята з’яўляецца важнай часткай Калядных традыцый.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі