Хрысціянскі палітык біскуп Роп: нашчадак крыжакоў, князёў і ваяводаў

роп14 снежня спаўняецца 163 гады з дня нараджэння выбітнага каталіцкага дзеяча, хрысціянскага палітыка Эдварда Ропа. Прайшоўшы шлях ад простага святара да біскупа Тыраспальскага і Віленскага, ён у 1917 годзе стаў фактычна апошнім арцыбіскупам Магілёўскім.

Апроч пастырскай дзейнасці, ён актыўна займаўся палітычнай. У 1906 годзе ён стварыў Канстытуцыйна-каталіцкую партыю Літвы і Беларусі – першую хрысціянска-дэмакратычную партыю на нашых землях, якая выступала ў тым ліку і ў абарону нацыянальных правоў беларусаў. Ад гэтай партыі біскуп быў абраны дэпутатам першай Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі.

У 1915 годзе ён быў ля вытокаў Хрысціянскай злучнасці – ужо ўласнай беларускай партыі, якая ў 1917 годзе была мадэрнізаваная ў Хрысціянска-дэмакратычную злучнасць, якая ў сваю чаргу ў 1927 годзе была ператвораная ў Беларускую хрысціянскую дэмакратыю.

За сваю актыўную дзейнасць у абароне насельніцтва Краю – земляў былога Вялікага княства Літоўскага – ён пераследваўся расійскімі і савецкімі ўладамі. У 1919 годзе яго дэпартавалі ў Польшчу, дзе ён і памёр у 1939 годзе. У 1983 годзе яго парэшткі перапахавалі ў крыпце архікатэдральнага касцёлу ў Беластоку.

Сёння КРЫНІЦА.INFO прапануе чытачам азнаёміцца з паходжаннем біскупа. Магчыма, гэта дапаможа лепш зразумець яго зацятае змаганне за правы беларускага, літоўскага і польскага народаў у межах Расійскай імперыі і ствараемай Савецкай Расіі.

Эдвард Міхал Ян Марыя фон дэр Роп нарадзіўся 15 снежня 1851 года ў латгальскім сяле Ліксна былой Віцебскай губерні (сёння гэта Даўгаўпілскі край Латвіі). Ён быў сынам маршалка шляхты заходнекурляндскага горада Газэнпота (Айзпуце), барона Эмэрыха Юліюса фон дэр Ропа (1800-1858), сына Ёгана Фрыдрыка Адама фон дэр Ропа (1778-1856) з Мітавы (Елгавы) і Элеаноры фон Зээфэльд (1797-1848). Яго маці – Ізабэла фон Плятэр-Зыбэрг (1809-1888), дачка Міхала фон Плятара (1777-1862) і Ізабэлі Гелены фон Зыбэрг цу Вішлінг.

Здавалася б, чыстакроўны немец. Адкуль у яго такая цікавасць да абшараў былога Вялікага княства Літоўскага і народаў яго насяляючых: беларусаў, літоўцаў і палякаў? Але не ўсё так проста.

ропы
Герб Ропаў

Па бацькоўскай лініі будучы біскуп быў тыповым прадстаўніком курляндскага дваранства. За даўгую гісторыю свайго знаходжання ў Прыбалтыцы Ропы парадніліся са шматлікімі мясцовымі родамі, такімі як Зээфэльды, Кэйзэрлінгкы, Остэн-Сакены, Нольдэ, Корфы, Унгерны, Плетэнбергі,  Тызэнгаўзэны, Флемінгі, Уекскюлі,Лівэны і іншыя.

Адзін з яго продкаў – Мікалай ІІ фон Корф аўф Прэкульн (1555-1618) атрымаў за свае баявыя заслугі ад вялікага князя літоўскага Стафана Баторыя замак Кройцбург (цяпер Екабпілс).  Яго сын Мікалай ІІІ Корф (1585-1659) быў паслом Рэчы Паспалітай у Даніі і ваяводам вэндэнскім з 1643 года.

Сярод яго продкаў былі не толькі нямецкія каланізатары Балтыі, але і мясцовая знаць: полацкі васал, князь Герцыкскі Усевалад (?-1225), літоўская князёўна Даўгерутэ, князь ліваў Каўпа з Турайды (?-1217) і іншыя.

Роданачальнікам жа ўласна роду фон дэр Роп лічыцца Тэадорых з Ропы – нямецкі крыжак, родны брат брат заснавальніка Рыгі і ордэна Мечаносцаў біскупа Альберта Буксгеўдэна (1165-1229) з нямецкай Саксоніі. Сваё прозвішча ён атрымаў ад вёскі Страўпэ ў цэнтральнай Латвіі, назва якой перакладаецца з інфлянцкай як “цякучая вада”. Яго жонкай была дачка пскоўскага князя Уладзіміра Мсціславіча (? –пасля 1226), сына смаленскага князя.

Доўгі  час Ропы валодалі землямі вакол Дорпата (Тарту ў Эстоніі). Адзін з іх – Ёган Ропэ – нават быў у 1499-1505 гадах дорпацкім біскупам. З часам Рэфармацыі многія Ропы перайшлі на пратэстантызм, але ж некаторыя з тых, хто апынуўся на землях Рэчы Паспалітай у Курляндыі захавалі каталіцкую веру.

эмілія
Эмілія Плятэр

Аднак найбольшы ўплыў на будучага біскупа з прычыны ранняй смерці бацькі аказалі не Ропы, а сям’я яго маці – графіні Ізабэлы фон Плятэр-Зыбэрг, род якой быў моцна звязаны з ВКЛ. Яе бацька Міхал Плятэр (1777-1862), які праз шлюб з апошняй прадстаўніцай баронскага роду Зыбергаў займеў двайное прозвішча Плятэр-Зіберг, быў віленскім віцэ-губернатарам. Менавіта ён у сваім маёнтку ў Ліксне недалёка ад сучаснай беларуска-латвійскай мяжы – тым самым, дзе нарадзіўся Эдвард Роп – выхоўваў сваю пляменніцу Эмілію Плятэр (1806-1831), збіральніцу беларускага і літоўскага фальклору, удзельніцу паўстання 1831 года, больш вядомую як “беларуская Жанна д’Арк”.

Міхал Плятэр быў сынам апошняга падканцлера ВКЛ з 1793 года, кашталяна троцкага ў 1790-1793 гадах Казіміра Канстанціна Плятэра (1749-1807). Яго бацькі – ваявода мсціслаўскі ў 1758-1770 гадах і кашталян троцкі з 1770-га Канстанцін Людвік Плятэр (1722-1778) і Аўгуста Агінская (1724-1791), дачка ваяводы троцкага Юзафа Тадэвуша Агінскага (1700-1736) і сястра гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Агінскага (1730-1800). Што значыць для гісторыі і культуры Беларусі прозвішча Агінскі, тлумачыць не трэба. Пры гэтым праз Агінскіх Эдвард Роп быў нашчадкам Вішнявецкіх, Палубінскіх, Тышкевічаў, Нарушэвічаў і іншых, а значыць і прэтэндаваў на паходжанне ад Гедыміна і Рурыка.

Бацька і дзед Канстанціна Людвіка – адпаведна Ян Людвік (?-1736) і Ян Андрэй (1626-1696) – былі ваяводамі інфлянцкімі. Прадзед – Готард Ян – вызначыўся ў войнах з Расіяй 1632-1634 і 1654-1667 гадоў.

Дарэчы, з роду Плятэраў у вызвольным руху ўдзельнічалі і многія іншыя прадстаўнікі, не толькі ўзгаданая Эмілія. У паўстанні 1794 года змагаўся Людвік Аўгуст Плятэр (1775-1846), 1831-га – Люцыян Станіслаў Плятэр (1808-1857), 1863-га – Лявон Плятэр (1836-1863), які першым распачаў паўстанне на Віцебшчыне і за гэта быў расстраляны ў Дынабургу (Даўгаўпілсе).

плятэр-зіберк
Герб Плятэр-Зібергаў

Паходзіць жа род Плятэраў з нямецкай Вестфаліі, адкуль у XV стагоддзі з’явіўся ў Інфлянтах. Многія прадстаўнікі былі рыцарамі Тэўтонскага роду і ўдзельнічалі, у тым ліку, і ў паходах супраць ВКЛ.

Прыкладна ў адзін час з Плятэрамі перасяліліся ў Інфлянты і Зыбэргі. Яны таксама паходзілі з Вестфаліі. З гэтага роду прапрадзед Эдварда Ропа Язафат Зыберг быў ваяводам інфлянцкім у 1769-1775 гадах, а прадзед – Ян Тадэвуш Зыберг – ваяводам інфлянцкім у 1775-1778 гадах і берасцейскім ў 1778-1795 гадах.

Так што, нягледзячы на сваё пераважна нямецкае паходжанне, біскуп, барон Эдвард Міхал Ян Марыя фон дэр Роп быў у большай ступені літвінам, які, маючы карані з розных абшараў Рэчы Паспалітай, клапаціўся пра ўсіх сваіх вернікаў незалежна ад этнічнага паходжання.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар МТС: +37529 566 45 53. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі