БХД і ЛДП прапануюць меры па барацьбе з алкагалізацыяй

алкагольЛіберальна-дэмакратычная партыя Беларусі адправіла ў Мінгарвыканкам і Савет Міністраў свае прапановы па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва. Так, ЛДП прапаноўвае ўзмацніць адказнасць за рэалізацыю непаўналетнім спіртных напояў, прадугледзеўшы павелічэнне штрафаў у 10 разоў, у выпадку паўторнага правапарушэння – пазбаўляць права продажу спіртных напояў.

Таксама прапануецца прадаваць спіртныя напоі толькі ў спецыялізаваных крамах, а да іх адкрыцця – у спецыялізаваных аддзелах, ізаляваных ад іншых тавараў з рэальным абмежаваннем доступу туды непаўналетніх. Акрамя таго, ЛДП выступае за абмежаванне продажу спіртных напояў у начны час. Адкрыццё начных крамаў, лічаць у партыі, трэба вырашаць толькі без права гандлю спіртнымі напоямі, асабліва таннымі. Пры гэтым неабходна забараніць адкрыццё падобных крам у жылых дамах, паведамілі 16 снежня ў прэс-службе ЛДП.

Акрамя таго, ліберал-дэмакраты заклікаюць канчаткова забараніць прамую або ўскосную рэкламу спіртных напояў у любым выглядзе, а таксама продаж энергетычных напояў непаўналетнім.

БХД: забароны і прафілактыка

Падрыхтаваны новыя прапановы і аргкамітэтам па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», які займаецца актыўна барацьбой з алкагалізацыяй насельніцтва з лютага 2014 года, сабраўшы пад адпаведнымі зваротамі каля 20 тыс. подпісаў грамадзян. Каардынатар кампаніі “Абаронім нашых дзяцей ад алкаголю» Вольга Кавалькова распавяла КРЫНІЦА.INFO, што прапановы БХД можна падзяліць на дзве групы: забаронныя і прафілактычныя.

Так, прапануецца дазволіць продаж алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва (далей – алкаголю) толькі з 11.00 да 22.00; дазволіць продаж алкаголю толькі ў спецыялізаваных крамах ці аддзелах крамаў, якія маюць асобны ўваход; дазволіць продаж і ўжыванне ў дазволеных месцах алкагольнай прадукцыі толькі асобам, якія дасягнулі 21 года, слабаалкагольных напояў, піва і энергетычных напояў з 18 гадоў; ўвесці заканадаўчы абавязак прад’яўлення дакумента, які сведчыць асобу (пашпарт і пасведчанне кіроўцы) пры куплі алкаголю да 25 гадоў.

Сярод прапаноў БХД таксама забараніць рэкламу алкаголю ўнутры памяшканняў крамаў, кафэ, рэстаранаў і г.д.; забараніць рэкламу любой прадукцыі гандлёвых брэндаў і фірмаў, якія маюць дачыненне да вырабу альбо рэалізацыі алкагольнай прадукцыі; забараніць рэкламу піва па ТБ. Таксама плануецца забараніць у перыяд галасавання продаж алкаголю ў будынках, у якіх размяшчаюцца выбарчыя камісіі, і на адлегласці 500 метраў ад іх; дазволіць продаж алкаголю ў рэстаранах, кафэ і да т.п., толькі пры наяўнасці магчымасці зрабіць заказ ежы з меню; за парушэнне правілаў гандлю, якое выказалася ў продажы алкголя непаўналетнім, увесці прыпыненне дзеяння ліцэнзіі на раздробны гандаль алкагольнай прадукцыяй на тэрмін ад 1 да 3 месяцаў.

У рамках прафілактычных мерапрыемстваў хрысціянскія дэмакраты лічаць неабходным выдзяляць на ільготных умовах памяшканні для працы цэнтраў і арганізацый (групах Ананімных Алкаголікаў і да т.п.), якія аказваюць бязвыплатную дапамогу людзям з алкагольнай залежнасцю і іх сем’ям; абавязаць вытворцаў алкагольнай прадукцыі пералічваць частку прыбытку ад яе рэалізацыі цэнтрам, якія займаюцца дапамогай і рэабілітацыяй людзей з алкагольнай залежнасцю; за кошт падаткаў ад рэалізацыі алкагольнай прадукцыі ствараць вонкавую і відэа сацыяльную рэкламу пра здаровы лад жыцця і магчымых варыянтах правядзення вольнага часу, які замяняе ўжыванне алкаголю, а таксама распаўсюджваць у СМІ інфармацыю пра цэнтры, якія займаюцца дапамогай алкаголезалежны людзям.

Акрамя таго, прапануецца ліквідаваць ЛПП, як сістэму неэфектыўнай, рэпрэсіўнай і карнай практыкі, прыніжаючай годнасць асобы, і фармаваць дзяржаўную палітыку па барацьбе з алкагалізацыяй насельніцтва, грунтуючыся на тым, што алкагалізм – гэта захворванне.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі