Святар БАПЦ: пры Пуціне праваслаўную Беларусь не выпусцяць з-пад Масквы

АкаловічСвятар непрызнанай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Леанід Акаловіч мяркуе, што ў афіцыйнай Беларускай Праваслаўнай Царквы мала шанцаў таго, што ідэя яе самакіравання стане рэальнасцю.

«Яны ўздымаюць пытанне, бо, пэўна, бачаць, што ва Украіне лёс Расейскай Праваслаўнай Царквы можа быць вырашаны не на карысць Масквы. І, каб пазбегнуць тут беларускай аўтакефаліі, беларускай нацыянальнай думкі і духоўнасці ў царкве — даць, нібыта, такую аўтаномію. Я думаю, што гэта хітры ход Расейскай Праваслаўнай Царквы, каб трымаць нас, беларусаў, „у аглоблях“. Таму ён і гуляецца з беларускімі святарамі. Пры Пуцінe яны не выпусцяць Беларусь праваслаўную з-пад Масквы», – адзначыў ён у каментары Радыё Свабода.

Сумняецца ў лёгкім атрыманні БПЦ самакіравання і ўдзельнік сходу епархій Мінскай мітраполіі, на якім быў агучаны намер дамагацца самакіравання Беларускай Праваслаўнай Царквы, праваслаўны святар з Мінску Аляксандр Шрамко. “Я думаю, што будуць пэўныя складанасці. У патрыярха Кірыла ёсць тэндэнцыя большай цэнтралізацыі. Але можа ў гэтым выпадку ён зразумее, што самакіраванасць БПЦ будзе лепш”, – адзначыў ён, паведамляе “Наша Ніва”.

Паводле яго, у самакіраванасці БПЦ зацікаўлены не толькі мітрапаліт Павел, але і кіраўніцтва Беларусі. “Павел сказаў, што такое жаданне жыве ў святароў, міран і дзяржаўных структурах. Можа, і сам, канечне, Павел за самакіраванасць, але гэта далёка не толькі яго ідэя”, – падкрэсліў святар.

Як паведамляла Крыніца, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел будзе дамагацца самакіравання для БПЦ па прыкладзе Цэркваў Латвіі і Эстоніі. Пра гэта ён заявіў 16 снежня на агульным сходзе епархій Мінскай мітраполіі. Між тым эксперт ініцыятывы «За свабоднае веравызнанне» Наталля Васілевіч лічыць, што, атрымаўшы вялікую самастойнасць ад Масквы, БПЦ рызыкуе трапіць у яшчэ большую залежнасць ад беларускага рэжыму.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі