Больш за 1000 маладых людзей з Беларусі прымуць удзел у спатканні Тэзэ ў Празе

тэзе“Стаць соллю зямлі” – так гучыць тэма спаткання, якое пройдзе ў Празе з 29 снежня па 2 студзеня на мяжы 2014 і 2015 гадоў, паміж святкаваннем Раства ў заходняй і ўсходняй традыцыі хрысціянства.

У 37-ым Еўрапейскім спатканні моладзі ў Празе, арганізаваным супольнасцю з Тэзэ, прымуць удзел больш за  30 тысяч маладых людзей ва ўзросце 17-35 год з 65 краін свету, якія хочуць пачаць новы год у духу малітвы, абмену досведам і салідарнасці; сярод іх чакаецца больш за тысячу пілігрымаў з Беларусі. Амаль 2 тысячы ўдзельнікаў будуць дапамагаць у арганізацыі сустрэчы як валанцёры і прыедуць на 2 дні раней – 27 снежня.

Месца абрана для сустрэчы невыпадкова – Прага, горад на мяжы заходняй і усходняй Еўропы, з’яўляецца сімвалам прымірэння Усходу і Захаду.  Раней у Празе ўжо праходзіла спатканне Тэзэ ў 1990 годзе, і зараз вяртаецца сюда праз 24 гады. Штодзённыя малітвы будуць арганізаваныя у 17 пражскіх цэрквах, а таксама 5 залах малітвы ў выставачным комплексе  Letňany, у тым ліку ў намёце, дзе змогуць змясціцца 4500 ўдзельнікаў – яго прыйшлося дабудаваць з-за вялікай колькасці жадаючых прыняць удзел у пілігрымцы даверу.

Падчас рэгістрацыі кожны ўдзельнік атрымае чатыры “Прапановы на 2015 год”, а падчас вечаровых малітваў брат Алоіс прачытае малітвы-разважанні. У вечаровай малітве 1 студзеня ў кафедральным саборы Прагі чакаецца ўдзел 14 прадстаўнікоў савету чэшскіх цэркваў, сустрэчу плануе трансляваць Чэшскае тэлебачанне. Тэксты прапановаў, а таксама разважанні брата Алоіса, вітанні кіраўнікоў цэркваў і лідараў грамадзянскай супольнасцяў будуць таксама  публікавацца  на старонцы Тэзэ пачынаючы з 26 снежня. Свае пасланні да ўдзельнікаў скіруюць між іншых Папа Францішак, Патрыярхі Усходніх цэркваў, лідары Англіканскай, Лютэранскай і Рэфрамісцкай цэркваў, генеральны сакратар ААН і прэзідэнт Рады Еўропы.

Сустрэча па традыцыі будзе праходзіць у духу паломніцтва. Удзельнікаў прымуць сем’і у больш як 150 парафіях усіх хрысціянскіх канфесій у Празе і наваколлі. Пілігрымы даверу змогуць бліжэй пазнаёміцца з чэшскай культурай і хрысціянскімі традыцыямі: удзельнікаў сустрэчы прымуць у сваіх дамах мясцовая сем’і і супольнасці. Падчас ранішніх малітваў у парафіях, сустрэчаў у малых групах і супольнага святкавання Новага году ўдзельнікі змогуць бліжэй пазнаёміцца паміж сабой і з супольнасцю прымаючай парафіі, падзяліцца радасцю і святлом Хрыста.

У год, калі Еўропа адзначыла дату канца першай сусветнай вайны, на фоне ваеннага канфлікту паміж Украінай і Расіяй, пасля Еўрапейскіх выбараў, сустрэча асаблівым чынам будзе прысвечаная тэме міру і прымірэння. Арганізатары адзначаюць, у святле бягучых абставін удзел у сустрэчы больш як 2600 украінцаў, 1000 беларусаў і 500 ўдзельнікаў з Расіі мае асаблівае значэнне. Удзельнікам сустрэчы прапануюць больш за 30 тэмаў для разважанняў, якія яны змогуць абмеркаваць падчас майстаркласаў 30 і 31 снежня.

2015 год – асаблівы для супольнасці з Тэзэ: у 2015 супольнасць адзначае 75-годзе заснавання, 100-годдзе з дня нараджэння яе заснавальніка брата Роджэра, а таксама 10 гадавіну яго адыходу ў вечнасуць. З гэтай нагоды супольнасць арганізуе шэраг мерапрыемстваў у вёсцы Тэзэ і на ўсіх кантынетах. Кульмінацыяй святкаванняў стане сустрэча “Да новай салідарнасці” 9-16 жніўня 2015 года ў Тэзэ, чакаецца што ў ёй прымуць удзел некалькі сотняў тысяч маладых людзей з усяго свету,  а сустрэча стане завяршэннем трохгадовай пілігрымкі, якая была падрыхтоўкай да гэтай сустрэчы і прайшла праз усе кантыненты.

Тэзэ – экуменічная і міжнацыянальная супольнасць, якая знаходзіцца ў аднайменнай французскай вёсцы Taize. Cупольнасць Тэзэ ствараюць 100 братоў, якія паходзяць з розных краін і канфесій, а таксама сотні тысяч маладых хрысціянаў, якія наведваюць вёску і сустрэчы на ўсіх кантынентах штогод.

Шаноўныя чытачы! Krynica.info з’яўляецца валанцёрскім праектам. Нашы журналісты не атрымліваюць заробкаў. Разам з тым праца сайту патрабуе розных выдаткаў: аплата дамену, хостынгу, тэлефонных званкоў і іншага. Таму будзем радыя, калі Вы знойдзеце магчымасць ахвяраваць сродкі на дзейнасць хрысціянскага інфармацыйнага парталу. Пералічыць сродкі можна на тэлефонны нумар Velcom: +375 29 6011791. Па магчымых пытаннях звяртайцеся на krynica.editor@gmail.com




Блогі