У Глыбокім дабрачынная акцыя да Дня інвалідаў цягнулася пяць дзён

акцыяРаённая дабрачынная акцыя “Ты – не адзін”, прымеркаваная да Дня інвалідаў, прайшла ў Глыбоцкім раёне. Доўжылася яна 5 дзён і прайшла па ініцыятыве пробашча каталіцкай парафіі Святой Тройцы Мечыслава Янчышына і парафіяльнага “Карытас”. Ідэю акцыі падтрымаў райвыканкам.

Распачалася акцыя раённым фестывалем творчасці дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі “Шырэй круг!”, да ўдзелу ў якім далучыліся 126 дзетак, якія чыталі вершы, танцавалі, спявалі. Агулам было падрыхтавана 20 нумароў мастацкай самадзейнасці, паведамляе catholicnews.by.

У другі дзень адбылася сустрэча за “круглым сталом”, на якую прыйшлі 15 бацькоў, што выхоўваюць дзецей з абмежаванымі магчымасцямі. Іх праблемы (сацыяльныя і прававыя), просьбы  выслухалі і прынялі да ведама спецыялісты упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, карэкцыйнага цэнтра, аддзела адукацыі, кіраўнікі некаторых арганізацый і прадпрыемстваў горада. У гэты час валанцёры  парафіяльнага “Карытаса” забаўлялі іх дзетак: ладзілі гульні, конкурсы, дэманстравалі мультфільмы, частавалі дзетвару кавай і прысмакамі.

Трэці дзень мерапрыемстваў адзначыўся тым, што жыхары псіханеўралічнага дома-інтэрната падрыхтавалі агляд-конкурс мастацкай самадзейнасці “Сэрца на далоні”. На заканчэнні кожны атрымаў падарунак і меў магчымасць падсілкавацца за салодкім сталом, які накрылі да іх валанцёры парафіяльнага “Карытас”.

У той жа дзень у цэнтры традыцыйнай культуры і народнай творчасці адкрылася выстава работ людзей з абмежаванымі магчымасцямі “З верай, надзеяй і любоўю”. Свае работы даслалі на выставу жыхары псіханеўралагічнага дома-інтэрната, наведвальнікі аддзялення дзённага прабывання для інвалідаў ТЦСАН, дзеці з карэкцыйнага цэнтра.

У чацвёрты дзень “Сцежка здароўя” на базе  раённай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай   школы алімпійскага рэзерву сабрала каманды з Глыбоцкага, Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў. Маладыя людзі  на ўласным прыкладзе дэманстравалі прысутным тую радасць, якую прыносяць ім заняткі спортам, як дапамагаюць адчуць сябе ўпэўненымі, надаюць сілы.

Апагеем раённай дабрачыннай акцыі  стаў канцэрт мастацкай самадзейнасці “Мы – разам”, падрыхтаваны, у асноўным, людзьмі з абмежаванымі  магчымасцямі. Сродкі, сабраныя на дабрачынным канцэрце, пералічаны на рахунак раённага карэкцыйнага цэнтра на набыццё  трэнажораў для дзетак, якія папраўляюць там сваё здароўе.

Як адзначыў ксёндз Мечыслаў Янчышын, Дзень інвалідаў — напамінак усім аб тым, што сярод нас жывуць людзі, які заслугоўваюць не толькі спачування, але,  найперш, дапамогі. Галоўнае, каб у нашым сэрцы было месца для гэтых людзей.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі